Як адправіць дыктатара ў адстаўку
Уявіце сабе, што Усебеларускі народны сход прымае рэзалюцыю аб адстаўцы самі ведаеце каго. Фантастыка? Як сказаць. Роўна 70 гадоў таму, 25 ліпеня 1943 года, большасць сяброў Вялікага фашысцкага савета прагаласавалі за адстаўку Беніта Мусаліні з пасады прэм'ера.
Напэўна, кожны дыктатар намагаецца стварыць прававыя механізмы, якія гарантуюць яму пажыццёвае захаванне ўладных паўнамоцтваў. Беніта Мусаліні не быў выключэннем. Па ходзе замацавання фашысцкай дыктатуры ў Італіі паўставалі адпаведныя органы, якія сталі часткай дзяржаўнай сістэмы. Галоўным з іх, безумоўна, быў Вялікі фашысцкі савет.
Савет узнік яшчэ на пачатку эры фашызму ў якасці вышэйшага органа Нацыянальнай фашысцкай партыі. Сваё першае пасяджэнне Савет правёў 12 студзеня 1923 года. Прыкладна да 1928-га гэта быў партыйны орган, пакуль не стаў дзяржаўным і ў нейкай меры канстытуцыйным інстытутам Італьянскага каралеўства. Згодна з законам ад 9 снежня 1928 года, Савет быў кваліфікаваны як «вышэйшы орган, які каардынуе і інтэгруе ўсю дзейнасць рэжыму, што ўзнікла ў выніку рэвалюцыі 1922 года».
Сябры Савета прызначаліся асабіста Мусаліні, які стаў яго нязменным старшынёй, будучы кіраўніком урада і партыйным фюрарам. Пасяджэнні Вялікага савета склікаліся самім прэм'ер-міністрам, і ўсе ўказы і законы маглі быць узаконены толькі пасля атрымання яго ўхвалы. Вялікі савет таксама меў права рэкамендаваць каралю Італіі кандыдатуру на пасаду прэм'ер-міністра або адхіліць прэм'ер-міністра ад пасады.
Наогул пасяджэнні Савета заўжды ўяўлялі сабой аўтаматычную ўхвалу рашэнняў Мусаліні. Нядзіўна, што ягоная актыўнасць з часам вычарпалася з-за паступовай канцэнтрацыі ўлады ў руках Мусаліні і бюракратызацыі фашысцкай партыі. Амаль чатыры гады, з 1940-га па ліпень 1944-га, орган увогуле не збіраўся. Пакуль на пасяджэнні 25 ліпеня не была прынята гістарычная рэзалюцыя, якая дала каралю Віктару Эмануілу прававую падставу адправіць Дучэ ў адстаўку, а з часам і арыштаваць.
Як магло здарыцца так, што людзі, якіх Мусаліні асабіста прызначыў у склад Савета, пайшлі супраць дыктатара? Нагадаем, што гаворка ідзе пра фашысцкую Італію, дзе за дзве папярэднія дэкады была пабудавана ледзь не эталонная таталітарная дзяржава. Усе гісторыкі прызнаюць, што апазіцыйныя партыі, аслабленыя за гады дыктатуры, не маглі нічога супрацьпаставіць сістэме.
Паўнавартаснага адказу на пытанне, чаму сябры Савета здрадзілі патрону, няма. Можна толькі пазначыць шэраг момантаў і падзей, якія паступова зламалі ў калектыўнай свядомасці нават самых лаяльных італьянцаў страх перад рэжымам.
Перш за ўсё трэба згадаць пра агульную сітуацыю, якая склалася ўлетку 1944-га. Немцы і італьянцы пацярпелі паражэнне ў Афрыцы. Усе чакалі дэсанта саюзнікаў у Італію. Пачаліся першыя бамбардзіроўкі гарадоў. Свой унёсак таксама рабілі «пахаронкі» з краін, куды былі накіраваны італьянскія жаўнеры.
Веру ў дыктатуру падарвала слабае здароўе ўжо немаладога дыктатара. Яшчэ вясной у яго дыягнаставалі гастрыт. З-за хваробы італьянскі прэм'ер-міністр стаў рэдка займацца дзяржаўнымі справамі, кампенсуючы іх кампаніяй маладой палюбоўніцы Клары Петачы. Апошняя, дарэчы, таксама спрыяла росту незадаволення. Карыстаючыся статусам Клары, яе браты ледзь не адкрыта займаліся карупцыйнымі аферамі, што натуральна выклікала нараканні.
Так ці інакш, Дучэ страціў кантроль над працэсам. Адданыя яму агенты і нямецкая разведка інфармавалі дыктатара аб змовах унутры дзяржапарата, аднак ён ігнараваў тыя папярэджанні. Адным з кур'ёзных фактараў, які спрыяў эрозіі веры ў дыктатуру, стала публічная прамова Дучэ 25 чэрвеня. Па нейкай прычыне ён заблытаўся ва ўласных фармулёўках і ляпнуў нешта накшталт таго, што адзіная тэрыторыя, якую могуць захапіць саюзнікі, гэта ўзбярэжжа Італіі. Для многіх італьянцаў, у тым ліку часткі адміністрацыі, зблытаная гаворка Мусаліні стала сведчаннем таго, што з ім адбываецца нешта нядобрае.
Аднак галоўнай акалічнасцю на карысць перавароту сталі кепскія навіны з фронту. Уначы 10 ліпеня англа-амерыканскія войскі высадзіліся на Сіцыліі. Сілы італьянцаў былі разгромлены, у некаторых выпадках яны і зусім здаваліся без бою. Хутка стала зразумела, што Сіцылія страчана і вайна практычна прайграна. На экстраннай сустрэчы кіраўніцтва Мусаліні пагадзіўся на тое, каб пачаць перамовы з саюзнікамі. У нейкай меры гэта яго канчаткова і пагубіла. Кіраўніцтва фашысцкай партыі і эліта зразумелі, што альтэрнатывы капітуляцыі няма. А калі здаць саюзнікам палоннага дыктатара, умовы капітуляцыі могуць быць не такімі жорсткімі.
У выніку менавіта той самы Савет, які быў гарантыяй пажыццёвага знаходжання Мусаліні ва ўладзе, прыняў рашэнне аб адстаўцы кіраўніка ўрада. Прычым за рэзалюцыю галасавалі нават ветэраны фашысцкага руху і зяць Дучэ. Такога фіналу Мусаліні проста не чакаў. Ён увогуле ледзь не ашалеў, калі падчас пасяджэння нехта прапанаваў галасаваць і лічыць галасы. Працэдуры галасавання падчас працы Савета ніколі не было.
Што было пасля, усім вядома. Той самы дыктар з дзяржрадыё, які 20 гадоў абвяшчаў аб поспехах фашысцкай сістэмы пад кіраўніцтвам вялікага і геніяльнага Дучэ, зачытаў кароткі тэкст пра змену кіраўніка ўрада і сыход Мусаліні. Вокамгненна дзясяткі тысяч італьянцаў выйшлі на вуліцы. Людзі зрывалі фашысцкія эмблемы і партрэты дыктатара. Ганебны крах сістэмы стаў заканамерным завяршэннем гісторыі фашысцкага эксперыменту ў краіне. А таксама ў некаторым сэнсе ўрокам дыктатарам, якія спадзяюцца ўтрымацца ва ўладзе за кошт, як ім падаецца, назаўжды лаяльных ім прававых інстытутаў.