Кітайскі Гавел памірае ў турме
Самаму вядомаму кітайскаму дысідэнту Лю Сяабо «засталося нядоўга», перадаў праз сацыяльныя сеткі адзін з блізкіх прафесара.
У Лю рак печані ў апошняй стадыі, у брушной поласці збіраецца вадкасць. Тым не менш, кітайскія ўлады адмовіліся выпусціць Лю на свабоду.
61-гадовы Лю Сяабо — лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру 2010 года. Ён адзіны ў гісторыі лаўрэат, якому ўлады не толькі не дазволілі прыехаць на яе ўручэнне, але і не дазволілі перадаць яе праз сваякоў.
Лю сядзіць у турме з 2008 года, пасля таго як напісаў «Хартыю-08» па аналогіі з чэшскай «Хартыяй-77». Яго арыштавалі за два дні да публікацыі гэтага дакумента і асудзілі на 11 гадоў турмы за «дзейнасць, скіраваную на падрыў дзяржаўнай улады». На Нобелеўскую прэмію яго вылучылі Вацлаў Гавел і Далай-лама.
Да таго як стаць лідарам групы інтэлектуалаў, што патрабавалі свабоды, Лю працаваў прафесарам Пекінскага ўніверсітэта. Ад 2003 года ён некалькі гадоў узначальваў Кітайскі ПЭН-цэнтр. У 1980-я і 1990-я яго арыштоўвалі на адносна кароткія тэрміны (паўгода, паўтара года, тры гады). У 2008-м яго пасадзілі надоўга.
Рак у Лю дыягнаставалі на вельмі позняй стадыі. Некалькі дзяржаў свету і шэраг вядомых людзей заклікалі Пекін дазволіць Лю выехаць на лячэнне за мяжу, аднак улады адмовілі. Прафесара проста перавялі з турмы ў турэмную бальніцу.
У Кітаі многія не вераць, што рак у Лю ўзнік і хутка развіўся сам сабой. Людзі таксама адзначаюць, што ў групы іншых зняволеных апазіцыянераў амаль сінхронна пачаліся праблемы з крывяным ціскам.
Лю Сяабо называў кітайскую сістэму бесчалавечнай і выступаў за пераход Кітая да дэмакратыі заходняга тыпу, за права народу выбіраць уладу.
Інфармацыю пра стан здароўя Лю перадаюць у сацсеткі блізкія, але праз небяспеку рэпрэсій яны адмаўляюцца называць сябе. У бальніцы, дзе ляжыць Лю, пра ягоны стан «нічога не ведаюць».
Ягоную жонку, паэтку, мастачку і паплечніцу ў змаганні, Лю Ся, таксама да мужа не дапускаюць. 56-гадовая Лю Ся ад 2010 года сядзіць пад хатнім арыштам.
Паводле «Нашай Нівы»