Кіраўнік МЗС Літвы: Аб'ектыўна Беларусь успрымаецца ў стратэгічным плане як адно цэлае з Расіяй

«Аб'ектыўна Беларусь успрымаецца ў стратэгічным плане як адно цэлае з Расіяй, але, нягледзячы на гэта, мы б хацелі, каб адносіны з Беларуссю былі больш канструктыўнымі», — заявіў міністр замежных спраў Літвы Лінас Лінкявічус, размаўляючы з беларускімі журналістамі 8 ліпеня на саміце НАТА ў Варшаве.

Лінас Лінкявічус. Здымак «Нашай Нівы»

Лінас Лінкявічус. Здымак «Нашай Нівы»

Ён адзначыў, што Беларусь краінамі НАТА не ўспрымаецца як прамая пагроза. «Беларусь не ўспрымаецца наўпрост як пагроза, але паколькі інтэграцыйна яна вельмі блізкая з Расіяй, то ўспрымаць усё трэба аб'ектыўна. Усё ж такі інтэграцыя ваенных сіл з Расіяй вельмі моцна прыкметная ў Беларусі», — сказаў Лінкявічус.
Гаворачы аб супрацоўніцтве Беларусі і НАТА, ён адзначыў, што ёсць праграма "Партнёрства дзеля міру", праводзяцца сумесныя мерапрыемствы перыядычна. «Глыбей ніхто не будзе нічога планаваць, бо гэта залежыць ад самой Беларусі, наколькі далёка яна захоча ісці. Цяжка зараз сказаць. Але якасных нейкіх змяненняў у будучыні не чакаецца пакуль, наколькі я ведаю», — удакладніў міністр.
Паводле яго слоў, Літва таксама хацела б, каб двухбаковыя адносіны з Беларуссю развіваліся больш канструктыўна. «Мы хацелі б, каб Беларусь не вярнулася ў той этап, які быў падчас санкцый, каб не вярнулася ў той працэс, які быў звязаны з палітычнымі вязнямі, — сказаў Лінкявічус. — Мы хочам, каб двухбаковыя адносіны карысталіся большым даверам. Але ў нас ёсць адна вельмі важная праблема, якая не вырашана. Гэта будаўніцтва АЭС з парушэннем міжнародных нормаў. І тут дыялог не атрымліваецца пакуль. Спадзяемся, што атрымаецца».
Паводле belapan.by