Расія – Украіна: праходзіць абмен зняволенымі
У офісе прэзідэнта Украіны паведамілі, што працэс абмену з Расіяй зняволенымі асобамі працягваецца. Пра гэта гаворыцца ў паведамленні на старонцы ў Facebook.
“Працэс узаемнага вызвалення ўтрымліваемых асоб працягваецца. Інфармацыя пра яго завяршэнне не адпавядае сапраўднасці”, — адзначылі ў прэс-службе. Сітуацыю вакол абмену назвалі інфармацыйным хаосам, паведамляе "Радыё Рацыя".
Пазней на сайце “Громадське” з’явіліся і афіцыйныя заявы ўкраінскіх уладаў.
Офіс украінскага прэзідэнта заявіў, што працэс абмену зняволенымі працягваецца, інфармацыя пра яго заканчэнне не адпавядае рэчаіснасці. "Упершыню мы бачым інфармацыйны хаос, выкліканы спасылкамі на непацверджаную інфармацыю і шматлікія "крыніцы". Мы заклікаем зразумець наступствы дэзінфармацыі: гэта гульня з эмоцыямі грамадства. Калі ўзаемнае вызваленне затрыманых завершыцца, Офіс прэзідэнта будзе інфармаваць па афіцыйных каналах", — адзначыў Уладзімір Зяленскі.
Тое ж заявілі і ў Службе бяспекі Украіны: «Складаны працэс перамоў па абмене закладнікаў працягваецца. Пацярпіце, спадзяюся, нядоўга. Не распаўсюджвайце неправераную інфармацыю. Мы трымаем кулакі!» — напісала прэс-сакратар СБУ Алена Гітлянская.
Новы генеральны пракурор Украіны Руслан Рабашапка ў сваім фэсбуку паведаміў, што зняволеныя ў Расіі маракі вызвалены, адзначае Радыё Рацыя. Гутарка ідзе пра 24 украінскіх маракоў, якія гвалтоўна былі захопленыя спецслужбамі пад выглядам расійскіх памежнікаў пасля збройнага нападу ў Керчанскім праліве 25 лістапада 2018 года.
Пазней сваякі маракоў нібыта паведамілі журналістам, што тыя ўжо дастаўлены ва Украіну. Самалёт прызямліўся ў Кіеве. Яшчэ пазней, аднак, гэтая інфармацыя была зняпраўджаная.
Чакаецца, што неўзабаве будуць вызвалены таксама ўкраінскі рэжысёр, палітвязень Алег Сянцоў, Уладзімір Балух, Павел Грыб, Мікалай Карпюк.
Рэжысёр Алег Сянцоў быў прыгавораны ў Расійскай Федэрацыі ажно да 20 гадоў пазбаўлення волі 25 жніўня 2015 года. Расійскі суд прызнаў яго вінаватым у стварэнні ў Крыме тэрарыстычнай групоўкі і кіраўніцтве ёй, спробе набыць выбуховыя прыстасаванні і незаконным захаванні агнястрэльнай зброі і боезапасаў, дзвюх тэрарыстычных атаках і падрыхтоўцы яшчэ аднаго тэракта. Сянцоў сваёй віны на судзе не прызнаў. 14 траўня 2018 года рэжысёр абвесціў бестэрміновую галадоўку ў калоніі горада Лабытнангі. Ён патрабаваў вызваліць 64 украінскіх палітзняволеных, але сябе ў гэты спіс не ўключыў. Галадоўку Сянцоў спыніў у крытычным стане 6 кастрычніка 2018 года пад пагрозай катавальнага гвалтоўнага кармлення.
Што датычыць Паўла Грыба, то гэты грамадзянін Украіны, быў выкрадзены 24 жніўня 2017 года ў Беларусі ў Гомелі і затрыманы расійскімі ўладамі без якіх-небудзь дакладных абвінавачванняў. Пра знікненне на тэрыторыі Беларусі Паўла Грыба заявіў 28 жніўня 2017 года яго бацька, чалец грамадскага савета Дзяржпагранслужбы Украіны Ігар Грыб. Павел Грыб адправіўся ў Гомель на сустрэчу з дзяўчынай Таццянай Яршовай, з якой пазнаёміўся і меў зносіны толькі ў сацсетках. Дзяўчына нібыта павінна была прыехаць на сустрэчу з Расіі. Малады чалавек планаваў вярнуцца ў той жа дзень. Калі гэтага не адбылося, бацька выехаў на яго пошукі ў Гомель, дзе высветліў, што сын знаходзіцца ў вышуку па арт. 205 Крымінальнага кодэкса Расіі (тэрарыстычны акт), а ініцыятарам вышуку з’яўляецца ФСБ РФ па Краснадарскім краі (Сочы). Яршова пазней прызналася журналістам, што сустрэча была ініцыяваная ФСБ.
Уладзімір Балух і Мікалай Карпюк былі затрыманыя ФСБ. Мікалай Карпюк яшчэ ў 2014 годзе, яго звінавацілі ў злачынствах супраць расійскіх войскаў у час першай вайны ў Чачні. Афіцыйнага пацверджання пра вызваленне згаданых асоб пакуль няма, адзначае Беларускае Радыё Рацыя
Паводле Беларускае Радыё Рацыя, Громадське