Футболу не будзе?

3–4 сакавіка ў Варшаве адбылася канферэнцыя УЕФА, у кулуарах якой шапталіся пра тое, што ў палякаў і ўкраінцаў забяруць права праводзіць чэмпіянат Еўра–2012.   Фармальна канферэнцыя была прысвечана праблеме праяваў расізму на стадыёнах. Дзякуючы гэтаму для журналістаў і грамадзянскіх актывістаў, якія працуюць у гэтай сферы, была выдзеленая спецыяльная квота. Скарыстаўшыся гэтай квотай, можна было зазірнуць у самае святое міжнароднага футбольнага апарату.  



918317b57931b6b7a7d29490fe5ec9f9.jpg

3–4 сакавіка ў Варшаве адбылася канферэнцыя УЕФА, у кулуарах якой шапталіся пра тое, што ў палякаў і ўкраінцаў забяруць права праводзіць чэмпіянат Еўра–2012.

Фармальна канферэнцыя была прысвечана праблеме праяваў расізму на стадыёнах. Дзякуючы гэтаму для журналістаў і грамадзянскіх актывістаў, якія працуюць у гэтай сферы, была выдзеленая спецыяльная квота. Скарыстаўшыся гэтай квотай, можна было зазірнуць у самае святое міжнароднага футбольнага апарату.

Еўрапейскія футбольныя чыноўнікі — вельмі цікавыя людзі. Напрыклад, нягледзячы на свой салідны ўзрост, яны як дзеці радуюцца футбольным сувенірам кшталту вымпелаў, календароў, значкаў і г.д. А яшчэ еўрапейскія футбольныя чыноўнікі дзеляцца на дзве катэгорыі: еўрапейскія і ўсходнееўрапейскія. Першыя яшчэ неяк намагаюцца пасаваць крытэрыям здаровага ладу жыцця, які быццам прапагандуе УЕФА. Яны падцягнутыя і дынамічныя. Выхадцы з былога ўсходняга блоку нагадваюць бюракрата Агурцова са стужкі «Карнавальная ноч» — мажныя, апранутыя ў гарнітуры мышынага колеру, з дзіўнай традыцыяй абдымацца пры сустрэчах. Дарэчы, на канферэнцыі прысутнічаў дэлегат Еўрапейскай футбольнай лігі геяў і лесбіянак, аднак спартовыя функцыянеры чамусьці не дарылі яму свае пацалункі і абдымкі.

Пасля абдымкаў чыноўнікі звычайна разыходзіліся: заходнікі — за свае сталы, усходнія еўрапейцы — за свае. Падсеўшы да братоў-славян, можна было пачуць шмат чаго цікавага. Напрыклад, пра стан падрыхтоўкі Украіны і Польшчы да чэмпіянату Еўропы 2012 года.

Права праводзіць турнір Кіеў і Варшава, нагадаю, атрымалі ў 2006 годзе. Пры гэтым нават Мішэль Плаціні — кіраўнік УЕФА — не хаваў, што ні першая, ні другая краіна не былі на той момант гатовыя да правядзення мерапрыемства. Права праводзіць турнір называлі «дапамогай у развіцці».

Прайшло амаль тры гады. Яшчэ столькі ж засталося да чэмпіянату, аднак чым далей, тым сітуацыя ўсё больш не зразумелая і інтрыгуючая.

Чыноўнік польскай федэрацыі футбола (PZPN) скардзіцца свайму ўкраінскаму калегу: «Не паспеем, ты ж бачыў, якія ў нас дарогі». Яго суразмоўца не знаходзіць нічога лепш, чым прызнаць, што ва Украіне дарогі яшчэ горшыя. Прыкладна па такой схеме ідзе размова пра стан гатоўнасці стадыёнаў у гарадах, якія будуць прымаць гульні. З чатырох стадыёнаў пакуль не гатовы ніводны. Сярод праектаў, дарэчы, і стадыён, які плануецца пабудаваць на месцы вядомай кожнаму ўсходняму еўрапейцу барахолкі, якая так і называецца — «Стадыён».

