«Колькі яшчэ яны заб'юць галоў у свае вароты?» Чаму Брусель здзіўлены афіцыйнай пазіцыяй Тбілісі

Брусель не бачыць палітычнай волі і энтузіязму з боку Грузіі для атрымання статусу кандыдата ў сябры ЕС. 

img_20210722_161355_logo.jpg

«Гэта апошняя спроба, і лагоднага стаўлення да Тбілісі амаль не засталося... Колькасць пытанняў да ўладаў Грузіі расце», – піша рэдактар Еўрапейскага бюро «Свабоды» Рыкард Ёзвяк напярэдадні візіту ў Тбілісі Вярхоўнага камісара ЕС Жазепа Барэля.

Паводле Рыкарда Ёзвяка, у апошні час ён чуе ў кабінетах некаторых еўрапейскіх чыноўнікаў пункт гледжання, які раней выказвала выключна грузінская апазіцыя – што ўрад Грузіі, магчыма, наўмысна дамагаецца адмовы ў статусе кандыдата.

Таксама, адзначае аглядальнік, у Бруселі са здзіўленнем сустрэлі анансаваны кіроўнай партыяй Грузіі пачатак працэдуры імпічменту прэзідэнта Зурабішвілі, якая карыстаецца вялікай павагай у краінах ЕС.

Пасля «драмы з Зурабішвілі», Барэль больш не збіраецца слухаць лекцыі прадстаўнікоў «Грузінскай мары» пра тое, «як несправядліва ставяцца да Грузіі.

Галоўная праблема ў тым, што Брусель не бачыць палітычнай волі і энтузіязму з боку Тбілісі для атрымання статусу кандыдата. Пытанні збіраюцца, сярод іх спроба прыняць закон аб замежных агентах, аднаўленне авіязносін з Расіяй, адзначаецца ў артыкуле.

«У другой палове кастрычніка Еўрапейская камісія выступіць са штогадовай справаздачай аб пашырэнні, дзе дасць рэкамендацыі для Грузіі, а таксама для Малдовы і Украіны. У снежні ўсе 27 дзяржаў-чальцоў аднагалосна вырашаць, прыняць ці адхіліць гэтыя рэкамендацыі.

Глядзіце таксама

Усё ўказвае на тое, што Украіна і Малдова, якія ўжо маюць статус кандыдатаў, будуць рэкамендаваныя для пераходу да наступнага этапу — пачатку перамоваў аб уступленні. Афіцыйна гэта адбудзецца ў канцы года, бо гатоўнасць да гэтага выказалі і краіны-сябры ЕС. Абедзве краіны на шляху да ўмоў, пра выкананне якіх яны дамовіліся летам 2022 года. Што яшчэ больш важна, ёсць палітычная воля рухацца наперад.

У выпадку з Грузіяй усё больш незразумела. Яна ўжо на крок ззаду Кіева і Кішынёва як патэнцыйнага кандыдата. Гэта палітычнае пытанне. Брусель не бачыць у Тбілісі такога энтузіязму, які дэманструюць дзве іншыя краіны. Спроба прыняць закон аб «замежных агентах» і аднаўленне авіярэйсаў паміж Расеяй і Грузіяй выклікала здзіўленне ў Бруселі. А таксама заяву кіраўніка ўраду Грузіі аб тым, што ўварванне Расіі ва Украіну прывяло да пашырэння NATO.

Але ўвесь час мы атрымлівалі намёкі на тое, што Еўракамісія прынамсі рэкамендуе надаць Грузіі статус кандыдата. У Бруселі не задаволеныя рашэннямі краіны ў дачыненні да Расіі і не ўспрымаюць усур'ёз аргумент, што крокі Тбілісі могуць прывесці да «адкрыцця другога фронту», але ў цэлым разумеюць, што ціск ідзе з Масквы. Аднак сярод 12 пунктаў перадумоў для атрымання статусу кандыдата ў ЕС не было ўзгаднення са знешняй палітыкай ЕС.

Глядзіце таксама

Але гэтая апошняя драма, звязаная з Саламэ Зурабішвілі, выклікае новыя пытанні. «Прымальны ўзровень статусу кандыдата для Грузіі ўжо вельмі нізкі, і яны могуць нават не дасягнуць яго», — пракаментаваў адзін дыпламат ЕС. І гэтая цытата: «Колькі яны яшчэ заб'юць галоў у свае вароты?!» — гаворыцца ў артыкуле.

Зрэшты, Ёзвяк лічыць, што нягледзячы на ўсё, Грузіі можа быць прапанаваны статус кандыдата, але з агаворкамі, старым і новым спісам рэкамендацый для выканання, каб перайсці да наступнага этапу – перамоваў аб уступленні. «Акрамя таго, у Бруселі не хочуць, каб Грузія моцна адставала ад Малдовы і Украіны», — адзначаецца ў артыкуле.

«Я не здзіўлюся, калі іншыя краіны — чальцы ЕС вылучаць дадатковыя патрабаванні. Напрыклад, сумленнае правядзенне парламенцкіх выбараў восенню 2024 года», — піша Ёзвяк.

І яшчэ адзін прагноз: Ёзвяк дадае, што не здзівіцца, з улікам сяброўства Орбана з урадам «Грузінскай мары», калі Венгрыя запатрабуе надання статусу кандыдата Грузіі ў абмен на зялёнае святло для перамоваў аб уступленні Украіны.


Глядзіце таксама

Паводле www.radiotavisupleba.geNGnewsgeorgia