Іран: з-за пратэстаў загінулі каля 200 чалавек, жыхары паляць банкі, улады адключылі інтэрнэт
У Іране пры жорсткім падаўленні акцый пратэсту, якія працягваюцца ўжо некалькі дзён, загінулі па меншай меры 106 чалавек у 21 горадзе, паведамляе Amnesty International. «Бі-бі-сі» са спасылкай на «неафіцыйныя паведамленні з розных крыніц» піша, што за апошнія пяць дзён у краіне загінулі каля 200 чалавек і тры тысячы атрымалі раненні. Пратэсты ўзніклі з-за рэзкага павышэння коштаў на бензін на фоне складанай эканамічнай сітуацыі, звязанай у тым ліку з санкцыямі ЗША супраць Ірана. Улады адказалі на пратэсты татальным адключэннем інтэрнэту ў краіне, якое доўжыцца ўжо некалькі сутак.
Улады Ірана ўдвая павысілі цэны на бензін, патлумачыўшы, што гэта «прынясе карысць іранскаму народу»
Нагодай для пратэстаў стала ўвядзенне новых квотаў і рэзкае павышэнне коштаў на бензін: цяпер уладальнікі прыватных аўтамабіляў у Іране змогуць у рамках квоты набыць 60 літраў бензіну ў месяц, пры гэтым цана на яго вырасла з 10 да 15 тысяч іранскіх рыалаў (каля 12 цэнтаў ЗША па рынкавым курсе). Бензін звыш квоты іранцам будуць прадаваць ужо па 30 тысяч рыалаў. Кіраўнік іранскай Арганізацыі кіравання і планавання Махамад Бакер Нобахт паведаміў, што даходы ад павышэння коштаў будуць накіраваны на фінансаванне дадатковых субсідый для 18 мільёнаў іранскіх сем'яў. А прэзідэнт краіны Хасан Рухані заявіў, што падвышэнне коштаў на бензін «пойдзе на карысць іранскаму народу, асабліва тым, хто перажывае эканамічныя цяжкасці», паведамляў урадавы рэсурс Press TV.
Іран валодае аднымі з найбуйнейшых запасаў нафты ў свеце, але з-за праблем з яе перапрацоўкай вымушаны імпартаваць бензін у краіну. Праблемы пагаршаюцца амерыканскімі санкцыямі: у лістападзе 2018 года ЗША забаранілі гандаль іранскай нафтай і нафтапрадуктамі, продаж краіне авіятэхнікі, выкарыстанне партоў і караблёў Ірана ў камерцыйных мэтах, а таксама разлікі з іранскімі фінансавымі інстытутамі, уключаючы Цэнтрабанк. Пры гэтым міністр нафты Ірана Біжан Зангане ў пачатку 2019 года заявіў, што краіна больш не адчувае дэфіцыту ў бензіне і не мае патрэбы ў яго імпарце, які спыніўся з восені 2018 года, паведамляла РІА Навіны.
Масавыя пратэсты ахапілі сотню населеных пунктаў. Улады называюць іх гвалтоўнымі, абвінавачваючы ў гэтым ЗША і апазіцыю
Пратэсты супраць павышэння коштаў пачаліся амаль адразу, ахапіўшы да 17 лістапада прыкладна 100 населеных пунктаў. Amnesty International сцвярджае, што па пратэстантах стралялі снайперы з дахаў дамоў і, па меншай меры ў адным выпадку, з верталёта.
У краіне былі падпаленыя па меншай меры 100 банкаў і 57 крам, каля 1000 чалавек арыштаваныя, прыводзіць «Бі-бі-сі» дадзеныя іранскага праўрадавага агенцтва Fars. Улады таксама заявілі пра забойства начальніка паліцыі правінцыі Керманшах, дзе пратэсты набылі асабліва жорсткі характар. «Бі-бі-сі» у сваю чаргу апублікавала відэазапіс, на якім некалькі паліцэйскіх страляюць па пратэстантах у сталіцы гэтай правінцыі.
Па заяве іранскіх уладаў, беспарадкі, зладжаныя «апартуністычнымі элементамі», падсілкоўваюць ЗША, прыхільнікі зрынутай падчас ісламскай рэвалюцыі манархіі, а таксама апазіцыйная Арганізацыя маджахедаў іранскага народа. Агенцтва Fars распаўсюдзіла відэазапіс, закліканы пацвердзіць гвалтоўны характар пратэстаў. А духоўны лідар краіны аятола Хамянеі вітаў «эфектыўнае супрацьстаянне Ірана варожай змове, накіраванай на распальванне беспарадкаў у краіне».
У Іране цалкам адключылі інтэрнэт. Што менавіта там адбываецца, дакладна невядома
Пасля пачатку пратэстаў у краіне заблакавалі сувязь з навакольным светам. Міністр сувязі Ірана Махамад Джавад Азары Джахрамі заявіў, што ўрад загадаў адключыць сувязь 16 лістапада, і паабяцаў, што «хутка» падлучэнне да інтэрнэту адновяць, паведамляе CNN са спасылкай на публікацыю на Press TV. Пры гэтым з самога іранскага сайта паведамленне пазней выдалілі.Па падліках назіральнікаў з некамерцыйнай арганізацыі NetBlocks, якая адсочвае парушэнне працы глабальнай сеткі, інтэрнэт у краіне амаль цалкам адключаны ўжо больш за 75 гадзін.
Гэта самае маштабнае адключэнне інтэрнэту з усіх, калі-небудзь зафіксаваных NetBlocks, заявіў у размове з CNN даследчык сеткавай бяспекі ў нью-ёркскім Цэнтры па правах чалавека ў Іране Амір Рашыд. «У снежні 2017 года і студзені 2018 ў Іране праходзілі масавыя акцыі пратэсту, але як толькі Telegram быў адключаны, пратэсты па большай частцы аціхлі, таму што людзі страцілі сувязь адзін з адным», — дадаў ён.
Кіраванне Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека заклікала Іран аднавіць сувязь і «забяспечыць паступленне дакладнай інфармацыі аб тым, што адбываецца». У ААН пацвердзілі, што па дадзеных, якія паступаюць, у выніку страляніны па пратэстантах колькасць загінуўшых вылічаецца «двухзначнымі лічбамі». Прадстаўнік іранскіх уладаў у сваю чаргу заявіў, што ў панядзелак сітуацыя пачала «супакойвацца».
meduza.io