Канец Паданіі

Ці захаваецца на італьянскай палітычнай сцэне рух за федэралізацыю Італіі пасля адстаўкі Умберта Босі, лідара партыі «Ліга Поўначы»?

Амаль на ўсіх сваіх біёграфаў Босі рабіў уражанне невысокага, сціплага, амаль шэрага чалавека. Так, аўтар кнігі «Il Vento della Padania», наступным чынам апісвае з’яўленне Босі на адным з першых мітынгаў «Лігі Поўначы»: «Уразіў яго (Босі) танны гарнітур, які ў дадатак даўно выйшаў з моды. Ён больш нагадваў сціплага коміваяжора, чым лідара адной з масавых партый».



Ці захаваецца на італьянскай палітычнай сцэне рух за федэралізацыю Італіі пасля адстаўкі Умберта Босі, лідара партыі «Ліга Поўначы»?
Амаль на ўсіх сваіх біёграфаў Босі рабіў уражанне невысокага, сціплага, амаль шэрага чалавека. Так, аўтар кнігі «Il Vento della Padania», наступным чынам апісвае з’яўленне Босі на адным з першых мітынгаў «Лігі Поўначы»: «Уразіў яго (Босі) танны гарнітур, які ў дадатак даўно выйшаў з моды. Ён больш нагадваў сціплага коміваяжора, чым лідара адной з масавых партый».
Магчыма, палітык доўгі час удала маскіраваўся пад выхадца з асяродку дробнай буржуазіі, інтарэсы якой прадстаўляў, або сам з часам змяніўся. Аднак у свеце апошняга скандалу лідар «Лігі Поўначы» выглядае абсалютна іншым.
6 красавіка Босі быў вымушаны падаць у адстаўку з пасады кіраўніка партыі з-за скандалу з крадзяжом сродкаў з партыйнай касы. Падчас пракурорскага расследавання высветлілася, што партыйная каса выкарыстоўвалася не па прызначэнні. У тым ліку са сродкаў партыі была аплачана вучоба ў швейцарскім універсітэце сына Умберта, які некалькі гадоў таму не змог атрымаць атэстат сталасці, аднак пры гэтым займае (!) пасаду дарадчыка рэгіянальнага ўрада Ламбардыі. З партыйнай касы для сына быў набыты і аўтамабіль «Audi A6».
Адтуль жа чэрпаліся сродкі на рэстаўрацыю сямейнай вілы Босі і аплату медыцынскіх і іншых рахункаў яго жонкі і г.д. Зразумела, што такім немалым выдаткам павінны адпавядаць паступленні. Следчыя выявілі наяўнасць нелегальных крыніц фінансавання партыі. Цяпер следствам адпрацоўваецца нават магчымы мафіёзны след гэтых крыніц.
Сыход Умберта адразу выклікаў пытанне пра будучыню сепаратысцкага руху за аўтаномію Паўночнай Італіі. Менавіта Босі стаў аўтарам палітычнага напрамку, які ён (на той час звычайны інжынер) заснаваў у сярэдзіне 1980-х гадоў, калі пакінуў шэрагі кампартыі.
У 1990-я гады, у час крызісу даверу да старых партый (следства карупцыйных скандалаў), рэйтынг «Лігі Поўначы» пайшоў уверх. Ідэі, што за ўсе праблемы адказныя эмігранты з Поўдня, а сапраўднай палітычнай альтэрнатывай ёсць стварэнне асобнай аўтаноміі або нават дзяржавы Паданія, спадабаліся жыхарам багатых раёнаў Поўначы. Паступова «Ліга Поўначы» стала трэцяй палітычнай сілай у італьянскім парламенце. З прыходам у палітыку Сільвіа Берлусконі, «Ліга Поўначы» стала яго галоўным партнёрам па ўрадавых кааліцыях і атрымлівала міністэрскія партфелі.
Больш таго, у 2010 годзе партыя Босі ўсё ж прымусіла Рым пачаць працэс федэралізацыі краіны. Цэнтр перадаў мясцовым камунам, галоўным чынам на Поўначы, шмат маёмасці. Прэм’ер Берлусконі казаў, што не бачыць праблемы ў федэральным прынцыпе дзяржаўнага ладу. Нават левая апазіцыя не галасавала супраць пачатку дэцэнтралізацыі.
Адпаведна планам Босі, гэта была першая стадыя схемы федэралізацыі. Да наступнай, аднак, так і не дайшло. З-за серыі скандалаў з удзелам прэм’ера Берлусконі амбіцыйныя планы давялося адкласці далёка на паліцу. Па ходу таго, як над Берлусконі збіраліся хмары, для захавання твару «Ліга Поўначы» ўвогуле пакінула ўрад.
