Інфармацыя, што Еўрапарламент лічыць палітзняволенымі 11 беларусаў, не з'яўляецца афіцыйнай пазіцыяй

Інфармацыя аб тым, што Еўрапарламент лічыць палітычнымі зняволенымі 11 беларускіх грамадзян, абвешчаная кіраўніком дэлегацыі ЕП па сувязях з Беларуссю Філіпам Качмаракам, не з'яўляецца афіцыйнай пазіцыяй Еўрапарламента, заявіла БелаПАН памочнік Качмарака Сільвія Фодар.



kaczmarek_245.jpg

"Я б хацела зрабіць удакладненне наконт заявы адносна палітзняволеных у Беларусі, — адзначае Фодар. — Лічба "11", якая згадвалася ў папярэднім каментарыі, называецца некаторымі няўрадавымі арганізацыямі і не з'яўляецца афіцыйнай пазіцыяй Еўрапарламента".


Раней на просьбу БелаПАН пракаментаваць сітуацыю з офіса Філіпа Качмарака паступіў адказ, у якім гаварылася: "афіцыйная колькасць палітзняволеных — 11". Пры гэтым падкрэслівалася, што без вызвалення палітзняволеных "адносіны паміж Еўрасаюзам і Беларуссю не палепшацца". Тым не менш, падкрэсліла памочнік Качмарака, "фактам з'яўляецца тое, што Еўрапарламент заклікае да вызвалення ўсіх палітзняволеных".


Дыскусія аб колькасці палітзняволеных у Беларусі вядзецца ўжо даўно. Сёлета яна абвастрылася пасля таго, як 17 лютага "Еўрарадыё" паведаміла пра нефармальную сустрэчу беларускіх праваабаронцаў з паслом адной з краін ЕС. Пасля гутаркі праваабаронца Валянцін Стэфановіч сказаў, што, паводле слоў дыпламата, Еўрасаюз прызнае палітычнымі толькі шасцярых беларускіх зняволеных. 


У той жа час беларускія праваабаронцы лічаць палітзняволенымі 11 чалавек: Мікалая Статкевіча, Алеся Бяляцкага, Мікалая Аўтуховіча, Эдуарда Лобава, Мікалая Дзядка, Ігара Аліневіча, Андрэя Гайдукова, Васіля Парфянкова, Уладзіміра Яроменка (быў вызвалены 11 сакавіка), Яўгена Васьковіча і Арцёма Пракапенку. Што тычыцца апошніх двух — актывістаў анархісцкага руху Васьковіча і Пракапенкі — то праваабаронцы адзначаюць: у іх дзеяннях бачны прыкметы правапарушэння, але суд несправядліва кваліфікаваў іх дзеянні і вынес празмернае пакаранне.


У прадстаўніцтве Еўрасаюза ў Беларусі на просьбу БелаПАН назваць, каго менавіта яны лічаць палітзняволенымі, адказалі: "Спісы палітзняволеных з-за розных прычын могуць адрознівацца. Па-першае, рознымі могуць быць спісы ў міжнародных праваабарончых арганізацый і тых, хто працуе ў Беларусі. Па-другое, колькасць палітзняволеных можа быць рознай у розныя перыяды. Для ЕС застаецца важным, каб у любым выпадку ўсе палітзняволеныя былі вызвалены, не з'яўляліся новыя, а сітуацыя з правамі чалавека паляпшалася". У прадстаўніцтве таксама адзначылі, што "ЕС прыслухоўваецца да розных пунктаў гледжання, меркаванняў экспертаў, праводзіць маніторынгі, робіць свае ўласныя высновы з сітуацыі і прымае рашэнні самастойна".
Таццяна Каравянкова, БелаПАН