Марыя Эйсмант: Пасля публікацыі Вярхоўны суд вярнуў кватэру сіротам
Да 3 мая, Сусветнага дня свабоды прэсы, сайт ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" публікуе гісторыі калег пра тое, як іх праца дазволіла змяніць рэчаіснасць у лепшы бок — дапамагла заўважыць і вырашыць жыццёвую праблему, паўплываць на рашэнні ўладаў. Адным словам — дала адчувальны плён.
Гісторыя першая
— Адзін з першых маіх матэрыялаў, які рэальна дапамог людзям і які ўзгадваецца дагэтуль, пісаўся яшчэ ў пачатку 2000-х.
Гэта быў артыкул пра сясцёр-сірот, у якіх дзяржава адбірала аднапакаёвую кватэру бацькі. Так атрымалася, што бацькі дзяўчынак памерлі ў адзін год. Мама згарэла ад раку, бацька памёр ад сухотаў, на якія пакутаваў некалькі гадоў. Будучы хворым, ён развёўся з жонкай і жыў асобна ад сваёй сям'і ў аднапакаёвай кватэры. За некалькі дзён да смерці мужчына заняўся пытаннем прыватызацыі кватэры, якую хацеў пакінуць малодшай дачцэ. Але давесці працэдуру прыватызацыі да канца ён не паспеў. Выканкамаўскія чыноўнікі вырашылі: паколькі кватэра дзяржаўная — значыць, і належаць пасля смерці гаспадара павінна дзяржаве.
Цётка дзяўчынак спрабавала адстаяць правы сірот на кватэру праз суд. Але і суд вырашыў кватэру пакінуць дзяржаве. А пасля маёй публікацыі ў “Народнай волі” Вярхоўны суд усё ж адмяніў рашэнні папярэдніх судовых інстанцый. Чыноўнікі ўзгадалі пра правы дзяцей, і сёстрам-сіротам вярнулі кватэру бацькі.
Гісторыя другая
Яшчэ адна «кватэрная» гісторыя была пра шматдзетную сям'ю з Мінскага раёна. Сяргей і Наталля Якубоўскія пераехалі ў Дубаўляны з Гомельскай вобласці. Маладую сям'ю часова пасялілі ў будынак старой школы, які нават нідзе не лічыўся на балансе. Пабудова была 19 стагоддзя, з дзіркамі ў сценах, без цэнтральнага ацяплення і г.д. За 7 гадоў сям'я павялічылася да 6 чалавек (Якубоўскія выхоўвалі чатырох дзяцей) і справядліва прасіла мясцовыя ўлады дапамагчы ў вырашэнні жыллёвага пытання. Але далей абяцанняў справа не ішла.“Народная воля”, можна сказаць, была іх апошняй надзеяй.
Я з'ездзіла ў Дубаўляны, напісала артыкул. І гэта спрацавала — літаральна праз тыдзень пасля публікацыі ў “Народнай волі” ў доме Якубоўскіх зазваніў тэлефон. Тэлефанавалі з Бараўлянскага сельскага савета, прапанавалі шматдзетнай сям'і стаць на чаргу на кватэру. А яшчэ праз паўгода яны атрымалі ільготны крэдыт — пад 1 працэнт гадавых на 40 гадоў. Ужо гадоў 5 як Якубоўскія жывуць у чатырохпакаёвай уласнай кватэры.
Гісторыя трэцяя
Былі ў маёй журналісткай практыцы і артыкулы з працягам.
У 2010 годзе я пісала матэрыял пра тое, як ашуканцы завалодалі трохпакаёвай кватэрай у цэнтры Мінска. У ёй пражываў самотны інвалід 1 групы па псіхзахворванні, апекуном у яго была цётка. Яна трапіла ў бальніцу, і за 2 тыдні з дапамогай мясцовага ўчастковага чорныя рыэлтары “прыбралі” гэтую кватэру да рук.
Сваякі быццам бы своечасова спахапіліся, звярнуліся ў міліцыю, але іх там ніхто не стаў слухаць. І пакуль яны хадзілі па кабінетах, кватэру ўжо 2 разы паспелі перапрадаць. І тады дзядзька пацярпелага Юрый Корчык звярнуўся ў “Народную волю” ў надзеі, што, калі гэтая гісторыя атрымае агалоску, кватэру яны змогуць вярнуць.
Выйшаў мой артыкул. Але тады гэта не дапамагло.
У 2012 годзе ў Беларусі стварыўся Следчы камітэт, і Корчык з артыкулам “Народнай волі” звярнуўся туды. Следчыя зацікавіліся і публікацыяй, і гэтай гісторыяй.
Аказалася, што СК вёў следства пра кватэрныя аферы. У распрацоўцы была група махляроў, якія на працягу некалькіх гадоў падманным шляхам адбіралі ў людзей кватэры і грошы. Сярод пацярпелых было 36 чалавек. Як потым высветлілася, гэтая ж група завалодала і кватэрай Аляксея Краўцова. Пазней, калі быў суд, на лаве падсудных быў той самы ўчастковы, з дапамогай якога гэтую аферу і пракруцілі.
У выніку кватэру Аляксею вярнулі!
Гісторыя чацвёртая, светлая і добрая
Мая публікацыя дапамагла знайсціся двум сяброўкам, якія не бачыліся 20 гадоў.
Я даведалася, што ў Мінск прыязджае Ганна Шляпнікава, дачка легендарнай Веры Харужай, у гонар якой названая адна з цэнтральных вуліц Мінска. Сустрэліся, зрабілі інтэрв'ю.
Ганна распавядала, што пасля вайны яна жыла ў Мінску на вуліцы Энгельса і сябравала з суседскай дзяўчынкай Томай. Потым Шляпнікава пераехала ў Маскву. Амаль дваццаць гадоў сяброўкі перапісваліся, сустракаліся, а калі разваліўся Саюз, іх перапіска спынілася. А потым сяброўкі і зусім згубіліся.
Пад інтэрв'ю мы размясцілі аб'яву аб тым, што дачка Веры Харужай шукае сваю мінскую сяброўку Тамару Дубкову. І ўжо на наступны дзень у рэдакцыю патэлефанавала народная артыстка Беларусі Зінаіда Бандарэнка і распавяла, што Тамара Аляксандраўна Дубкова — вядомы ў Беларусі чалавек, заслужаны дзеяч мастацтваў, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі. А яшчэ праз дзень патэлефанавала сама Тамара Аляксандраўна...
Так праз 20 гадоў дзякуючы журналісцкай публікацыі сяброўкі зноў сустрэліся :)