Ці можна смяяцца з Эрдагана?
Жарт нямецкага сатырыка на адрас турэцкага прэзідэнта на вачах перарастае ў скандал еўрапейскага маштабу.
У гісторыі нямецкай журналістыкі хапала выпадкаў, калі палітык (у тым ліку замежны) абураўся, пабачыўшы ў сатырычнай прэсе матэрыял пра сябе. Дастаткова ўзгадаць скандал 2006 года, калі леваліберальная «Tageszeitung» назвала братоў Качыньскіх, партыя якіх «Права і Справядлівасць» прыйшла да ўлады ў Польшчы, «новым гатункам польскай бульбы». Польскі прэм’ер Яраслаў Качыньскі жарт не зразумеў, палічыў выхадку «злачынствам». Гучная перапалка паміж рэдакцыяй і канцылярыяй польскага ўраду, аднак, ніякіх наступстваў не мела.
Прыкладна гэтак жа было і ў іншых выпадках. Напэўна, самым вялікім пакараннем для сатырычнага выдання ў ФРГ, якое падазравалі ў замаху на гонар і годнасць палітычнага дзеяча, была канфіскацыя накладу. А часопіс «Titanic» нават паставіў у гэтым рэкорд — яго наклад арыштоўвалі 35 разоў.
Аднак цяпер у стаўленні нямецкай Феміды і ўлады да сатыры шмат што змянілася. Ангела Меркель не выключыла, што супраць Яна Бёмермана, вядучага сатырычнага шоу «Neo Magazin Royale», якое выходзіць на лічбавым тэлеканале «ZDFneo», можа быць распачата крымінальная справа. Заяве канцлера папярэднічаў напэўна ўжо вядомы чытачам скандал, які пачаўся яшчэ 31 сакавіка, калі вядучы шоў высмеяў турэцкага прэзідэнта.
У адказ турэцкае міністэрства замежных спраў выклікала нямецкага пасла і запатрабавала пакарання для журналіста «ZDFneo». Яшчэ далей пайшоў намеснік турэцкага прэм’ера, які ахарактарызаваў творчасць Бёмермана як «цяжкае злачынства супраць гуманізму». Такі тон, у сваю чаргу, абурыў нямецкіх палітыкаў, якія пабачылі ў гэтым спробу ціску на свабоду слова ў Германіі.
Гісторыя развіваецца на фоне здзелкі, якую Еўропа рыхтуе з Турцыяй. Апошняя за адпаведныя бонусы (крэдыты і адмену візаў) гатовая паставіць фільтр на шляху сірыйскіх эмігрантаў у Еўропу. Флірт Еўрасаюза з Анкарой выклікаў пратэсты некаторых фракцый еўрапейскай грамадскасці, якія лічаць, што дамова будзе азначаць выдачу Эрдагану індульгенцыі на аўтарытарны ўнутрыпалітычны курс. Акрамя таго, Анкара можа атрымаць інструмент для шантажу Еўропы.
Тое, што Меркель так хутка пайшла насустрач Эрдагану ў пытанні пакарання журналіста, шматлікія каментатары тлумачаць новым фарматам еўрапейска-турэцкіх адносінаў. Газета «Dіe Welt» нават пафасна назвала словы Меркель актам Kniefall (кленчанне), якое другі раз у гісторыі робіць нямецкі лідар. Першым Kniefall зрабіў, як вядома, імператар Генрых Чацвёрты, які ў 1077 годзе ўпаў на калені перад Рымскім Папам, каб атрымаць прабачэнне. Сёння, маўляў, на каленях стаіць Меркель, праўда, не перад Пантыфікам, а перад туркам. Нездарма ў якасці іранічнага каментара да справы Бёмермана брытанскі «The Spectator» заклікаў аўдыторыю не пакідаць у каментарах на сайце выдання абразлівых выразаў наконт турэцкага лідара. Маўляў, дзякуючы дамове з ЕС цяпер Эрдаган можа пакараць любога грамадзяніна Еўропы.
Аднак у гэтай справе з’явіўся новы паварот. Шматлікія немцы, якія вырашылі азнаёміцца з прадметам спрэчкі, нечакана занялі бок Турцыі. На іх думку, Бёмерман у сваёй творчасці перайшоў мяжу, якая падзяляе мастацтва (нават у самым бескампрамісным выглядзе) і звычайную пахабшчыну. У змесце песенькі, якая так абразіла турэцкага лідара, сапраўды няма дэфіцыту ў супярэчлівых высновах. Напрыклад, Эрдагану прыпісваюцца секс з жывёламі, захапленне парнаграфіяй, у тым ліку дзіцячай. Таму некаторыя калегі па сатырычнаму і журналісцкаму цэху вырашылі ў выніку адвярнуцца ад Бёмермана.
Праўда, ёсць у вядучага «Neo Magazin Royale» і абаронцы. На іх думку, толькі жанр правакацый дазваляе абудзіць грамадства, прыцягнуць інтарэс да праблемы. У дадзеным выпадку дзякуючы творчасці Бёмермана ўвесь свет пачаў казаць пра аўтарытарную прыроду рэжыму Эрдагана. Існаванне табу, маўляў, наадварот, толькі кастрыруе сатыру.
Пакуль публіка спрачаецца, сам сатырык, па сутнасці, знаходзіцца пад хатнім арыштам — яму забаронена выходзіць з яго дому ў Кёльне, кантактаваць са знешнім светам праз пагрозу яго бяспецы і, натуральна, весці сваю праграму. Дом, дзе жыве Ян, ахоўваецца паліцыяй.
У прынцыпе, большасць каментатараў дапускаюць наступны сцэнар развязкі гісторыі: супраць Бёмермана сапраўды завядуць справу па артыкуле, які прадугледжвае турэмны тэрмін. Аднак у выніку рознага кшталту змякчальных абставін суд абмяжуецца банальным штрафам. Пасля гэтага ўсё вернецца на свае месцы.
Але і тут ёсць адно «аднак». Каб рэалізаваць такі няхітры план, спатрэбяцца публічныя судовыя працэдуры, падчас якіх можа адбыцца ўсё, што заўгодна. Эрдаган сапраўды ўспрымаецца шматлікімі туркамі як глабальная, амаль сакральная фігура, на якой трымаецца ўся краіна. Не кажучы пры тое, што турэцкі афіцыёз трактуе верш Бёмермана як абразу не персанальна кіраўніка Турцыі, а ўсіх туркаў. Сярод якіх, натуральна, можа з’явіцца жадаючы адпомсціць сатырыку за гонар нацыі.