У Малдове не змаглі выбраць прэзідэнта ў першым туры
У першым туры прэзідэнцкіх выбараў у Малдове 30 кастрычніка ніводзін з кандыдатаў не пераадолеў неабходны для перамогі 50-адсоткавы бар'ер. Пра гэта заявіў сябра Цэнтравыбаркама краіны Юрый Чокан пасля падліку 98% галасоў.

Фота: noi.md
На цяперашні час сацыяліст і прарасійскі лідар Ігар Дадон набраў 48,7% галасоў, лідар апазіцыйнай праеўрапейскай "Партыі дзеяння і салідарнасці" Мая Санду — 37,9%. Як адзначае ВВС, аналітыкі прагназавалі асноўнае змаганне менавіта паміж гэтымі двума кандыдатамі.
Раней паведамлялася, што другі раўнд прэзідэнцкіх выбараў будзе прызначаны на 13 лістапада.
Апошнія прамыя выбары прэзідэнта ў Малдове адбыліся ў 1996 годзе. З 2000 года кіраўніка дзяржавы абіраў парламент. Толькі сёлета ў сакавіку канстытуцыйны суд пастанавіў вярнуцца да ўсенародных прэзідэнцкіх выбараў. Рашэнне было прынятае пасля масавых антыўрадавых пратэстаў у 2015-м і на пачатку 2016 года.
Для перамогі ў першым туры аднаму з кандыдатаў неабходна было набраць 50% плюс адзін голас.