Кастынг для кааліцыянтаў

На думку нямецкай прэсы, Ангела Меркель, не маючы сумневаў наконт сваёй перамогі на парламенцкіх выбарах, пачала кастынг партнёра па будучай кааліцыі.

upload_ap_110525011190_pic4_zoom_1500x1500_91804.jpg

Фота www.gazeta.ru
Прыкладна месяц застаўся да выбараў у Бундэстаг — яны адбудуцца 24 верасня. І ўжо зараз, як лічаць некаторыя аглядальнікі, Меркель можа прымаць віншаванні. Дыстанцыя ад сацыял-дэмакратаў — асноўных канкурэнтаў кансерватараў, — складае каля 12–15 працэнтаў, і пакуль цяжка сказаць, што можа кардынальна змяніць існуючы трэнд.

Праўда, 37–40 працэнтаў галасоў (менавіта столькі немцаў збіраюцца сёння галасаваць за партыю Меркель) не забяспечаць кансерватарам дэпутацкай большасці. Як следства, хочаш — не хочаш, а трэба шукаць сябра па кааліцыі.

Сама Меркель пакуль упарта адмаўляецца называць імя будучага партнёра. Адзінае, што дакладна паабяцала канцлер, — не запрашаць у кааліцыю прадстаўнікоў з радыкальных партый: «Левыя» і «Альтэрнатыва для Германіі». Што тычыцца іншых, то яна адзначыла, што «гатовая на ўсіх глядзець».

Акрамя «Левых» і «Альтэрнатывы для Германіі», шанцы пераскочыць пяціпрацэнтны бар’ер, неабходны для праходу ў Бундэстаг, на сярэдзіну жніўня захоўваюць яшчэ тры структуры. Гэта сацыял-дэмакраты (25 працэнтаў папулярнасці), ліберальная «Свабодная дэмакратычная партыя» (FDP) з 9 працэнтамі падтрымкі і, нарэшце, «Саюз 90/Зялёныя» (ім сімпатызуюць 6,5 працэнта нямецкага электарату).

Якая з пералічаных фармацый найбольш пасуе кансерватарам? Калі сыходзіць з гістарычнай традыцыі, дык гэта, відавочна, свабодныя дэмакраты. З 1949 года, калі паўстала ФРГ, лібералы аж 12 разоў фармавалі з кансерватарамі кабінеты на правах малодшага партнёра. Аднак з цяперашнімі лібераламі ў Меркель могуць быць нестыкоўкі, паколькі ў партыйным кіраўніцтве новыя людзі, якія толькі-толькі фармуюць новы профіль партыі пасля нядаўняга крызісу.

Што за тараканы ў галаве лібералаў, цалкам не вядома. Лепшы прыклад — нядаўняя нечаканая заява старшыні FDP Крысціяна Лінднера, які прапанаваў даць новы старт адносінам з Расіяй — нягледзячы на «Крымскае пытанне», рашэнне якога трэба «адкласці на няпэўна доўгі час». Цытата Лінднера выклікала хвалю крытыкі ў нямецкай прэсе, яго прапанову адразу ж адпрэчыў урад Меркель. Палітыка абвінавацілі ў парушэнні заходняй салідарнасці, прасоўванні інтарэсаў эканамічнага лобі і гэтак далей. З улікам таго, што партыя — малодшы партнёр па кааліцыі, паводле традыцый, адказвае за знешнепалітычнае ведамства, саюз з лібераламі для Меркель яўна ўтрымлівае нейкія рызыкі.

Што тычыцца эсдэкаў, дык, падаецца, яны самі не вельмі жадаюць блакавацца з кансерватарамі. Днямі SPD катэгарычна адмовілася ўдзельнічаць у складзе ўраду, які пагодзіцца на павелічэнне выдаткаў на абарону да 2% ВУП, паколькі «гэты крок азначае падпарадкаванне Трампу» (раней Дональд Трамп заклікаў сяброў па NАТО выканаць умовы сяброўства ў Альянсе — узняць вайсковыя расходы). У праграме CDU сапраўды з’явілася абяцанне — павялічыць бюджэт на абарону ўдвая (зараз Германія расходуе на абаронку трошкі больш за адзін працэнт), што выклікала пратэсты сацыял-дэмакратаў.

Праўда, хапае тых, хто не верыць у пацыфісцкія мантры эсдэкаў, згадваючы, як у 1998 годзе, пры канцлеры Шродары, немцы ўдзельнічалі ў вайне з Югаславіяй. Папросту для эсдэкаў тэма мілітарызацыі — добры сродак перацягнуць на свой бок бюргераў. Апошнія не на жарт баяцца, што бюджэт Бундэсверу павялічаць за кошт сацыяльных артыкулаў.

Застаюцца «Саюз 90/Зялёныя», з якімі таксама ўсё не проста. З аднаго боку, эколагі — найбольш паслядоўныя ў Германіі прыхільнікі еўрапейскага адзінства і палітыкі санкцый адносна Расіі. З іншага — для падтрымкі рэнамэ сапраўдных эколагаў «Зялёныя» сёння павінны быць у апазіцыі адносна Меркель. Крытыкаваць Меркель вымагае, у тым ліку, нядаўні скандал наконт праблемы развіцця электратранспарту. Пераход на электрамабілі, на думку экалагічнай грамадскасці, сабатуе каманда канцлера, якая не хоча заканадаўча прымусіць аўтапром інвеставаць ва ўласную вытворчасць акумулятараў для электрамабіляў.

Скласці кааліцыйны пасьянс у такой сітуацыі Меркель будзе няпроста, аднак выбіраць так ці інакш давядзецца. Хутчэй за ўсё, інтрыга захаваецца аж да таго, як будуць агучаныя вынікі галасавання.

Дарэчы, не выключана, што пасля нас чакае не менш цікавы рэбус. Літаральна апошнімі днямі ў прэсе з'яўляюцца плёткі, што Ангела Меркель праз два гады збіраецца пайсці з пасады кіраўніка ўраду, перадаўшы паўнамоцтвы пераемніку, імя якога пакуль трымаюць у сакрэце.