У Іспаніі — датэрміновыя выбары ў парламент
Датэрміновыя парламенцкія выбары праходзяць 28 красавіка ў Іспаніі, піша Радыё Свабода. Рашэнне аб правядзенні датэрміновых выбараў было прынята пасля таго, як у сярэдзіне лютага іпанскі парламент адмовіўся ўхваліць бюджэт на 2019 год, прапанаваны ўрадам сацыяліста Пэдра Санчэса.
Гэтыя выбары стануць чацвёртымі ў Іспаніі за апошнія тры гады.
Супернікамі сацыялістаў на гэтых выбарах выступаюць ліберальная Грамадзянская партыя, левая партыя «Подэмос» і ўльтраправая партыя «Вокс», але асноўным канкурэнтам з'яўляецца правацэнтрысцкая Народная партыя.
На думку назіральнікаў, лідарства па выніках выбараў атрымаюць сацыялісты, але большасці, неабходнай для фармавання ўрада, ім атрымаць не ўдасца, і ім давядзецца весці кааліцыйныя перамовы, якія могуць зацягнуцца.
Між тым, паводле дадзеных апытанняў выбаршчыкаў, каля траціны з іх за тыдзень да выбараў так і ня вызначыліся, за каго будуць галасаваць.
На сёлетніх выбарах будзе абраны новы склад Кангрэса дэпутатаў (350 чалавек) і 208 прадстаўнікоў 266-мясцовага Сэната. Тэрмін паўнамоцтваў парламенту — 4 гады.
svaboda.org