«Галадранцы з ядзернай дубінкай»

Цяперашняе супрацьстаянне ЗША і КНДР нагадала гісторыкам 1960-я гады, калі Кітай нечакана абвясціў пра наяўнасць ядзернай зброі і гатоўнасць ужыць яе супраць Злучаных Штатаў.

1452605774257444767.jpg

У савецкія часы быў папулярны анекдот пра тое, як кітайцы прымітыўнымі сродкамі тэстуюць ядзерную бомбу. Аўтары жартаў недалёка адышлі ад рэальнасці. Вядома, што на кітайскім ядзерным палігоне вывучалі ўплыў радыяцыі на чалавека: як толькі адбыўся выбух, вырашылі адправіць у эпіцэнтр атрад вершнікаў.

Так ці інакш, аднойчы прэм’ер Дзяржсавета КНР Чжоў Эньлай нечакана выйшаў на сцэну опернага тэатра, перарваўшы імпрэзу, і ад імя Маа паведаміў, што кітайская атамная бомба паспяхова выбухнула. Пасля паведамлення дзясяткі тысяч прысутных заспявалі: «Чырванее Усход, узышло Сонца! Кітай спарадзіў Маа Цзэдуна! Ён працуе дзеля шчасця народа. Ён — зорка, якая ратуе народ».

Няма сумневаў, што апісаная сцэна ў Пекінскай оперы прымусіла тагачасных рэзідэнтаў Белага дома актыўна глытаць валідол. Паўночнакарэйскі дыктатар Кім Чэн Ын выглядае на фоне Маа калібру 1960-х гадоў херувімам. Маа, атрымаўшы бомбу, дазваляў сабе, напрыклад, такія перлы: «Я не баюся ядзернай вайны. У свеце налічваецца 2,7 мільярда чалавек; не мае значэння, што некаторыя будуць забітыя».

Пра рашучасць Пекіна сведчыў і каштарыс вырабу бомбы. Паводле падлікаў заходніх спецыялістаў, яна абышлася Кітаю ў 4,1 мільярда долараў па курсе 1956 года. Гэтай сумы ў цвёрдай валюце хапіла б, каб набыць зерне ў колькасці, дастатковай для забеспячэння лішнімі 300 калорыямі ў дзень кожнага кітайца на працягу двух гадоў, то бок можна было б выратаваць жыцці кожнага з прыкладна 38 мільёнаў чалавек, якія тады памерлі ад голаду. Атамная бомба Маа забрала ў 100 разоў больш жыццяў, чым абедзве атамныя бомбы, скінутыя амерыканцамі на Японію.

Зараз ужо вядома, што за ваяўнічай рыторыкай Маа хутчэй стаяла бравада, аднак тады пра гэта мала хто ведаў. У рапарце 1960 года амерыканскія эксперты пісалі, што «рэвалюцыйная істэрыя ў КНР перайшла межы жаху перад ядзерным ударам». У дадатак, на той час Кітай быў практычна ізаляваны, Пекінам ігнараваліся ўсе «буржуазныя» міжнародныя структуры — ад Міжнароднага алімпійскага камітэта да ААН (там месца Кітая займаў Тайвань).

yadernoe_oruzhie_kitaya.jpg


Трэба таксама ўлічыць тагачасную ўнутрыпалітычную сітуацыю ў КНР, дзе Маа ў межах апаратных войнаў спусціў на апанентаў хунвейбінаў. Краіна пагрузілася ў хаос культурнай рэвалюцыі, наступствы якой цяжка было пралічыць.

Не дзіўна, што заходняя прэса рэагавала на навіны з Пекіну апакаліптычнымі загалоўкамі накшталт: «У галадранцаў з’явілася ядзерная дубінка». Прадстаўнікам адміністрацыі Кенэдзі — Джонсана давялося супакойваць публіку і амерыканскіх саюзнікаў у рэгіёне. Сцвярджалася, што ядзерны арсенал Маа занадта сціплы. Аднак на самай справе амерыканцы былі вельмі занепакоеныя. Не выключалася версія, што кітайская бомба можа быць ужытая ў паўднёвым В’етнаме, дзе амерыканцы змагаліся з партызанамі Хо Шы Міна.

Як следства, Вашынгтон вырашыў дзейнічаць. Прапаноўваліся самыя неверагодныя планы — кшталту дэсанту тайваньскага спецназу, які павінен быў знішчыць атамныя цэнтры КНР. Адначасова амерыканская дыпламатыя пайшла на самыя беспрэцэдэнтныя крокі — пачала кансультацыі з Масквой, ворагам нумар адзін, наконт сумеснай вайсковай аперацыі супраць Пекіна.

Дарэчы, у Маскве таксама панікавалі. Па-першае, пакуль Хрушчоў і Маа не пасварыліся, СССР моцна дапамагаў кітайскай ядзернай праграме. У Кітаі прысутнічала да 12 тысяч спецыялістаў, якія пасля з’ехалі з краіны. Тое, што Кітай давёў да канца справу без савецкіх кансультантаў, было непрыемным сюрпрызам для Крамля.

Па-другое, лічылася, што без ядзернага фугасу Маа не рызыкнуў бы на вайсковыя правакацыі на востраве Даманскі. У адказ СССР давялося тэрмінова ствараць магутную ваенную групоўку і інфраструктуру ў Забайкаллі і на Далёкім Усхо­дзе, каб супрацьстаяць новаму патэнцыйнаму ворагу.

Аднак у выніку амерыканцы абышліся без Масквы, вырашыўшы дзейнічаць мяккімі сродкамі. Адразу пасля навіны пра выпрабаванне кітайскай бомбы былі ўведзеныя камерцыйныя санкцыі супраць Пекіна, а таксама ўзмоцненыя захады наконт магчымай перадачы КНР атамных тэхналогій. У выніку падобная стратэгія, заснаваная на цярпенні і гарантыях саюзнікаў, прыцягнула Пекін за стол перамоваў. Пры Ніксане КНР пачаў шукаць кантакты з Вашынгтонам і паступова вярнуўся ў міжнародныя структуры. Больш таго, Маа стаў ледзь не саюзнікам ЗША ў супрацьстаянні з СССР.

depositphotos_89917164_stock_illustration_war_modern_warfare_nuclear_bomb_1.jpg


Як бачым, паспяховы рэцэпт, як паводзіць сябе з неадэкватным рэжымам — уладальнікам атамнай бомбы, існуе. Аднак тут паўстае іншае пытанне: ці маюць цяперашнія кіраўнікі Белага дому якасці Кенэдзі і Джонсана? Ці здольныя яны не паддацца на шантаж Пхеньяна, каб дасягнуць перамогі за кошт дыпламатыі?