Год афрыканскага Майдану

Пераварот у Буркіна-Фасо ёсць пралогам серыі рэвалюцый, што могуць скалануць Афрыку ўжо ў наступным годзе. Там ствараецца напружаная сітуацыя, падобная на тую, што была напярэдадні так званай «арабскай вясны»...



1415338620_burkina_faso_protest_bann_014.jpg

Масавыя вулічныя пратэсты ў Буркіна-Фасо супраць аўтарытарнага рэжыму прэзідэнта Блэза Кампаорэ, які здолеў утрымацца ва ўладзе з 1987 года, не засталіся без увагі ў суседніх краінах. Пасля таго, як «дастойныя людзі» (Буркіна-Фасо перакладаецца як «краіна дастойных людзей») зрынулі свайго прэзідэнта, лідары шматлікіх афрыканскіх дзяржаў адчуваюць сябе не вельмі ўтульна.

Паралелі з Буркіна-Фасо ўзнікаюць самі сабой. Як вядома, прычынай масавага выхаду людзей на вуліцы стаў намер Кампаорэ ў чарговы раз балатавацца ў прэзідэнты (да таго ён ужо займаў гэту пасаду 4 разы — па 7 і 10 гадоў). Паколькі канстытуцыя абмяжоўвае колькасць кадэнцый аднаго чалавека на пасадзе прэзідэнта, Кампаорэ выдумляў розныя манеўры, каб абыйсці закон, што ўрэшце і справакавала пратэст.

Між тым, па сутнасці ў кожнай краіне Афрыкі назіраецца практыка, калі ўрад намагаецца як мага даўжэй заставацца пры ўладзе, падганяючы пад свае інтарэсы нормы асноўнага закону. Такім чынам, як піша прэса, праблема павагі да канстытуцыі і закладзенага ў ёй прынцыпу ратацыі ўлады становіцца адной з самых актуальных для рэгіёну.

 Хаця на самай справе апісаная праблема вельмі старая. Практыка падгонкі асноўнага закона пад палітычную кан’юнктуру ўсталявалася на чорным кантыненце прыкладна напрыканцы 1960-х гадоў. І вельмі часта — з санкцый Захаду або СССР — геапалітычных патронаў мясцовых рэжымаў падчас халоднай вайны. Вайна завяршылася, а практыка захавалася, увайшла ў традыцыю.

Прычым сцэнарыі паўсюдна вельмі падобныя. Падчас масавых пратэстаў супраць дыктатуры палітыка А да ўлады прыходзіць палітык Б, які на хвалі народнага ўздыму ахвотна лабіруе супердэмакратычную канстытуцыю. Аднак хутка параграфы канстытуцыі пачынаюць перашкаджаць палітыку Б, і той пачынае яе рэвізію ў аўтарытарнай рэдакцыі, што паступова матывуе людзей на чарговы пратэст. І зноў гісторыя паўтараецца.

На першым месцы ў хіт-парадзе самых папулярных аўтарытарных мадыфікацый канстытуцый — штучнае павелічэнне тэрмінаў кадэнцый. На другім — выдаленне артыкулаў, якія абмяжоўваюць для канкрэтнай асобы колькасць тэрмінаў знаходжання на пасадзе прэзідэнта. На трэцім — абмежаванне за кошт канстытуцыйных паправак магчымасцей апанентаў. Звычайна прыдумляюць розныя новыя крытэрыі для кандыдатаў у прэзідэнты, якія пазбаўляюць канкрэтнага лідара апазіцыі права балатавацца.

У прынцыпе, такія фартэлі ўлады ніколі не падабаліся грамадству, аднак пасля Буркіна-Фасо тэма паправак да канстытуцыі набыла для афрыканцаў вельмі важны характар. Відавочна, што цяпер рэвізіі галоўнага заканадаўчага акту сутыкнуцца з актыўнай незадаволенасцю ў грамадстве. Як вынік, у Афрыцы ствараецца напружаная сітуацыя, падобная на тую, што была ў арабскіх краінах напярэдадні так званай «арабскай вясны», калі ўсялякая электаральная кампанія можа вырвацца за межы сцэнару, спланаванага тым ці іншым мясцовым «гарантам».

Якім краінам непасрэдна пагражае чорны Майдан? Такіх у Афрыцы нямала. Перш за ўсё, гэта краіны, дзе доўгі час пры ўладзе застаецца адна і тая ж асоба. У Зімбабве, Угандзе, Камеруне, Анголе лідары не мяняліся на працягу больш за 30 гадоў. У Гамбіі, Дэмакратычнай Рэспубліцы Конга, Алжыры ратацыі на вышэйшай уладнай пасадзе не адбывалася больш за дзве кадэнцыі. Да групы рызыкоўных краін можна аднесці таксама Тога, Эрытрэю, Нігер, дзе ўлады запусцілі механізм недэмакратычных канстытуцыйных рэформаў. Масавыя бунты чакаюцца ў краінах, дзе на бліжэйшы час запланаваныя прэзідэнцкія выбары, — Бурундзі, Руандзе, Дэмакратычнай Рэспубліцы Конга, Конга.

Падаецца, самі лідады пералічаных краін ужо хварэюць на «сіндром Буркіна-Фасо». Інакш бы афіцыйныя СМІ ў Конга і суседняй Дэмакратычнай Рэспублікі Конга не блакавалі навіны аб пратэстах «дастойных людзей». Прафілактычныя меры супраць магчымага Майдану часам відавочна выходзяць за межы разумнага. Напрыклад, у Дэмакратычнай Рэспубліцы Конга ўжо звольнілі ўсіх радыё-дыджэяў, якія ў сваіх каментарах узгадвалі пра падзеі ў Буркіна-Фасо. Дырэктарам станцый пагражаюць пазбаўленнем ліцэнзій у выпадку інфармавання аўдыторыі аб падзеях на радзіме Блэза Кампаорэ.

Старт цыклу чорнага Майдану прагназуецца на ліпень наступнага года, калі адбудуцца выбары ў Бурундзі, дзе цяперашні прэзідэнт пры ўладзе ўжо 10 гадоў.

Кульмінацыяй «афрыканскай вясны» могуць стаць выбары ў Дэмакратычнай Рэспубліцы Конга, якія прызначаныя на снежань 2016 года. Тут апазіцыя мае вайсковыя фракцыі, якія вядуць партызанку. Праўда, чорны Майдан можа пачацца значна хутчэй, напрыклад, з-за пашырэння арэалу эпідэміі Эбола, якая не толькі разбурае грамадска-дзяржаўныя інстытуты, але і падрывае аўтарытэт улады.