Актывісты Руху «За Свабоду» атрымалі першыя адмовы ў правядзенні пікетаў супраць вайны ва Украіне
Актывісты Руху «За Свабоду» Алесь Марчанка і Арцём Лява, якія ініцыявалі «Карусель пікетаў» каля пасольства РФ у Мінску супраць ваенных дзеянняў ва Украіне, атрымалі адмову з гарвыканкама.
«Адказы абсалютна аднолькавыя. У іх напісана, што “заява не адпавядае патрабаванням артыкулаў 5 (заява пра правядзенне акцыі), 9 (месца і час правядзення акцыі) закона “Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь”», — распавялі арганізатары акцыі.
У сувязі з гэтым, дадалі яны, «Мінгарвыканкам не дазволіў правядзенне пікетавання каля амбасады Расіі на адлегласці больш за 50 м ад будынка». Адмова была падпісаная намеснікам старшыні гарвыканкама, адказным за ідэалогію, старшынёй Кампартыі Беларусі Ігарам Карпенкам.
Як распавёў сайту Pyx.by Арцём Лява, заяўнікі плануюць абскардзіць забароны. «Мы лічым іх незаконнымі і перадузятымі», — адзначыў сябра Рады Руху «За Свабоду».
Ён нагадаў, што заявы былі падрыхтаваныя ў супрацы з юрыстамі і праваабаронцамі.
Па словах Арцёма Лявы, іншыя заяўнікі пакуль адмоваў не атрымлівалі.
Кампанію «Карусель пікетаў» актывісты Руху «За Свабоду» Арцём Лява і Алесь Марчанка распачалі ў пачатку верасня. Яны прапануюць кожны дзень падаваць заяўкі на пікеты каля амбасады Расіі з патрабаваннем спыніць ваенныя дзеянні ва Украіне. Да кампаніі далучыліся таксама іншыя актывісты, але ініцыятары прапануюць далучацца ўсіх ахвотных.
Для гэтага трэба мець бланк заяўкі, якія сёння з'явяцца на сядзібе Партыі БНФ (вул. Чарнышэўскага, 3 у Мінску), акрамя таго, па іх можна звяртацца да арганізатараў акцыі (+375 29 7518143 Арцём Лява). Арганізатары просяць пазначаць дзень, на які яны плануюць падаваць заяўку.