Праўда, у параўнанні з Украінай сітуацыя ў Польшчы проста цудоўная. Ужо анекдатычнай стала гісторыя вакол рэканструкцыі Алімпійскага стадыёну ў Кіеве. Якраз насупраць галоўнага выхаду стаяць карпусы новага гандлёвага цэнтру, што супярэчыць усім правілам бяспекі. Некалькі разоў дэлегацыі УЕФА, якія наносілі візіт у Кіеў, патрабавалі пачаць іх дэмантаж. Украінцы кожны раз абяцалі, аднак нічога не рабілі. Закончылася эпапея вельмі празаічна. Былы ўладальнік дзялянкі прадаў яе родзічу Балогі (кіраўнік прэзідэнцкай адміністрацыі Кіева). Той, у сваю чаргу, пагадзіўся прадаць яе муніцыпалітэту за астранамічную суму.

Чым больш пазнаеш чыноўнікаў ад спорту з Усходняй Еўропы, тым больш разумееш, што УЕФА, калі прымала рашэнне пра месца правядзення Еўра–2012, не ўзяла пад увагу асаблівасці калектыўнай этыкі і псіхалогіі насельніцтва гэтага рэгіёну.

Гэту думку добра сфармуляваў адзін з сябраў PZPN, калі тлумачыў прэсе, дзе падзеліся 2,7 мільёна еўра, якія таямніча зніклі з бюджэту ягонай арганізацыі (гэты скандал у мінулую восень каштаваў старшыні федэрацыі працоўнага месца). «У Польшчы карупцыя прысутнічае не толькі ў футболе. Нават доктар кладзе частку грошай за аперацыю сабе ў кішэню. Аднак мы не звальняем міністра аховы здароўя», — сказаў чыноўнік.

Як не парадаксальна гучыць, адзінае, што можа выратаваць Еўра–2012, гэта цяперашні эканамічны крызіс. З-за стагнацыі гаспадаркі з Захаду на радзіму вяртаюцца палякі — працоўныя эмігранты. Падобны працэс адбываецца і ва Украіне. Беспрацоўе мусіць штурхаць людзей ісці нават на такія не вельмі прэстыжныя прафесіі, як будаўнік на стадыёнах або пракладчык аўтатрас да спартовых аб’ектаў. Аднак тут таксама патрэбная воля кіраўнікоў краін.

Не будзем забываць таксама, што тэма Еўра–2012 звязаная ў Польшчы і Украіне з вялікай палітыкай. Калі партыі, якія цяпер знаходзяцца пры ўладзе, не забяспечаць людзям вялікі футбол, іх адразу чакае палітычная смерць.

Так ці інакш, немцы ўжо пачалі разглядаць план выратавання Еўра–2012. Калі Варшава і Кіеў не дадуць рады, Берлін, Дрэздэн, Лейпцыг і іншыя гарады ФРГ гатовыя будуць прыняць турнір. Відавочна, што гэта будзе катастрофа не толькі для Кіева і Варшавы, аднак і для ўсёй Усходняй Еўропы, уключаючы Беларусь. Факт адсутнасці візавага рэжыму з Украінай, адносная геаграфічная блізасць Львова, Харкава і Кіева садзейнічалі б масавым выездам грамадзян РБ на Еўра–2012. Наступствам выбуху цікавасці да футболу звычайна становіцца прыход у спорт моладзі, інвестыцыі ў інфраструктуру.

Зрэшты, каму як. Мая знаёмая варшавянка, пачуўшы пра праблемы Еўра–2012, вельмі ўзрадавалася. Цяпер не трэба будзе бегчы з гораду, які ў выпадку правядзення чэмпіянату абавязкова акупуюць натоўпы п’яных і хуліганістых фанатаў.