Як падзяліць Каўказ
Заява Ільхама Аліева пра неабходнасць «вяртання» азербайджанцам Ерэвана прымусіла палітолагаў і гісторыкаў узгадаць пра тэрытарыяльныя спрэчкі, якія дасюль існуюць у Закаўказзі.
Хаця аліеўская фраза пра тое, што «Ерэван наш», стала медыйнай бомбай, нічога новага азербайджанскі гарант не сказаў. Па сутнасці, ім была толькі агучана папулярная на беразе Каспія тэорыя, паводле якой сярэднявечнае Ерэванскае ханства (тэрыторыя цяперашняй Арменіі) ёсць зямлёй азербайджанскага народа. Маўляў, армяне з’явіліся тут за кошт расійцаў. Расія сістэмна перасяліла сюды армянаў, паколькі тыя, будучы хрысціянамі, больш лаяльна ставіліся да каланіяльнай адміністрацыі.
Як высвятляецца, падобных гістарычных версій і, адпаведна, створаных на іх базе міфаў хапае не толькі ў Баку. У Ерэване таксама дасюль не забыліся, што сучасная Арменія — гэта толькі кавалак гістарычнай Арменіі, якая цягнулася аж да Міжземнага мора. Асабліва армянам балюча за тое, што на тэрыторыі Турцыі засталася святая для нацыі гара Арарат.
Не дзіўна, што тэма «рэканкісты» застаецца часткай мясцовай палітычнай дыскусіі. Допінгам тут з’яўляюцца як мінімум два эпізоды гісторыі, калі той жа Арарат ледзь не стаў армянскім. Спачатку па выніках Першай сусветнай Армянскай рэспубліцы планавалася перадаць амаль усю ўсходнюю Турцыю, уключаючы Батумі і Трапезунд. Аднак гэты план сарвала рэвалюцыя Атацюрка.
Наступны прэцэдэнт меў месца пасля Другой сусветнай, калі Масква раптам ўзгадала, што ў 1920-х гадах Турцыі перадалі закаўказскія тэрыторыі, якія належалі Расійскай імперыі з другой паловы XIX стагоддзя. Кіраўнікі Грузінскай і Армянскай ССР горача падтрымалі праект перагляду савецка-турэцкіх пагадненняў. Каталікос Георг VI звярнуўся да Захаду з патрабаваннем далучыць да Савецкай Арменіі некаторыя рэгіёны Турцыі. Напрыканцы 1946-га СССР сцягнуў да турэцкай мяжы шэраг дывізій, усталяваў кантакты з курдскімі партызанамі і армянскім падполлем ў Турцыі. Аднак гэты ціск меў адваротны эфект. Захад кансалідаваўся супраць Масквы, і Сталін адступіў.
А армяне не адступілі. У 2011-м прэзідэнту Арменіі Саргсяну на сустрэчы з удзельнікамі алімпіяды па армянскай мове задалі пытанне, якія межы будзе мець будучая Арменія? Ці будзе вернутая Заходняя Арменія і гара Арарат? Серж Саргсян на гэта сказаў: «Гэта ўсё залежыць ад твайго пакалення. Маё пакаленне, думаю, выканала ўскладзены на яго абавязак, калі на пачатку 1990-х гадоў было неабходна абараніць ад ворага частку нашай радзімы — Арцах (Нагорны Карабах), і мы змаглі зрабіць гэта».
Акрамя Турцыі Арменія ў свой час сварылася з Грузіяй з-за рэгіёну Джавахеція (Паўднёвая Грузія) — аж да вайны ў 1918 годзе. З іншага боку, у грузінаў ёсць свая версія Вялікай Грузіі, якая таксама не пасуе актуальнай палітычнай мапе. Напрыклад, у часы Саакашвілі ўздымалася пытанне пра «вяртанне» часткі Карачаева-Чаркескай Рэспублікі, якая ўваходзіла ў склад Грузінскай ССР з 1944 да 1956 гады.
Самае цікавае, што ў спіс грузінскіх патрабаванняў уваходзіць цяперашні расійскі раён вакол Сочы. Грузіны лічаць Сочы сваімі паводле дамовы бальшавіцкага ўрада і меншавіцкіх уладаў Грузіі ад 1918 года. Тэма грузінскага Сочы падаецца забаўнай, паколькі для яе рэалізацыі Тбілісі спачатку трэба як мінімум вярнуць Абхазію. Тым больш, што абхазам таксама ўласцівыя забабоны адносна зямель Грузіі. Патрабуюць ад Тбілісі нейкую цясніну і паўднёвыя асеціны.
Застаецца дадаць, што ў тым жа Баку час ад часу згадваюць пра сярэднявечны Тыфліскі (Тбіліскі) эмірат, намякаючы на яго прыналежнасць Азербайджану. Незадаволеныя ў Баку і зменай цюркскіх тапаграфічных назваў ва ўсходніх грузінскіх частках. У пачатку студзеня прэса пісала, што мясцовыя этнічныя азербайджанцы патрабуюць аўтаномію.
Заклікі да перагляду існуючых межаў падаюцца, на першы погляд, цацкай у руках гісторыкаў і радыкальных палітыкаў. У тым ліку таму, што ў часы глабалізацыі сапраўдны кантроль належыць эканамічным гульцам або буйным геапалітычным цэнтрам.
У лепшым выпадку ваяўнічыя экспансіянісцкія заявы — гэта інструмент для ўнутранага палітычнага рынку. Напрыклад, у заяве Аліева пра азербайджанскі Ерэван лакальная апазіцыя бачыць хітры ход. Маўляў, за кошт падобнай рыторыкі Аліеў збіраецца мабілізаваць нацыяналістаў-апазіцыянераў прыйсці на выбары кіраўніка дзяржавы, што адбудуцца ў красавіку.
Аднак з улікам рэгіянальнай турбулентнасці (войны ў Сірыі, Іраку) і відавочна непазбежнага перафарматавання Блізкага Усходу, напэўна, некаторыя старыя канцэпты сапраўды могуць быць запатрабаванымі.
Дарэчы, існуе яшчэ адзін арыгінальны погляд на тэрытарыяльны расклад не толькі на Каўказе, аднак увогуле на ўсёй прасторы экс-СССР. У 2013-м ва ўзбекскай прэсе з’явіўся тэкст, аўтар якога сцвярджае, што Узбекістан «мае права быць правапераемнікам СССР», паколькі Саюз паходзіў ад Залатой Арды, якая, у сваю чаргу, ёсць першай узбекскай дзяржавай. У тэксце ёсць пералік сучасных дзяржаў, якія павінны стаць адміністратыўнымі адзінкамі Узбекістана. Туды ўваходзяць усе краіны СНД акрамя Беларусі, якая, як вядома, не была васалам татара-манголаў.