Замежныя СМІ пра Беларусь: 22–29 красавіка
Украіна і тыя краіны, якія пасля 1991 года сталі незалежнымі, працягнуць шлях да ўмацавання сваёй незалежнасці. Расія ім перашкодзіць не здолее. Нічога не атрымаецца і з Беларуссю, таму што Лукашэнка ўжо пераарыентаваўся на Захад.«Экономические Известия» (Украіна)
На пачатку магчымай гібрыднай вайны Расіі давядзецца досыць хутка ўводзіць істотную групоўку на тэрыторыю Беларусі. Проста так гэта зрабіць праблематычна. Дый знайсці неабходныя рэзервы, пакуль не скончаны канфлікт ва Украіне, таксама. Менавіта таму Масква так настойліва прасоўвала тэму стварэння сваёй базы на тэрыторыі «саюзніка». Гэта дазволіла б дзейнічаць больш актыўна, з вялікім геаграфічным ахопам і вялікімі сіламі ўжо на пачатковым этапе. Менавіта таму Лукашэнка ўсяляк пярэчыць падобным ініцыятывам. Самалёты — калі ласка. Але пад аховай беларускіх салдат. І па пары штук на розных аэрадромах. Такі фармат Маскву не вельмі задавальняе.
«Хвиля» (Украіна)
Беларусь пайшла па іншым шляху. Як выказаўся калісьці Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка, беларусы — гэта тыя ж рускія, але са знакам якасці. І ён, вядома ж, меў на ўвазе не нейкія расавыя меркаванні, а тое, што пад яго кіраўніцтвам у Беларусі ўдалося стварыць больш эфектыўную, чым у Расіі, сістэму кіравання. Іншая справа, што гэтую сістэму немагчыма тыражаваць на ўсю Расію, таму што Беларуссю кіраваць, без сумневаў, прасцей. Ва Украіне такую сістэму пабудаваць не здолелі, і тэхнічна не атрымалася б, паколькі Украіна значна больш разнастайная за Беларусь.
«Реактор» (Расія)
Для Захаду стала вялікім сюрпрызам разыгрыванне нацыяналістычнай карты Беларусі кіраўніком дзяржавы. Таму ў далейшым заходнія партнёры плануюць прыгледзецца да верагоднага новага саюзніка і вывучыць магчымасці адрыву краіны ад Расіі. Лукашэнка не будзе тым палітычным лідарам, на якога стануць рабіць стаўкі. Выбар прыпадзе на больш беспрынцыпных калег з яго атачэння. Калі параўноўваць Беларусь і Украіну, то пазіцыі першай адносна інтэграцыі ў Еўропу больш выгадныя. Кампактныя памеры краіны і яе гатоўнасць стаць пастаўшчыком сыравіны (каля 35% экспарту ўжо скіравана ў Еўропу) могуць у выніку зрабіць бязвізавы рэжым і больш танныя прадукты з ЕС рэальнасцю для беларусаў без усялякага Майдана.
«Kiev Post» (Украіна)
Калі казаць пра агульны аб’ём датавання Расіяй беларускай — шмат у чым па-ранейшаму па-савецку пабудаванай — эканомікі, то толькі па вуглевадародах да пачатку гэтага крызісу аб’ём датацый складаў 3–4 мільярды долараў у год за кошт цэнавага дысконту. Плюс цалкам адкрыты расійскі рынак для беларускіх тавараў, у тым ліку сельскагаспадарчых, плюс адзіны сацыяльны пакет для грамадзян Беларусі ў Расіі, уключаючы прыкладна 600 тысяч гастарбайтэраў. Усяго, па розных артыкулах, у год набягала да 8–9 мільярдаў долараў. За 15 апошніх гадоў агульны аб’ём датацый Расіі Беларусі па розных каналах склаў ад 60 да 72 мільярдаў долараў. Сума толькі расійскіх крэдытаў, выдадзеных Мінску з канца 90-х гадоў, склала прыкладна 50 мільярдаў долараў. Тэрміны пагашэння па многіх з іх пастаянна адкладаліся. Так што Аляксандр Лукашэнка цалкам мае рацыю: такія адносіны могуць быць толькі паміж братамі. Нават калі адзін з іх трошкі гандлюе налева.
«Вfm.ru» (Расія)
З Беларуссю супрацоўніцтва па гэтай (чарнобыльскай) тэме вельмі ўскладненае, тамтэйшыя навукоўцы пакутуюць ад рэпрэсій рэжыму. Прэзідэнт Лукашэнка не выказвае цікавасці да выяўлення ісціны. У Лукашэнкі няма цікавасці высвятляць, што там у прадуктах.
«Die Tageszeitung» (Германія)