Беларусь зноў у дзесятцы найгоршых краінаў што да свабоды слова

Узровень свабоды слова летась апусціўся да самага нізкага ўзроўню за апошнія 12 гадоў. Такая выснова новага дакладу амерыканскай няўрадавай арганізацыі Freedom House.

cens.jpg

«Захады супраць свабоды прэсы былі найбольш моцнымі на Блізкім Усходзе і ў Турэччыне, дзе ўрады і групы баевікоў ціснулі на журналістаў і СМІ, каб тыя займалі пазыцыю «з намі ці супраць нас», гаворыцца ў дакладзе, абнародаваным сёння ў Вашынгтоне.


У ім адзначаецца, што самым небяспечным месцам ў свеце для журналістаў застаецца Сірыя, дзе летась былі забітыя прынамсі 14 журналістаў. Тры сырыйскія журналісты былі забітыя ў Турэччыне, па ўсёй верагоднасці баевікамі тэрарыстычнай групоўкі «Ісламская дзяржава».


Дакумент таксама характарызуе Расею як «наватара сучаснай дзяржаўнай прапаганды», які зрабіў больш жорсткім інфармацыйны кантроль дома, а таксама актывізаваў намаганні, каб маніпуляваць сродкамі масавай інфармацыі ў «геапалітычна значных» суседніх дзяржавах, такіх як Украіна, Малдова, краіны Балтыі і Цэнтральнай Азіі. Паводле аналітыка Freedom House Алены Агхелян, асабліва глабальны характар набыла прапаганда праз спадарожнікавы канал «Спутник».


У дакладзе даецца ацэнка свабоды СМІ ў 199 краінах і тэрыторыях. Беларусь заняла адно з апошніх месцаў 192-е. Пры тым Крым мае 195-е, Узбекістан і Туркменістан адпаведна 197-е і 198-е. Самы апошні радок займае Паўночная Карэя.