Хто будзе расійскім Зяленскім?

У расійскай грамадскай дыскусіі набывае моду думка пра тое, што перамога акцёра Уладзіміра Зяленскага на прэзідэнцкіх выбарах ва Украіне можа сфармаваць запыт на аналагічную постаць у РФ.

Фота www.ok.ru

Фота www.ok.ru

Дарэчы, напрацоўкі ў гэтай галіне ў расіян ёсць. Дастаткова прыгадаць кар’еру Міхаіла Еўдакімава. Яго скетч пра паход у лазню не толькі прынёс яму каласальную вядомасць, але і даў пропуск у вялікую палітыку. У 2004 годзе Еўдакімаў не меў праблемаў на выбарах губернатара Алтайскага краю. Праўда, на гэтай пасадзе ён запомніўся выключна спрэчкамі з рэгіянальным парламентам. Але ў жніўні 2005-га трапіў у смяротную аварыю. Можна таксама ўзгадаць, як на новы 1991 год народы СССР, які сканаў тыднем раней, віншаваў сатырык Міхаіл Задорнаў. Некаторыя памылкова палічылі, што гэта старт яго выбарчай кампаніі ў прэзідэнты Расіі.

Дзякуючы Зяленскаму тэма прэзідэнта-артыста вярнулася ў расійскі палітычны дыскурс. І ў тым ліку таму, што сітуацыя ў чымсьці падобная да ўкраінскай. «Калі палітычная архітэктура ў Расіі і на Украіне мае шмат адрозненняў, то грамадскія працэсы вельмі падобныя. За фасадам стабільнасці, дзе ёсць прэзідэнт, урад і парламент з партыямі, можна разглядзець новых герояў сучаснасці. Тыя ж вядучыя блогаў на Youtube маюць сёння мільёны падпісчыкаў. Ролікі некаторых артыстаў штодня глядзіць аўдыторыя большая, чым у спікераў ад усіх парламенцкіх партый разам узятых», — піша палітолаг Валерый Скурлатаў.

І гэта яшчэ не ўсе перавагі артыстаў або блогераў перад прадстаўнікамі партыі ўлады. Па-першае (гэта давёў досвед Сабчак, якая балатавалася ў прэзідэнты ў мінулым годзе), артысты значна больш пазнавальныя за лідараў апазіцыйных сектаў. Па-другое, нягледзячы на адсутнасць вопыту працы ў адміністрацыі або ў вялікім бізнесе, яны больш прывабныя. Нарэшце, за кошт вялікай арміі аматараў свайго таленту ім будзе прасцей знайсці рэсурс для кампаніі.

Дарэчы, у расійскім афіцыёзе ўжо сапраўды запанікавалі наконт варыянту з артыстам. «Уявіць сабе папулярнага акцёра або нейкага іншага прадстаўніка нібыта антыэліты, контрэліты ў якасці паспяховага кандыдата ў прэзідэнты Расіі немагчыма. Уладзімір Пуцін — не слуга эліты ці нават наменклатуры, а яе біч — ён у самым галоўным сэнсе і ёсць «слуга народа». То-бок месца для з’яўлення сімулякра «народнага кандыдата» ў нас папросту няма», — намагаецца давесці праўладны публіцыст Петр Акопаў.

Як бачым, рэцэпт захопу Крамля не такі і складаны. Застаецца толькі знайсці адпаведную арт-асобу і пераканаць яе падацца ў палітыку. Тым больш, час спрыяе такой ідэі. Нядаўнія выбары паказалі, што грамадзяне гатовыя аддаць галасы спойлерам, хатнім гаспадыням, абы прадэманстраваць уладзе дулю. Акрамя таго, на носе транзіт улады. У 2024 годзе Пуцін павінен сысці з пасады прэзідэнта, і вертыкаль, унутры якой прагназуецца вайна за кандыдатуру пераемніка, страціць маналітнасць.

З іншага боку, праект расійскага Зяленскага ў РФ мае шэраг слабых бакоў. Папулярнасці Зяленскага шмат у чым дапамог зняты яго тэлестудыяй «95-ы квартал» серыял «Слуга народа». Серыял зрабіў яму не толькі рэкламу, але і прадставіў артыста ў патрэбным вобразе палітыка. На працягу трох сезонаў акцёр выконваў ролю сумленнага прэзідэнта Украіны, вымушанага наладжваць жыццё краіны ў няпростых умовах. Зразумела, што яго герой быў прадуктам мастацкай выдумкі, але вобраз прэзідэнта апынуўся пераканаўчым. Таму на выбарах электарат успрымаў Зяленскага як больш-менш палітычную альтэрнатыву.

Відавочна, што ў Расіі такі фокус не атрымаецца. Цяжка ўявіць, што Крэмль (асабліва зараз) пагодзіцца, каб у татальна падкантрольных яму каналах здымалі, а пасля круцілі ў прайм-тайм серыял пра прэзідэнта, які кідае выклік існуючай у краіне мадэлі. Не маючы за плячыма свайго «Слугі народа», артысту-кандыдату ў палітыку можна не лезці. «Нашы папулярныя блогеры ад палітыкі далёкія, іх глядзяць дзеля забавы, але не шукаюць у іх адказаў на пытанні палітычнага характару», — вызнае выданне «Rambler».

Аднак, магчыма, не ўсё так кепска. На расійскай сцэне ёсць акцёр, які сапраўды мае імідж палітычна нелаяльнага да Пуціна. Гэта былы гулец КВЗ, а пасля акцёр, спявак і прадзюсар Сямён Слепакоў (1979 года нараджэння). У яго творах сапраўды заўжды прысутнічала нотка фронды. А яго апошні прадукт — серыял «Хатні арышт» — увогуле стаў бомбай. Напэўна, упершыню ў расійскім серыяле яго героямі ўзгадваецца Навальны, даюцца альтэрнатыўныя погляды на падзеі ў Крыме і гэтак далей. У сакавіку «Хатні арышт» быў прызнаны лепшым серыялам мінулага года, што адразу, праўда, выклікала версію пра тое, што фільм — нейкая хітрая метадалагічная гульня з нетраў адміністрацыі Пуціна.

Так ці інакш, калі верыць выданню «Newsland», падчас украінскіх выбараў Слепакоў стаў аб’ектам асаблівай увагі адпаведных спецслужбаў. «Пуцін глядзіць на Зяленскага, потым на Слепакова. Потым зноў на Зяленскага, і зноў на Слепакова. Вы ж разумееце, якія там думкі ў галаве нараджаюцца? Вось таму ў расійскага гумарыста зараз могуць пачацца складанасці», — прагназуе выданне.

Сітуацыя вакол Слепакова стала яшчэ больш цікавай 22 красавіка, калі дэпутат Вярхоўнай рады Украіны Антон Герашчанка прапанаваў расіянам абраць гумарыста Сямёна Слепакова прэзідэнтам Расіі. Герашчанка заявіў у Facebook, што «шанец стаць наступным прэзідэнтам Расіі ёсць у Сямёна Слепакова». Паводле яго слоў, гэта «зробіць магчымым паляпшэнне адносін паміж Украінай і Расіяй». Акрамя таго, ён лічыць, што перамога Слепакова на выбарах дазволіць вярнуць Украіне кантроль над Крымам і Данбасам.

Як бачым, нешта ў гэтай галіне ў Расіі сапраўды заварушылася. А вось у Беларусі з Зяленскімі пакуль поўная нявызначанасць.