Краіны Балтыі вырашылі спыніць набыццё электраэнергіі ў Беларусі

Міністэрствы, якія адказваюць за энергетыку краін Балтыі, дасягнулі згоды аб спыненні куплі электраэнергіі ў Беларусі пасля запуску Беларускай АЭС, паведаміла ў аўторак міністэрства эканомікі Эстоніі.

belaes_a376b16fc1d65a25c360ed8a014bb02a081e9289.jpg


"Дасягнутае пагадненне змяшчае элементы, якія паляпшаюць рынкавую пазіцыю і перспектывы нашых вытворцаў электраэнергіі", — пракаментаваў наступствы пагаднення для Эстоніі міністр эканомікі Тааві Аас (Taavi Aas).
Для спынення гандлю электраэнергіяй з Беларуссю будзе выкарыстоўвацца сістэма апазнавання паходжання электраэнергіі.
У скарочаным аб'ёме гандаль працягнецца на расійска-латвійскім напрамку. Для гэтага будуць выкарыстоўвацца рэшткавыя магутнасці ад унутранага гандлю паміж краінамі Балтыі. Паміж Літвой і Калінінградам гандаль электраэнергіяй працягнецца ў цяперашнім аб'ёме.
Як чакаюць краіны Балтыі, у сувязі з прынятым пагадненнем гандаль электраэнергіяй паміж імі і трэцімі краінамі скароціцца напалову. Пагадненне будзе дзейнічаць да сінхранізацыі энергасістэм краін Балтыі з Цэнтральнай Еўропай, запланаванай на канец 2025 года.
Першы энергаблок БелАЭС, якая размяшчаецца паблізу горада Астравец, па плане павінен быць уведзены ў эксплуатацыю ў 2020 годзе, другі — у 2021-м.
Паводле interfax.by