Майра Мора: Палітзняволеныя — галоўная перашкода для супрацоўніцтва ЕС з Беларуссю

Праблема палітзняволеных застаецца самай галоўнай перашкодай для пашырэння супрацоўніцтва Еўрасаюза з Беларуссю, заявіла кіраўнік прадстаўніцтва ЕС у Беларусі Майра Мора, адказваючы на пытанні журналістаў 10 сакавіка ў Мінску.



mora_4_245.jpg

"Праблема палітзняволеных захоўваецца. Гэта самая галоўная і першая перашкода для пашырэння нашага супрацоўніцтва", — падкрэсліла Мора. 

На пытанне БелаПАН, ці можа ў хуткім часе гэтая праблема вырашыцца, кіраўнік прадстаўніцтва ЕС адказала: "Гэта пытанне да беларускага боку". 

Разам з тым Мора звярнула ўвагу на "добры ўзровень тэхнічнага супрацоўніцтва паміж ЕС і Беларуссю". "Але ён можа быць і лепшым, як у межах двухбаковых праграм, так і ў межах Усходняга партнёрства. Я буду спадзявацца на больш актыўны ўдзел Беларусі", — сказала яна. 

Некалькімі гадзінамі раней, выступаючы падчас дыскусіі на тэму "ЕС — Беларусь: погляд у мінулае і будучыню", арганізаванай прадстаўніцтвам ЕС у Мінскім міжнародным адукацыйным цэнтры, начальнік упраўлення агульнаеўрапейскага супрацоўніцтва МЗС Беларусі Дзяніс Сідарэнка заявіў, што Беларусь шчыра зацікаўлена ў развіцці нармальных адносінаў з ЕС на аснове раўнапраўя, павагі і ўліку інтарэсаў адзін аднаго.

Паводле яго слоў, "у сілу шэрагу акалічнасцяў" патэнцыял супрацоўніцтва Беларусі і ЕС "выкарыстоўваецца не ў поўнай меры". У прыватнасці, ён мяркуе, ёсць недахоп юрыдычнай базы. Так, напрыклад, не набыло моц пагадненне аб партнёрстве і супрацоўніцтве паміж Беларуссю і ЕС, падпісанае яшчэ ў 1996 годзе.

"Але нягледзячы на няпростыя адносіны, мы працягваем канструктыўны дыялог з ЕС па ўсім спектры пытанняў парадку дня, — падкрэсліў прадстаўнік МЗС. — Адным з найважнейшых кірункаў нашага прагматычнага ўзаемадзеяння з'яўляецца тэхнічнае супрацоўніцтва, якое паспяхова развіваецца, — аб'ёмы тэхнічнай дапамогі ад ЕС з моманту незалежнасці Беларусі вымяраюцца сотнямі мільёнаў еўра".

Таццяна Каравянкова, БелаПАН