У КНДР часова забаранілі вяселлі і пахаванні — СМІ
Улады Паўночнай Карэі ўвялі часовую забарону на правядзенне вяселляў, пахавання і іншых урачыстых мерапрыемстваў, паведамляюць паўднёвакарэйскія СМІ.

Забарона звязаная з падвышанымі мерамі бяспекі
перад VII з'ездам Працоўнай партыі Карэі, паведамляе газета "Sunday Times"
са спасылкай на чыноўніка з Паўднёвай Карэі.
Паўднёвакарэйскае агенцтва "Йонхап" паведамляе, што ў сувязі з падрыхтоўкай да з'езду таксама абмежаваны ўезд у Пхеньян, акрамя таго, улады ўзмацнілі сачэнне за сваімі грамадзянамі, а таксама нагляд за мяжой з Кітаем.
Суразмоўца агенцтва мяркуе, што кіраўніцтва КНДР перад з'ездам спрабуе стварыць атмасферу страху ўнутры краіны. Гэта павінна знізіць злачыннасць, а таксама ўтрымаць людзей ад спробаў выехаць за мяжу.
З'езд пачнецца ў гэтую пятніцу і павінен умацаваць уладу паўночнакарэйскага лідара Кім Чэн Ына. На з'ездзе павінны быць прынятыя асноўныя напрамкі знешняй і ўнутранай палітыкі КНДР.
Паводле ВВС