Канец аднаПАРтыйнай эпохі. Дасье ў карыкатурах
У Паўднёвай Афрыканскай Рэспубліцы (ПАР) у выніку ўсеагульных выбараў 29 мая адбылася эпахальная падзея, якая, зрэшты, была чаканай. Вядома, не абмінулі яе ўвагай і карыкатурысты.
Сутнасць эпахальнай падзеі ў тым, што партыя «Афрыканскі нацыянальны кангрэс» (ANC), набраўшы 40,2% галасоў, страціла абсалютную большасць у парламенце. Кангрэс кіраваў краінай з моманту дэмантажу апартэіду ў 90-я ХХ стагоддзя. У многім гэты феномен тлумачыцца тым, што менавіта Кангрэс быў галоўным апанентам рэжыму апартэіду, а яго лідар Нэльсан Мандэла ўвогуле меў статус культавай фігуры для ўсяго свету. Калі Мандэла памёр, графікі нават не саромеліся параўноўваць яго з сонцам.

Пасля смерці Мандэлы ўзровень даверу да ANC паступова скарачаўся. Гэта стала вынікам таго, што Кангрэс не імкнуўся выконваць абяцанкі, дадзеныя на першых выбарах у далёкім 1994 годзе: перш за ўсё, барацьба з беспрацоўем і злачыннасцю, павышэнне якасці медыцыны і іншых сацыяльных паслуг. Папулісцкі характар перадвыбарных абяцанняў ANC ілюструе карыкатура, на якой прадстаўлены самыя вялікія літаратурныя творы ў жанры фантастыкі. Гэта «Уладар пярсцёнкаў», «Гульня тронаў» і перадвыбарчы маніфест Афрыканскага нацыянальнага кангрэса.

Другім фактарам, які падарваў пазіцыі Кангрэса, стаў Джэйкаб Зума — былы яго лідар і прэзідэнт ПАР. Раней яго судзілі за карупцыю і пагражалі забараніць удзельнічаць у выбарах. Але 81-гадовы Зума не здаецца. Ён стварыў партыю «Кап’ё нацыі», якую падтрымалі многія былыя выбаршчыкі Кангрэса. На гэтым малюнку Зума адразае сабе кавалак ад электарату АNС, што выяўлены ў выглядзе торта.

Так ці інакш, упершыню з пачатку дзевяностых АNC не будзе кіраваць дзяржавай у адзіночку. Цяпер давядзецца ствараць правячую кааліцыю. Найбольш верагодны сцэнар — аб'яднанне з радыкальнай партыяй Джуліуса Малемы «Змагары за эканамічную свабоду». Але гэта стварае рызыку працягу і паскарэння працэсу канфіскацыі актываў і маёмасці белай меншасці. На думку многіх, такі сцэнар закончыцца калапсам нацыянальнай эканомікі. Не выпадкова на гэтай карыкатуры Малема ўяўляе сябе як гаранта таго, што ў краіне наступіць «пісец».

Менш верагодны сцэнар аб'яднання кіруючай партыі з ліберальным празаходнім «Дэмакратычным альянсам» (DA) пад кіраўніцтвам Джона Стэнхейзэна. У тым ліку з-за розных падыходаў да міжнароднай позвы. У адрозненне ад АNС, які публічна асуджае вайну Ізраіля ў сектары Газа, Альянс наадварот заўсёды на баку Тэль-Авіва. Некаторыя лічаць, што менавіта праізраільскія лозунгі дыскрэдытавалі партыю Стэнхейзена. На гэтым малюнку праізраільскія погляды лідара Альянсу перашкаджаюць партыі атрымліваць галасы выбаршчыкаў.

Самым экзатычным сцэнаром новай кааліцыі было б партнёрства АNC з партыяй усё таго ж Джэйкаба Зума. Але пакуль Зуме не да гэтага. Той заявіў, што не прызнае вынікі галасавання і запатрабаваў пераліку бюлетэняў. Усё гэта вельмі небяспечна з улікам таго, што Зума іграе на нацыянальных матывах. Асноўная база падтрымкі кіруючай партыі АNC — народ каса. У сваю чаргу, Зума прадстаўляе зулусаў. Этнічнага канфлікту, спадзяемся, атрымаецца пазбегнуць, але многія ўжо хвалююцца, у тым ліку мастакі. На малюнку Джэйкаб Зума фактычна бярэ краіну ў закладнікі.

Прадбачыць вынікі перамоваў аб стварэнні кааліцыі пакуль няпроста. Аднак у далейшым трэба будзе вырашаць куды важнейшае пытанне: як рухацца краіне з адносна паспяховай у мінулым эканомікай, якая цяпер знаходзіцца ў крызісе, і як наладзіць кіраванне ва ўмовах, калі партыя ўлады стала губляе аўтарытэт.