Камбаты сістэму не зломяць

Спецыфіка выбарчай кампаніі ва ўкраінскую Вярхоўную Раду — наяўнасць у партыйных спісах жаўнераў добраахвотных батальёнаў. Пра феномен парамілітарнай дэмакратыі разважае кіеўскі палітолаг Алеся Шаўчэнка.



rada1.jpg

— Сямён Сяменчанка (батальён «Данбас»), Андрэй Цецярук (батальён "Міратворац"), Ігар Папоў (батальён «Луганск»)... Гэта толькі некалькі камбатаў, якія вырашылі падацца ў палітыку. Як разумець гэты феномен?

— Такой колькасці жаўнераў у топах выбарчых спісах дакладна ніколі не было. Байцоў батальёнаў запісваюць нават у партыі, якія, быццам, з’яўляюцца пацыфісцкімі. Напрыклад, экалагічная партыя «Зялёная планета» ўключыла ў свой спіс сяброў батальёну "Кіеўская Русь», каб «не дапусціць экалагічную катастрофу на ўсходзе Украіны». Таму я мяркую, што мы маем справу са своеасаблівай праявай часу. Акрамя таго, у электарату папулярны лозунг Майдану — даеш новыя твары ў палітыцы! Іншымі словамі, сфармуліраваны грамадскі запыт на такога кшталту персон. Піяр-тэхнолагі канстатуюць з’яву і вымушаныя рэагаваць, уключаючы сяброў батальёнаў у партыйныя спісы.

— Які сацыялагічны партрэт вайскоўца, што падаўся на выбары?

— Гэта людзі 30–40 гадоў, як правіла, з сярэдняй адукацыяй або незакончанай вышэйшай. У большасці — гэта выхадцы з матэрыяльна кепска забяспечаных груп. Ёсць людзі з сярэдняга класа і са студэнцтва. Агульнай рысай амаль для ўсіх камбатаў з’яўляецца адсутнасць навыкаў прафесійнага вайскоўца.

— Наколькі людзі накшталт Сямёна Сямечанкі сапраўды здольныя ўплываць на сур’ёзную палітыку?

— У гісторыі Украіны быў падобны эпізод. Маю на ўвазе партыю УНА-УНСО, якая таксама мела мілітарную секцыю. У часы ранняга Кучмы ў Раду па мажарытарных акругах прарвалася чатыры яе сябра. Яны выдзяляліся сярод дэпутатаў сваімі вайсковым гардэробам, аднак усур’ёз ні нашто не ўплывалі. Ва ўкраінскай сістэме важныя рашэнні прымаюцца вельмі вузкім колам, і тут талент палкаводца або вайсковая біяграфія не запатрабаваныя.

— Вядомы кіеўскі палітолаг Мікола Пагрэбінскі сцвярджае, што такая колькасць камбатаў можа аказацца крытычнай для новага парламенту. Быццам, яны змогуць за кошт мандату праводзіць у сесійную залу іншых байцоў батальёнаў, якія пачнуць ціснуць на дэпутацкую масу падчас галасавання. Ён прагназуе, што Вярхоўная Рада будзе падобнай на Цэнтральную Раду пачатку 1918 года, дзе ўсё вырашаў галоўны атаман Пятлюра, а не партыйныя групы.

— Гэта адна з варыяцый папулярнага зараз прагнозу, паводле якога Украіна паўтарыць шлях Італіі, дзе пасля першай сусветнай вайны Беніта Мусаліні з франтавікамі, якія аб’ядналіся ў партыю фашыстаў, прыйшлі да ўлады. Аднак пакуль усё ідзе, хутчэй, не карысць такога сцэнару. Замест таго, каб аб’яднацца пад адным партыйным дахам, камбаты разбегліся па спісах розных партый і агучваюць іх праграмы. Гэта яскрава сведчыць пра адсутнасць у іх саміх сістэмнай альтэрнатывы. У дадатак хлопцы з фронту не разумеюць, наколькі брудная ўкраінская палітыка, дзе важную ролю адыгрывае кампрамат на праціўніка. Супраць камбатаў ужо пачалі выкарыстоўваць чорны піяр. Напрыклад, таго ж Сяменчанку абвінавацілі ў тым, што ён адправіў на смерць адну з ротаў батальёну "Данбас" дзеля асабістага піяру. Ніхто на самай справе не здольны сказаць, праўда гэта або хлусня, аднак так ці інакш міф вакол камбатаў паступова разбураецца. Як следства, іх прэтэнзіі на тое, каб руліць дзяржавай, карыстаюцца ўсе меншай падтрымкай украінцаў.

