Кітайскі ГУЛАГ: Перавыхавацца і выжыць

У кітайскім рэгіёне Сіньцзян масава беспадстаўна затрымліваюць ледзь не мільёны ўйгураў, таджыкаў, казахаў і іншых — і змяшчаюць іх у спецыяльныя выхаваўчыя лагеры. І гэтая тэма апошнім часам вельмі непакоіць Захад.

307436.jpeg

Увогуле, уйгурам да рэпрэсій не прызвычайвацца. Апошнія буйныя эксцэсы здараліся ў 50–60-я гады мінулага стагоддзя, калі ў межах палітыкі «вялікага скачку», паводле загаду Маа, усіх абарыгенаў краю загналі прыкладна ў 450 працоўных камун, якія жылі па статуту вайсковай часткі.
Праца па 16 гадзін на суткі, а таксама жорсткая культурная асіміляцыя (напрыклад, перавод уйгурскага алфавіту з арабскай графікі на лацінку) выклікалі заканамернае незадаволенне. Дзе-нідзе гэта вылівалася ў беспарадкі, якія падаўлялі з дапамогай зброі. Але самы арыгінальны праект меў месца ў 1962 годзе, калі сто тысяч (!) чалавек сабралася і масава ламанулі праз стэп на савецкую тэрыторыю.
Сёння гісторыя пра фокус з масавымі ўцёкамі выглядае фантастыкай. Калі верыць прэсе, у Сіньцзяне створана самая эфектыўная ў гісторыі сістэма кантролю грамадзян.
Першыя звесткі пра існаванне нейкіх асаблівых устаноў для мусульман-уйгураў сталі з’яўляцца з 2014 года. Але ўжо раней (у 2012-м) журналісты пісалі, што ў Сіньцзяне пачалася кампанія па барацьбе з экстрэмізмам сярод уйгураў, часткай якой з’яўлялася абавязковае «перавыхаванне».
Тады пад гэтым разумеўся шэраг абмежаванняў. У прыватнасці, пад забарону трапілі доўгія бароды, нашэнне адзення, якое закрывае твар, у грамадскіх месцах. Таксама было забаронена называць дзяцей імёнамі, што «заахвочваюць рэлігійны запал» (напрыклад, былі забароненыя такія імёны, як Мухамед і Фаціма). Мусульманам, у тым ліку чыноўнікам, забаранілі адзначаць Рамадан і іншыя рэлігійныя святы. Трошкі пазней уйгураў абавязалі здаваць пашпарты на захоўванне ў паліцыю.
Апісаныя мерапрыемствы, відавочна, былі накіраваныя на тое, каб не дапусціць паўтарэння падзеяў, якія адбыліся ў 2009 годзе. Тады ў Сіньцзяне ўспыхнулі беспарадкі ў адказ на бытавую бойку паміж уйгурамі і кітайскімі рабочымі. У выніку загінула больш за 100 чалавек. Пасля беспарадкаў уйгурскія радыкалы арганізавалі серыю экстрэмісцкіх вылазак, у тым ліку замахі на сілавікоў.
З часам у Пекіна з’явіўся дадатковы галаўны боль, звязаны з Сіньцзянам. Прэса пісала пра пагрозу вяртання на радзіму некалькіх тысяч уйгураў, якія ваявалі ў Сірыі і Іраку на баку тэрарыстычнай групоўкі «Ісламская дзяржава». Такі варыянт азначаў бы рэгіянальную эскалацыю, што і магло прымусіць урад КНР пайсці на самыя беспрэцэдэнтныя прэвентыўныя меры, якія хутчэй нагадваюць палітыку этнічнай зачысткі.

1583470200_32541_1200x800_c.jpg

Неўзабаве пачалі з’яўляцца першыя чуткі пра нейкія спецыяльныя аб’екты, вязні якіх праходзяць курс карэкцыі паводзінаў і думкаў. У 2016 годзе з’явіліся першыя падрабязнасці ад сведкаў пра тое, як сітуацыя выглядае на самай справе.
Карціна, вядома, атрымліваецца змрочная. На тое «перавыхаванне» можна трапіць вельмі лёгка. Напрыклад, за наяўнасць дома кіліму. Ахоўнікі парадку могуць западозрыць, што прадмет патрэбны для рэлігійнага рытуалу. Таму вязняў лагераў прымушаюць публічна адракацца ад ісламскай рэлігіі. Для гэтага ў ход ідзе такі немудрагелісты спосаб, як меню — прымусовае кармленне зняволеных свінінай, якая, як вядома, забароненая ў ісламе.

97f89013_cd24_47e0_8d93_c9d80c9f8e4c.jpeg


Найбольш цяжка ў такіх лагерах, гледзячы па ўсім, жанчынам. Адна з мусульманак, якой давялося больш за год правесці ў лагеры, распавяла французскаму тэлебачанню пра некалькі ін’екцый невядомымі прэпаратамі. Пасля вызвалення лекары ёй паведамілі, што яна падвергнулася медыкаментознай стэрылізацыі. Застаецца дадаць, што час знаходжання ў такім лагеры бестэрміновы. Інтэрнаваных на свабоду адпускаюць тады, калі палічаць патрэбным.
З іншага боку, да некаторых сенсацый наконт будняў кітайскага ГУЛАГу можна ставіцца з доляй скепсісу. Напрыклад, цяжка ўявіць, як тэхнічна можна прапусціць праз лагеры дзясяткі мільёнаў чалавек (такую лічбу можна сустрэць у прэсе). У 2018-м падчас дакладу экспертаў ААН па становішчы нацменшасцяў прагучала лічба ў 1 мільён зняволеных.
Так ці інакш, больш фактаў на карысць таго, што нейкія аб’екты па перавыхаванні ўйгураў у Сіньцзяне сапраўды існуюць. Уласна, іх наяўнасць не адмаўляе і ўрад КНР. Праўда, пры гэтым сцвярджаецца, што людзі добраахвотна праходзяць «школы перавыхавання» па супрацьдзеянні тэрарызму і рэлігійнаму экстрэмізму. Пры гэтым не паведамляецца, па якіх крытэрах «вучняў» адбіралі ў гэтую «школу» і як доўга доўжацца курсы. Па змесце ролікаў на дзяржаўным тэлебачанні відаць, што ўсе «вучні» — этнічныя ўйгуры, што сведчыць пра прыкмету этнічнай дыскрымінацыі.

tv_l_mr.jpg

Тэма лагераў для ўйгураў на вачах становіцца трыгерам вялікіх геапалітычных турбуленцый. 3 лютага BBC паведаміла, што жанчыны-зняволеныя ў кітайскіх лагерах перавыхавання сістэматычна падвяргаліся гвалтаванням і катаванням. Паводле расказаў адной з экс-вязняў, супрацоўнікі лагера кожную ноч выводзілі некаторых жанчын з камер і падвяргалі групавому згвалтаванню, а таксама згвалтаванню з дапамогай электрашокера.
Гэтую тэму адразу пракаментавала адміністрацыя Джо Байдэна. «Такія зверствы шакуюць і павінны пацягнуць за сабою сур’ёзныя наступствы», — сказаў прадстаўнік урада ЗША. Раней Злучаныя Штаты заявілі, што кітайская палітыка ў дачыненні да ўйгураў блізкая да вызначэння генацыду. Цяпер застаецца чакаць, каб даведацца, што ў Белым Доме разумеюць пад «наступствамі», што, без сумневаў, не застануцца без рэакцыі Кітая.