Абама лічыць, што ЗША апынуцца «ў небяспецы», калі пераможа Трамп

Прэзыдэнт ЗША Барак Абама заявіў, што «рэспубліцы пагражае небясьпека», калі Дональд Трамп пераможа на прэзыдэнцкіх выбарах, патлумачыўшы гэта «ўнікальнай непрыдатнасьцю» нью-ёркскага будаўнічага магната да працы ў якасьці кіраўніка дзяржавы.

3acb7c98_2857_4fb0_a4b9_42e0eb71110a_w987_r1_s.jpg


Абама заявіў пра гэта ў сераду на мітынгу ў падтрымку Гілары Клінтан у Чапэл-Хіл у Паўночнай Караліне — «рухомым» штаце, які абодва кандыдаты лічаць важным для сваёй перамогі ў барацьбе за Белы дом.
Па словах Абамы, на выбарах у 2008 і 2012 гадах у яго не было адчування, што краіна апынецца ў небяспецы, калі ён прайграе сваім рэспубліканскім апанэнтам.
«Я канкураваў з Джонам Макейнам. Я канкураваў з Мітам Ромні, — нагадаў Абама. — Я лічыў, што я буду лепшым прэзыдэнтам, але я ніколі ня думаў, што рэспубліка апынецца ў небяспецы ў выпадку іх абрання».
Ён заклікаў жыхароў Паўночнай Караліны не быць бесклапотнымі і не дапускаць думкі пра тое, што голас кожнага з іх нічога не значыць. Паводле яго словаў, калі выбарнікі вырашаць застацца дома ў дзень выбараў, гэта палегчыць працу тым, хто хоча заглушыць іх галасы.
«Не хачу ціснуць на вас, але лёс рэспублікі ляжыць на вашых плячах, — сказаў Абама. — Лёс свету вісіць на валаску, і вы, жыхары Паўночнай Караліны, павінны зрабіць так, каб мы змянілі яго ў правільным кірунку».
Прэзыдэнт выступіў з асобным зваротам да чарнаскурых выбарнікаў, якія, паводле яго словаў, «не настолькі моцна натхнёныя», паколькі ў гэтым годзе яго імені не будзе ў бюлетэні.
«Я хачу, каб усе разумелі, што лёс усіх нашых дасягненняў залежыць ад таго, ці перадам я эстафэтную палачку чалавеку, які верыць у тое ж, што і я», — сказаў Абама ў радыёперадачы Тома Джойнера раней у той жа дзень.
Апошнія апытаньні паказваюць, што ў Паўночнай Караліне Трамп апярэджвае Клінтан на долі працэнта.
Выступаючы на мітынгу ў Пэнсаколе, штат Флорыда, Трамп заявіў, што Абама павінен спыніць кампанію ў падтрымку «ганебнай Гілары» і вярнуцца ў Авальны кабінэт, дзе ён павінен заняцца стварэньнем працоўных месцаў і бясьпекай амэрыканскіх межаў.
Паводле svaboda.org