Крызіс малюе контуры Міжмора
Апошнім часам на нашых вачах фармуецца новы альянс краін Цэнтральнай і Усходняй Еўропы, які можа ўпісацца якраз у межы легендарнага Міжмора — мары еўрапейскіх палітыкаў ад пачатку XX стагоддзя.
Дзіўны прагноз Stratfor
Яшчэ ў лютым 2015-га вядомае амерыканскае агенцтва Stratfor апублікавала сваю традыцыйную аналітычную справаздачу — прагноз таго, якім мае быць дзесяцігоддзе (2015–2025 гады). Ён датычыць усіх рэгіёнаў планеты і абяцае значныя змены ў канфігурацыі свету. Па меркаванні амерыканскіх экспертаў, Расію чакае распад — заходнія яе часткі будуць імкнуцца ў Еўропу, за Далёкі Усход будуць змагацца Японія і Кітай. Турцыя і Польшча стануць новымі лідарамі на захадзе Еўразіі, ЕС і Германія моцна саслабеюць, ЗША па-ранейшаму будуць лідарам.
Нас жа больш цікавіць тая частка прагнозу Stratfor, у якой сказана: Украіна і Польшча нарэшце рэалізуюць праект "Міжмора" (Intermarum). Працытую цалкам: "Мы прагназуем працяглы эканамічны спад у Германіі, які прывядзе да ўнутранага сацыяльнага і палітычнага крызісу і аслабіць у бліжэйшыя 10 гадоў уплыў Германіі на Еўропу. Цэнтрам эканамічнага росту і палітычнага ўплыву будзе Польшча. Яна ўвесь гэты час падтрымлівала ўражваючыя тэмпы росту — пэўна, найбольш важкія пасля Германіі і Аўстрыі. Пакуль Нямеччыну будуць скаланаць глабальныя эканамічныя і дэмаграфічныя зрухі, Польшча дыверсіфікуе свой вонкавы гандаль і ў выніку ператворыцца ў дамінуючую сілу Паўночна-Еўрапейскай раўніны.
Больш за тое, мы чакаем, што Польшча стане лідарам новай антырасійскай кааліцыі, да якой у першай палове дзесяцігоддзя далучыцца Румынія. У другой палове дзесяцігоддзя (пасля 2020-га) гэты саюз адыграе вядучую ролю ў пераглядзе расійскіх межаў і вяртанні згубленых тэрыторый фармальным і нефармальным спосабам. Пакуль Масква будзе слабець, гэты саюз стане панаваць не толькі над Беларуссю і Украінай, але і далей на ўсход. Усё гэта ўзмоцніць эканамічнае і палітычнае становішча Польшчы і яе саюзнікаў".
Нагадаю, гэта было апублікавана роўна год таму. А ўжо з канца 2015-га адна за адной пачалі адбывацца падзеі, якія паказваюць: амерыканскі прагноз па Усходняй Еўропе, хутчэй за ўсё, хутка спраўдзіцца.
Кароткі, але бурны крызіс
Як толькі ў Польшчы на парламенцкіх выбарах прыйшла да ўлады партыя "Права і Справядлівасць" (PiS), стала зразумела: цяпер адносіны са "Старой Еўропай" абвострацца. Кабінет "Права і Справядлівасці" і асабіста Яраслаў Качыньскі ад самага пачатку занялі рэзка негатыўную пазіцыю адносна палітыкі Берліна па пытанні міграцыі. І калі такія ж паводзіны Венгрыі проста крыху пазлавалі Заходнюю Еўропу, то адмахнуцца ад краіны, якая абгрунтавана прэтэндуе на статут лідара "новай Еўропы", больш складана.
Камісар ЕС Гюнтэр Этынгер прапанаваў "задзейнічаць прававы механізм і паставіць Варшаву пад нагляд". Фракцыя ХДС/ХСС у Бундэстагу ФРГ заявіла, што не выключае ўвядзення санкцый супраць Польшчы ў сувязі з прыняццем урадам краіны спрэчных паправак да законаў аб Канстытуцыйным трыбунале і СМІ. У сваю чаргу, старшыня групы ХДС/ХСС у Еўрапарламенце Херберт Ройль адзначыў, што "калі не падзейнічаюць палітычныя сродкі, то давядзецца звярнуцца да эканамічных санкцый".
"Вы хочаце паставіць Польшчу пад назіранне, пад нагляд. Такія словы, сказаныя нямецкім палітыкам, выклікаюць у палякаў самыя горшыя асацыяцыі. У тым ліку і ў мяне. Я — унук польскага афіцэра, які падчас Другой сусветнай вайны змагаўся ў Войску Краёвым з "нямецкім наглядам", — цытуе заяву міністра юстыцыі Польшчы Збігнева Зебра RadioPolsha.pl.
А спікер Еўрапарламента Марцін Шульц назваў сітуацыю ў Польшчы "кіруемай дэмакратыяй у стылі Пуціна".
У выніку нямецкі амбасадар у Варшаве Рольф Нікель быў вымушаны даваць тлумачэнні кіраўніку польскага МЗС Вітольду Вашчыкоўскаму з нагоды "антыпольскіх выказванняў нямецкіх палітыкаў".
