Калі прэзідэнт — не прэзідэнт

Малдова ўпершыню за 20 гадоў будзе 30 кастрычніка абіраць прэзідэнта ўсеагульным галасаваннем. Шмат хто лічыць гэта рэгрэсам. Сітуацыю «Новаму Часу» тлумачыць малдаўскі грамадскі актывіст Сяргей Грыгарчук.

111863.jpg


— Канстытуцыйны суд Малдовы 5 сакавіка аднавіў ранейшую форму абрання прэзідэнта: цяпер яго будзе абіраць не парламент, а народ усеагульным галасаваннем. Навошта спатрэбілася рэформа?

— Наогул, змяніць Канстытуцыю ў Малдове можна толькі двума шляхамі: альбо з дапамогай рэферэндуму, альбо галасаваннем 67 са 101 дэпутата парламента. У абодвух выпадках гэта доўгая працэдура, якая займае не менш за паўгода. І тут адбываецца сюрпрыз. 5 сакавіка Канстытуцыйны суд адмяняе цэлыя раздзелы дзеючай Канстытуцыі і ўводзіць наўпроставае абранне прэзідэнта. Чаму? Відавочна, што рашэнне пра ўсеагульнае галасаванне было саступкай для апазіцыі, спробай збіць рытм пратэстаў, якія ахапілі краіну супраць так званага «крадзяжу стагоддзя» — знікнення з рахункаў малдаўскіх банкаў каля мільярда еўра. Дасюль шмат хто лічыць, што апазіцыя дапусціла памылку, калі пагадзілася прыпыніць пратэсты ўзамен на рэформу, пагналася за нічога не вырашальнай, але знешне прэстыжнай пасадай прэзідэнта.

— То бок, прэзідэнт у Малдове — фігура прадстаўнічая?

— Малдова, паводле Канстытуцыі, — парламенцкая рэспубліка, і таму ўсе ключавыя рашэнні прымаюць парламент і ўрад. У прэзідэнта як кіраўніка дзяржавы, на самай справе, не так шмат паўнамоцтваў. Ён нават не мае права накладаць вета на рашэнне дэпутатаў. Без перавыбараў парламента нічога ў краіне не зменіцца. Нават калі аднаму з апанентаў улады і пашанцуе, і ён усё ж стане прэзідэнтам, гэтая асоба не будзе асабліва бянтэжыць рэжым, таму што распусціць парламент без ухвалення таго самага Канстытуцыйнага суду немагчыма. Такім чынам, любы вынік галасавання стабілізуе становішча яшчэ як мінімум на два гады, да наступных парламенцкіх выбараў.

— Тым не менш, 11 чалавек падаліся кандыдатамі ў прэзідэнты Малдовы. Хто з іх мае шанцы стаць гарантам?

— Усур’ёз разглядаюцца тры кандыдаты: Ігар Дадон з партыі сацыялістаў, патрыярх мясцовай палітыкі Марыян Лупу (Дэмакратычная партыя Малдовы) і, нарэшце, новая зорка ў лагеры дэмакратаў — Майя Санду. На цяперашні момант самы вялікі рэйтынг у Дадона, які мае імідж прарасійскага палітыка.

— Што, у двух словах, прапануе фаварыт выбарчай кампаніі?

— У Дадона вельмі радыкальная геапалітычная фразеалогія. Дастаткова сказаць, што ён абяцае нават скасаваць асацыяцыю краіны з ЕС і пераарыентацыю на Еўразійскі эканамічны саюз. Лідар сацыялістаў таксама абяцае выра­шыць прыднястроўскае пытанне праз вяртанне да «плану Козака» — стварэння Малдоўскай федэрацыі, дзе адным з суб’ектаў будзе не прызнанае сёння Прыднястроўе. Аднак да ўсіх гэтых абяцанняў трэба ставіцца вельмі асцярожна. Дадон — стары сябра малдоўскай карумпаванай палітычнай сістэмы. Трэба ўлічыць досвед камуніста Вароніна, які дзесяць гадоў таму абяцаў нешта падобнае, а пасля, стаўшы прэзідэнтам, нічога не рэалізаваў, «кінуўшы» Крэмль. Прынамсі, у маскоўскай прэсе асаблівага аптымізму наконт фігуры Дадона няма. Нават сцвярджаюць, што малдоўская дзяржава не адбылася, і гэта так званы «failed state».

— Такія ацэнкі характэрныя і для аматараў рэінтэграцыі Румыніі і Малдовы. Між тым вядома, што ў 2018-м будзе адзначацца сотая гадавіна анексіі Малдовы Румыніяй. Пад гэтую дату ў Бухарэсце некаторыя палітсілы рыхтуюць рымейк аб’яднання. Ці гучаць падобныя лозунгі падчас цяперашняй кампаніі?

— Лібералы былі ў апараце кіраўніцтва рэспублікі на працягу апошніх шасці гадоў. У сувязі з гэтым праект уніі з Румыніяй і інтэграцыі ў Еўрасаюз, безумоўна, страціў некаторую прывабнасць. Акрамя таго, самі лідары юніаністаў дапускаюць вельмі маргінальныя заявы. Нядаўна Міхаіл Гімпу (лідар лібералаў) паабяцаў, што наступным крокам пасля аб’яднання Малдовы і Румыніі стане высоўванне тэрытарыяльных патрабаванняў да Украіны. Наўрад ці такія выбрыкі вітаюцца ў Еўропе. Аднак на самай справе праект «уніі» сапраўды на вачах рэалізуецца. Як жартуюць малдаване, краіна і так усё больш нагадвае Румынію, праўда, 30-х гадоў ХХ стагоддзя, калі ў Малдове былі толькі школы з чатырма класамі навучання.

— Асноўным кандыдатам ад дэмакратаў выступае 43-гадовая Майя Санду. Гэта новае імя на палітычным рынку Малдовы. Хто яна такая, і ці здольная надаць новы імпульс руху за еўраінтэграцыю?

— Майя Санду ўвайшла ў малдаўскую палітыку параўнальна нядаўна: чатыры гады таму, стаўшы ў ліпені 2012-га міністрам адукацыі. Пасля з’ехала ў ЗША, адкуль нечакана вярнулася ў статусе новага перспектыўнага палітыка. Асноўны пастулат яе праграмы — неабходнасць змяніць карумпаваны палітычны клас, які тармозіць рэформы. У выпадку перамогі яна абяцае перамены, якія забяспечаць празрыстасць дзяржаўнай вертыкалі. Пра яе перспектывы казаць занадта рана, паколькі не паспела яна сунуцца ў палітыку, як на яе пайшоў кампрамат, які можа шмат ёй каштаваць. Напрыклад, раптам стала вядома, што Майя чамусьці не мае арыгінала дыплому пра заканчэнне ВНУ. Ёсць яшчэ адзін момант. Інстытуцыйныя рэформы — інстытуцыйнымі рэформамі, але краінай трэба кіраваць зараз. Таму на Захадзе, падаецца, шукаюць кампрамісу з цяперашняй карумпаванай групоўкай алігарха Плахатнюка, якая, дэ-факта, кантралюе дзяржаўныя структуры.