Хто такі падрыўнік суда ў Кіеве і чаму ён правеў без прысуду 8 гадоў у СІЗА?

Выбухі ў Шаўчэнкаўскім раённым судзе Кіева зладзіў падазраваны па справе аб падрыве гранаты ля будынка Вярхоўнай Рады ў 2015 годзе Ігар Гумянюк.

Ігар Гумянюк. Фота УП 

Ігар Гумянюк. Фота УП 

Выбухі ў Шаўчэнкаўскім судзе Кіева прагрымелі ў сераду, 5 ліпеня. Падазраванага ў забойстве нацгвардзейцаў пад Вярхоўнай Радай у 2015 годзе Ігара Гуменюка ў гэты дзень даставілі на чарговае пасяджэнне суда. Пасля пасяджэння ён, паводле папярэдняй інфармацыі, падарваў неўстаноўленыя выбуховыя прылады ў прыбіральні і паспрабаваў уцячы. Яго спынілі каравульныя стрэлам у паветра, піша korrespondent.net.

Пасля гэтага Гумянюк забарыкадаваўся ў канвойным памяшканні. Пры штурме, паводле папярэдніх даных прагрымеў яшчэ адзін выбух, у выніку якога загінуў сам Гумянюк, а двое праваахоўнікаў атрымалі раненні ног.


Ветэран АТА

Ігар Гумянюк нарадзіўся ў 1994 годзе. Ён быў родам з горада Камянец-Падольскага Хмяльніцкай вобласці. Гумянюк быў удзельнікам Еўрамайдану, а з пачаткам расійскага ўварвання ва Украіну ў 2014 годзе добраахвотнікам пайшоў на фронт і ваяваў у складзе батальёна “Січ”. На той момант яму было 20 гадоў. Гумянюк удзельнічаў у баях у Курахава і Песках.

31 жніўня 2015 года праходзіла пазачарговае пасяджэнне Вярхоўнай Рады Украіны, на якім дэпутаты хацелі запусціць унясенне змяненняў у Канстытуцыю аб так званым “асаблівым статусе Данбаса”. Гэта было часткай узятых на сябе Украінай абавязацельстваў паводле "Мінскіх пагадненняў". 

У той дзень розныя нацыяналістычныя партыі і арганізацыі зладзілі пад памяшканнем Вярхоўнай Рады акцыю пратэсту з патрабаваннем не дапусціць прыняцця скандальнага законапраекта. На акцыі невядомыя кінулі ў нацгвардзейцаў гранату — з-за чаго загінулі чацвёра вайскоўцаў, а яшчэ больш за 130 чалавек атрымалі раненні. Гуменюка абвінавацілі ў тым, што гранату кідаў менавіта ён і арыштавалі. У прыватнасці, тагачасны кіраўнік МУС Арсен Авакаў заявіў, што гранату кінуў менавіта Гумянюк. Аднак вайсковец сваю віну адмаўляў, а адвакаты заяўлялі, што прызнальныя паказанні з яго выбівалі. 


Глядзіце таксама

Імкнуўся на фронт

У выніку, Гумянюк амаль 8 гадоў правёў у СІЗА без прысуду. Яму ўвесь час падаўжалі меру стрымання, але разгляд справы ішоў вельмі павольна. Адвакат Гуменюка Аляксандр Свірыдоўскі кажа, што праз гэта ягоны падабаронны знаходзіўся ў прыгнечаным стане.

"Ён неаднаразова звяртаўся з просьбай пайсці ваяваць, абараняць краіну. Бо з пачатку АТА ён 1,5 года прабыў у гарачых кропках ў складзе батальёна “Січ” пры тады яшчэ міліцыі. 

Затым адбылася ратацыя — і яму прапаноўвалі працу ў ахове грамадскага парадку − гэта значыць ганяць нацыяналістаў, якім ён і быў. Ён не захацеў, звольніўся і планаваў уступіць у шэрагі УСУ. Ён прайшоў рэвалюцыю, гарачыя кропкі, у яго быў ПТСР, у яго ўсё чорна-белае", — адзначыў адвакат.

Свірыдоўскі падкрэсліў, што Гумянюк у судзе яшчэ не даваў паказанні і не прызнаваў віну.

У справе ёсць яшчэ адзін фігурант — Сяргей Крайняк. Яго абвінавачваюць у саўдзеле ў злачынстве. Паводле звестак следства, Крайняк нібыта стварыў дымавую сцяну, каб Гумянюк мог непрыкметна кінуць гранату.

Суд адпусціў Крайняка пад хатні арышт. Цяпер мужчына ваюе пад Бахмутам.

Свірыдоўскі сумняваецца, што Гумянюк сам сябе падарваў. “Яго маглі застрэліць работнікі КОРДа падчас штурму. Тут важна будзе даследаваць судова-медыцынскую экспертызу", — падкрэсліў адвакат.

Адкуль выбухоўка?

Па ўказанні міністра ўнутраных спраў Ігара Кліменкі, у Нацыянальнай гвардыі пачата службовае расследаванне для ўсебаковага і аб'ектыўнага ўстанаўлення ўсіх абставінаў таго, што адбылося, у прыватнасці адносна правільнасці дзеянняў асабовага складу варты НГУ, якая ажыццяўляла канваяванне падсуднага ў суд.

Паліцыя пакуль высвятляе, як выбухоўка апынулася ў будынку суда.