Прыход да ўлады ў Польшчы правых сіл адлюстроўвае крызіс ва ўзаемаадносінах з ЕС, лічаць эксперты: "Брусэль вельмі дбайна ставіцца да праяваў у краін ЕС уласнага меркавання і да розначытанняў еўрапейскіх каштоўнасцяў. Палякі ж баяцца, што могуць згубіць сваю нацыянальную ідэнтычнасць". Вострая рэакцыя польскіх палітыкаў на крытыку ЕС адлюстроўвае польскую спецыфіку: палякі — нацыя з вельмі складанай гісторыяй, і яны звяртаюцца да яе пры найменшым намёку на замах на іх правы.
Між тым, Польшча ўжо пачала шукаць саюзнікаў у рэгіёне — і небеспаспяхова.
Хто ўступіўся за Польшчу
Першым і натуральным саюзнікам Польшчы ў супрацьстаянні са "старой Еўропай" апынулася менавіта Венгрыя. Прэм'ер-міністр Віктар Орбан заявіў, што накладзе вета на любыя абмежавальныя меры. І ўжо сёння гэтыя дзве ўсходнееўрапейскія краіны блізкія да стварэння асобнага саюза ў межах ЕС, накіраванага супраць мігрантаў. Але гэтае толькі пачатак.
Пра тое, што польскі ўрад заручыўся прынцыповай падтрымкай Венгрыі, стала вядома 6 студзеня пасля сустрэчы лідара партыі PiS Яраслава Качыньскага і Віктара Орбана ў Варшаве. Хутка стала ясна, што і Польшча, і Венгрыя падтрымліваюць узмацненне кантролю за мігрантамі.
Дэпутат Еўрапарламента Элмар Брок лічыць, што Качыньскі нават больш непрыемны як партнёр для Брусэля, чым Орбан, які, нягледзячы на ўльтракансерватыўную рыторыку, тым не менш застаецца прыхільнікам адзінства ЕС. У адрозненне ад венгерскіх правых, іх польскія саюзнікі ўваходзяць у міжпарламенцкую групу еўраскептыкаў, дзе іх найблізкімі партнёрамі выступаюць антыеўрапейскі настроеныя торы Дэвіда Кэмерана. "Ніякай далейшай інтэграцыі і ніякіх новых паўнамоцтваў Брусэлю. У гэтым меркаванні партыя PiS і брытанскія кансерватары адзіныя", — каментуе пазіцыю Качыньскага польскі палітолаг Малгажата Банікоўска.
Пры гэтым і Польшча, і Венгрыя мяжуюць з Украінай — і зацікаўленыя ў развіцці гэтай краіны. Змешчаная паміж імі Славакія таксама зацікаўленая ва ўсім пералічаным. Плюс даўняя рэўнасць славакаў да эканамічна больш развітай Чэхіі. Дадамо сюды Літву, якая ў імкненні знайсці процівагу небяспечнай усходняй суседцы (Расіі) таксама імкнецца найхутчэй наладжваць адносіны з Польшчай. Ну а сама Украіна ва ўмовах эканамічнага крызісу і расійскай агрэсіі, натуральна, адчыненая для любога рэгіянальнага супрацоўніцтва ў заходнім і паўночным кірунках.
Так натуральным чынам фармуецца геапалітычны саюз усходнееўрапейскіх краін, гутарка пра які ідзе ад пачатку XX стагоддзя — "Міжмора", "Междуморье", Intermarum. Як бачым, пакуль з гэтага раскладу аб'ектыўна выпадае Беларусь. Але і тут не ўсё адназначна.
Усходні вектар
Трэба стварыць саюз дзяржаваў ад Балтыйскага да Чорнага мора ва Усходняй Еўропе, заявіў новы прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда напярэдадні сваёй інаўгурацыі. Менавіта тады ён упершыню ў сваёй новай ролі адзначыў важнасць саюза Украіны і Польшчы. Кажучы аб узаемаадносінах з краінамі Цэнтральнай і Усходняй Еўропы, Анджэй Дуда падкрэсліў, што польская ўлада павінна "клапаціцца аб тым, каб яны аднаўляліся і станавіліся лепш там, дзе цяпер яны складаныя" (намёк на Беларусь, здаецца, відавочны). "Гэта вялікая задача, якая стаіць перад намі, і я б хацеў прыняць у гэтым актыўны ўдзел. Я ўсведамляю, што ў міжнародных пытаннях прэзідэнт абавязаны супрацоўнічаць з урадам, — адзначыў Дуда. — Ужо цяпер ёсць сігналы ад кіраўнікоў дзяржаў рэгіёна аб жаданні правядзення сустрэч і перамоваў па дадзенай тэме".
Зразумела, што Польшча, якая наўпрост цяпер робіцца галоўнай аб'ядноўваючай сілай Міжмора, вельмі зацікаўленая, каб Беларусь калі і не ўвайшла адразу ў новае ўтварэнне, то, як мінімум, успрыняла яго добразычліва. Цікава, што пачаць дамагацца гэтай добразычлівасці ў Варшаве вырашылі з крытыкі "Усходняга партнёрства".