Яшчэ ўчора здавалася, што праблемы Берлусконі адчыняць для «Лігі Поўначы» новыя гарызонты. На пачатак мая ў Італіі прызначаны муніцыпальныя выбары, і правацэнтрысцкі электарат, расчараваны «Кавалерам» (мянушка Берлусконі), тэарэтычна мог аддаць галасы за «Лігу Поўначы».
Але пасля 6 красавіка «Ліга Поўначы» вымушана сама думаць, як выжыць. Шок ад навіны пра непатызм Босі настолькі моцны, што некаторыя сябры партыі сцвярджаюць: Умберта стаў ахвярай змовы «жыдамасонаў», якія спецыяльна падаслалі да яго сваіх агентаў, якія ледзь не прымусілі Умберта браць хабары.
Цяпер партыяй часова кіруе «тройка»: Раберта Мароні, Раберта Кальдэроні і Мануэла Даль Лага. Улетку адбудзецца федэральны кангрэс, на якім абяруць новага старшыню.
Галоўны кандыдат — Раберта Мароні па мянушцы «Бабо». Ён — ветэран руху, а таксама праславіўся як міністр унутраных спраў у апошнім урадзе Берлусконі. Менавіта па яго загаду з Італіі ў 2009 годзе была выслана ў Лівію без усякіх судовых фармальнасцяў група асобаў, якіх падазравалі ў нелегальнай іміграцыі. Гэты ўчынак жорстка асудзілі праваабаронцы і еўрапейскія структуры.
Аднак галоўным чынам Мароні спрабуе рабіць сабе імідж ворага карупцыі ўнутры партыі. Ён абвясціў пра пачатак аперацыі «Ачыстка куратніка», партыю пазбавяць усіх нячыстых на руку апаратчыкаў.
Праблема ў тым, што фігура Мароні не ідэальная. Ён і сам быў удзельнікам шэрагу карупцыйных скандалаў кшталту «decreto Biondi» — у 1996 годзе ім была падпісаная амністыя для шэрагу асуджаных асобаў, якія падазраюцца ў тым, што былі спонсарамі «Лігі Поўначы».
Акрамя таго, усе ведаюць пра варожыя адносіны Мароні з Лука Зайа, які кіруе правінцыйным урадам Венецыі. Лука — былы міністр сельскай гаспадаркі — хаця і не прэтэндуе на пасаду кіраўніка партыі, аднак высоўвае нейкія ўмовы на адрас Мароні. Італьянскія каментатары лічаць, што ўнутрыпартыйная вайна паміж Венецыяй і Міланам можа прывесці да расколу «Лігі Поўначы».
І ўсё ж самая галоўная праблема тычыцца ролі Босі як аўтара міфу пра існаванне Паданіі. Менавіта ён прыдумаў легенду пра наяўнасць нейкая асобнай культурнай геапалітычнай прасторы на Поўначы Італіі. Дагэтуль Паданія — кніжны, папулярны сярод географаў тэрмін, які не меў ніякай палітычнай канатацыі. Больш таго, упершыню ў наш час яго адрадзілі камуністы — ідэйныя праціўнікі «Лігі Поўначы», якія кіравалі ў 1970-я гады на поўначы Італіі і вялі дэбаты пра неабходнасць рэгіянальнай кааперацыі.
У 1980-я гады Босі надаў праекту Паданіі новае вымярэнне. І шматлікія італьянцы на Поўначы сапраўды паверылі ў прыналежнасць да асобнага субэтнасу са сваёй культурай і традыцыямі. Тут нават праводзяцца конкурсы прыгажосці «Міс Паданія», існуе свая футбольная ліга.
Зараз не зразумела, як адрэагуе грамадства на тое, што аўтар ідэі пра Паданію аказаўся банальным карупцыянерам. Таму некаторыя палітолагі сцвярджаюць, што залатыя часы масавай веры ў легенду пра Паданію прайшлі. Цяпер час для стварэння новай мадэлі правага руху ў Італіі, які можа ўзнікнуць на рэштках і «Лігі Поўначы» і партыі «Народ Свабоды», якую заснаваў Берлусконі.
У фокусе іх увагі Флавіа Тосі, цяперашні мэр Вероны, які ідзе на майскія выбары не як кандыдат «Лігі Поўначы», а як прадстаўнік усіх аматараў правых ідэй у незалежнасці ад таго, вераць яны ў існаванне Паданіі або не.