Гістарычны поспех сепаратыстаў

 Левая кааліцыя баскскіх сепаратыстаў, гістарычна звязаная з палітычным крылом тэрарыстычнай групоўкі ЕТА, амаль дабілася перамогі на рэгіянальных выбарах.

На выбарчым участку ў Краіне Баскаў. Фота: Inaki Berasaluce / EUROPA PRESS / dpa / picture alliance

На выбарчым участку ў Краіне Баскаў. Фота: Inaki Berasaluce / EUROPA PRESS / dpa / picture alliance

«Гэта пачатак новага палітычнага цыклу», — такімі словамі пракаментаваў Пэла Ахандыяна (Pello Otxandiano), галоўны кандыдат сепаратысцкай партыі EH-Bildu, вынікі галасавання 21 красавіка, калі баскі выбіралі свой парламент.

Падставы для такіх амбіцыйных дэкларацый, напэўна, ёсць. Упершыню ў гісторыі abertzale («суверэнныя левыя» — так называюць прыхільнікаў EH-Bildu) набралі столькі ж мандатаў (27), колькі і кансерватары з Баскскай Нацыяналістычнай партыі, якая руліць аўтаноміяй з часу першых выбараў пасля Франка ў 1980 годзе, за выключэннем кароткага перыяду з 2009 да 2012 года. Больш за тое, напярэдадні выбараў некаторыя эксперты наогул прагназавалі перамогу EH-Bildu.

EH Bildu была сфарміравана ў 2011 годзе як кааліцыя abertzale і мясцовых эсдэкаў. Аднак вытокі фармавання трэба шукаць у часы дыктатуры Франка, калі група маладых баскскіх левых нацыяналістаў пачала «партызанку» ў рамках створанай імі групоўкі ЕТА.

ЕТА вяла ўзброеную барацьбу за незалежнасць баскаў і пасля падзення дыктатуры. Так, у 1987 годзе ў выніку выбуху супермаркета ў Барселоне загінуў 21 мірны жыхар.

Іспанская дзяржава змушаная было ўступіць у сутычку з радыкальнымі сепаратыстамі. Прычым, у выбары сродкаў у Мадрыдзе асабліва таксама не цырымоніліся. Для вядзення «бруднай вайны» супраць ЕТА былі створаны таемныя «эскадроны смерці» — «Антытэрарыстычныя групы вызвалення» (GAL). Паводле аднаго з даследаванняз, колькасць баскаў, якія падвергліся катаванням з боку GAL, у тым ліку тых, хто не меў ніякага дачынення да ETA, складае прыкладна 4000 чалавек. Хаця афіцыйных даных на гэты конт няма.

Глядзіце таксама

У любым выпадку, з часам ідэі тэрарызму страцілі папулярнасць у баскскім грамадстве. ЕТА склала зброю ў 2011 годзе і афіцыйна была распушчана ў 2018-м. Вядучыя дзеячы EH Bildu, у першую чаргу генеральны сакратар Арнальда Атэгі, адыгралі ключавую ролю ў перамовах аб яе роспуску. 

Атэгі, які, дарэчы, адседзеў шэсць гадоў, мае каласальны аўтарытэт, але выбарчы спіс ён не ўзначаліў. У якасці вядучага кандыдата EH-Bildu быў абраны Пэла Ахандыяна (нар. 1983) — бо ён прадстаўляе новае пакаленне, якое нельга абвінаваціць у прыналежнасці да ЕТА. Зрэшты, ніякія саступкі, падаецца, ніколі не будуць дастатковымі для іспанскага правага істэблішменту. Адзін з лідараў правай «Народнай партыі» заявіла, што «ETA жывая і пасля 21 красавіка знаходзіцца ва ўладзе».

Істэрыя з нагоды ETA з'яўляецца часткай шырэйшай стратэгіі правых партый супраць Іспанскай Працоўнай Сацыялістычнай Партыі (PSOE), якая знаходзяцца ва ўладзе. Няёмкая рэальнасць для PSOE заключаецца ў тым, што яе кааліцыйны ўрад складае меншасць у Іспанскім Кангрэсе і выжыванне кабінета залежыць ад падтрымкі шэрагу нацыяналістычных партый, у тым ліку EH-Bildu.

У гэтым кантэксце правыя партыі і блізкія да іх сродкі масавай інфармацыі любяць разыгрываць карту ETA, каб дыскрэдытаваць сацыялістычны ўрад.

Затое сітуацыйная падтрымка іспанскага ўрада мае свае перавагі для EH Bildu. Аbertzale змаглі ўмацаваць свой аўтарытэт, дзякуючы сваёй ролі трымальнікаў залатой акцыі ў іспанскім парламенце. У абмен на падтрымку сацыялістаў EH Bildu дабілася значных паляпшэнняў, напрыклад, павышэння пенсіі на 15 працэнтаў. У прынцыпе, гэтымі поспехамі часткова і тлумачыцца фурор сепаратыстаў на выбарах 21 красавіка.

Агучваюць яшчэ адзін незвычайны фактар поспеху EH Bildu. Істэрыку вакол таго, што EH Bildu мае гістарычныя сувязі з тэрарыстамі, абсалютна ігнаруе моладзь. Маладыя людзі не памятаюць пра часы ЕТА. Затое яны, як правіла, не маюць сталай працы і не ў стане дазволіць сабе з“ехаць ад бацькоў. Як вынік, часта яны галасуюць пратэсна, за партыю, якую больш за ўсё ненавідзіць істэблішмэнт. У дадзеным выпадку гэта як раз EH Bildu.

У гэтым плане перамога EH Bildu у будучыні выглядае цалкам рэальна. А значыць Іспаніі праз нейкі час давядзецца змагацца з новым выклікам  фрагментацыі краіны.