Дарадца Пуціна: Прамысловасць Расіі стала працаваць сабе ў страту
Аб’ём закрэдытаванасці расійскага прамысловага сектару складае каля паловы ўсіх абаротных сродкаў прадпрыемстваў, заявіў на першым пасяджэнні часовай камісіі Рады Федэрацыі па маніторынгу эканамічнага развіцця дарадца прэзідэнта Расіі Сяргей Глазьеў.
![bb2a836b_95bb_454b_84f7_ccabf540d0c5_w640_r1_s.jpg bb2a836b_95bb_454b_84f7_ccabf540d0c5_w640_r1_s.jpg](/img/v1/news/full/bb2a836b_95bb_454b_84f7_ccabf540d0c5_w640_r1_s.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Сяргей Глазьеў
Пра гэта паведамляе інфармацыйнае агенцтва УНІАН.
Паводле інфармацыі эканаміста, доля прыбытку, якую прадпрыемствы накіроўваюць на пагашэнне працэнтаў, ужо перавышае 100%. Такім чынам, прамысловы сектар Расіі функцыянуе сабе ў страту, лічыць ён.
«Пра якія тэндэнцыі эканамічнага развіцця пры гэтым кажа [кіраўнік Мінэканамразвіцця] спадар Улюкаеў, я не разумею. Сітуацыя ідзе ўразнос», — заявіў сенатарам дарадца прэзідэнта, перадае расейская служба ВВС.
Ён дадаў, што пры рэнтабельнасці ў машынабудаванні на ўзроўні 2% цяжка чакаць інвестыцыяў у сектар, паколькі грошы можна накіраваць на біржавыя спекуляцыі, дзе рэнтабельнасць вышэй у шмат разоў.
«Чаму сёння нашы дзяржбанкі не даюць крэдыты вытворчым прадпрыемствам? Таму што на валютным рынку 80% рэнтабельнасць. Валютныя спекулянты вытрымаюць ключавую стаўку і ў 20%, і ў 30% гадавых», — сказаў на заканчэнне ён.