— Ці сапраўды валанцёрскія батальёны адыгрываюць важную ролю ў вайне на Усходзе?

— Агульнага малюнку няма, паколькі з самага пачатку гэтым фармаванням адводзілася функцыя тылавой міліцыі, якая павінна наводзіць парадак ва ўжо захопленых войскамі пунктах. Аднак вельмі часта батальёны рвуцца на перадавую. Часам такі гераізм меў пазітыў, напрыклад падчас захопу горада Шчасце або Марыупаля, а часам, наадварот, прыводзіў да катастрафічных наступстваў для ўсяго фронту. Распаўсюджана версія, што менавіта авантурызм батальёнаў дазволіў сепаратыстам стварыць кацёл пад Ілавайскам. У дадатак на днях з’явілася заява арганізацыі Amnisty Internatonal, якая заклікае Яцэнюка прыцягнуць кіраўніцтва шэрагу батальёнаў да адказнасці за злачынствы супраць мірнага насельніцтва.

— Якое стаўленне ў кантрактнікаў або салдат тэрміновай службы Украінскіх узброеных сілаў дабатальёнаў?

— Дакладна вядома пра шэраг канфліктаў паміж кадравымі афіцэрамі і валанцёрамі. Ніякай палітыкі тут няма. Папросту ў батальёнах шмат рамантыкаў, якія не прымаюць шэры вайсковы быт з муштрай, рыццём акопаў, дзяжурствамі і г.д. Батальёны не любяць за тое, што ўвага грамадства і прэсы, матэрыяльная дапамога з тылу перш за ўсё дастаецца менавіта ім. У сваю чаргу, камбаты сцвярджаюць, што іх часткі наўмысна пасылаюць на самыя небяспечныя ўчасткі фронту, каб хутчэй ад іх пазбавіцца. Мяркую, што канфлікты такога кшталту звязаныя з псіхалагічнай нестыкоўкай, калі валанцёры матывавана змагацца супраць сепаратыстаў, а звычайныя жаўнеры не вельмі жадаюць лезці пад кулі.

— Вяртаючыся да выбараў. Якія перспектывы ў парламента, што будзе абраны напрыканцы кастрычніка?

— Новая Вярхоўная рада наўрад ці будзе працаваць 5 гадоў, як таго патрабуе закон, і хутка ў вачах выбаршчыкаў яна стане адказнай за эканамічныя праблемы, якія, відавочна, чакаюць Украіну ўзімку. Камбаты з дэпутацкімі мандатамі стануць закладнікамі гэтага трэнду. І ў тым ліку таму, што вайна працягваецца, і фронт будзе нараджаць новых герояў, якія будуць выглядаць больш свежымі і шчырымі на фоне парламентарыяў, з якіх СМІ будуць рабіць медыя-персон. Магчыма, што інкубатарам новай генерацыі палітыкаў стане новы Майдан. Канфрантацыя паміж алігархічнымі фракцыямі нарастае штодня, і ўжо цяпер паўзуць чуткі, што Фірташ — адзін са спонсараў Еўрамайдану — думае пра арганізацыю новага пратэсту, толькі на гэты раз супраць Парашэнкі. Таму большасць прозвішчаў цяперашніх камбатаў праз пяць гадоў ужо ні пра што не скажуць абывацелю. Аднак, паўтаруся, тут не столькі іх віна, колькі сістэмы. Я пакуль не бачу ў камбатаў патэнцыялу яе зламаць.