29 студзеня кіраўнік польскага МЗС заявіў, што праграма атрымала фіяска, бо не давала Беларусі і іншым краінам перспектывы ўваходжання ў ЕС. "Мы адрынулі гэтую канцэпцыю як няправільную. Усходняе партнёрства стварала для гэтых краін ілюзію, але не стварала перспектывы ўступлення ў Еўрасаюз", — заявіў ён.
Зараз Польшча паспрабуе прапанаваць нейкую альтэрнатыву, як мінімум, Беларусі і Украіне, у адносінах з якімі аб'ектыўна зацікаўленая. Ну а Беларусь сама "цішком" робіць крок насустрач. Чаму "цішком"? Таму што пакуль дзейнічае чужымі рукамі.
2 лютага Кабінет міністраў Украіны падпісаў з Літвой мемарандум аб аб'яднанні праекту "Шаўковы шлях" з праектам "Вікінг". Гэта значыць, Літва стане першым чальцом Еўрасаюза, які далучыцца да трансмацерыковага чыгуначнага маршруту, які ідзе ў абыход Расіі. Беларусь, хоць і не ўдзельнічала ў падпісанні мемарандума, таксама да яго далучаецца, паколькі адыгрывае ключавую ролю ў праекце "Вікінг".
Гаворка ідзе аб цягніку камбінаванага транспарту "Вікінг", які праходзіць па тэрыторыі Літвы, Украіны і Беларусі. Цягнік пачаткаў курсаваць у 2003 годзе — гэта сумесны праект чыгунак Літвы, Украіны і Беларусі, стывідарных кампаній (тых, што займаюцца пагрузна-разгрузнымі працамі) і партоў Клайпеда, Ільічэўск і Адэса. Агульная працягласць маршруту складае 1,766 тысяч кіламетраў. Аб'ём грузаперавозак "Вікінга" вагаецца ад 2 да 5 тысяч кантэйнераў у год.
Транскаспійскі маршрут з Кітая ў Цэнтральную Азію і Еўропу ў абыход Расіі, які носіць назвы "Шаўковы вецер", быў распрацаваны яшчэ ў канцы 2012 года. У студзені 2016-га Транскаспійскі маршрут зрабіў новы паварот — ва Украіну. З-за ўступлення ў сілу новых правіл, транзіт грузаў з Украіны праз тэрыторыю Расіі практычна спыніўся. Згодна ўказу прэзідэнта Расіі, усе аўта- і чыгуначныя перавозкі з Украіны ў Казахстан павінны ажыццяўляцца толькі праз пункты на расійска-беларускай мяжы і толькі ў апламбаваных ёмістасцях.
У адказ Украіна, для якой Казахстан з'яўляецца важным гандлёвым партнёрам, паспрабавала знайсці магчымасць дастаўкі грузаў у абыход Расіі. І 15 студзеня запусціла першы кантэйнерны цягнік у Казахстан (канчатковая станцыя — Достык, на мяжы з Кітаем) праз тэрыторыю Грузіі і Азербайджана. Выкарыстанне Транскаспійскага маршруту можа скараціць час на дастаўку грузу ў некалькі разоў у параўнанні з марскімі перавозкамі. Канкурэнтаздольным будзе і кошт грузаперавозак.
Далучыўшыся да праекту, Літва і Беларусь таксама змогуць адпраўляць грузы, абыходзячы расійскую тэрыторыю. "Літва — сябар НАТО і Еўрасаюза, краіна, якая вельмі крытычна ставіцца да Расіі. Беларусь — член АДКБ і Еўразійскага саюза, гэта значыць — тэарэтычна — найбліжэйшы саюзнік Расіі. Але Беларусь займае максімальна асцярожную пазіцыю ў дачыненні да Расіі і дэманструе, што ў яе ёсць партнёры апроч Масквы, — кажа першы віцэ-прэзідэнт Цэнтра палітычных тэхналогій Аляксей Макаркін. — Галоўная праблема, якая адбылася з Расіяй у апошнія гады, — гэта тое, што яна стала цяжкапрадказальнай краінай. Цяпер шмат якія гульцы імкнуцца на ўсякі выпадак прадугледзець альтэрнатыўныя варыянты. І Вільнюс, і Мінск імкнуцца застрахавацца ад магчымых рызыкаў, звязаных з непрадказальнасцю знешняй палітыкі Расіі".
Нельга выключаць і тое, што ўжо сёння ў Мінску сакрэтна разглядаюць праект Intermarum як спосаб яшчэ мацней застрахавацца ад звязаных з Расіяй рызык.
P.S.
Сёння, 9 лютага, у Беларусь з візітам прыбудуць палітычныя дырэктары міністэрстваў замежных спраў краін Вышаградскай групы. Верагодна, бакі абмяркуюць праблематыку ўзаемадзеяння Беларусі і краін Вышаградскай чацвёркі, стан і перспектывы супрацоўніцтва Беларусі і ЕС, а таксама пытанні рэгіянальнай бяспекі.