Праўда, міфы і кур’ёзы ЦРУ

Роўна 70 гадоў таму, 26 ліпеня 1947 года, быў закладзены пачатак стварэнню адной з самых вядомых у свеце структур — Цэнтральнага разведвальнага ўпраўлення.

og_og_149184965124924119.jpg

У гісторыі, напэўна, самай славутай шпіёнскай арганізацыі былі не толькі прарывы і правалы, аднак і шмат экстравагантных учынкаў.

Прэзідэнт ЗША Гары Трумэн 26 ліпеня 1947 года падпісаў Закон аб нацыянальнай бяспецы, які перабудаваў сілавыя ведамствы Злучаных Штатаў. У выніку рэарганізацыі стваралася тое самае Central Intelligence Agency (CIA) — ЦРУ. Перабудова, калі верыць спікерам адміністрацыі Трумэна, была патрэбная для таго, каб Амерыка годна рэагавала на сучасныя выклікі. Што з гэтага атрымалася, цяжка сказаць — асабліва з улікам розных кур’ёзаў, якія нарабіла ЦРУ за 70 гадоў.

Пачнём з тэхнічных шпіёнскіх прымочак, без якіх дзейнасць ніводнай разведкі, напэўна, немагчымая. У 1975 годзе ЦРУ прыдумала пісталет, што мог страляць дроцікамі, якія выклікалі сардэчны прыступ. Аднак больш незвычайным выглядае ідэя атрутных пласцінаў. Іх планавалася нейкім чынам усталяваць у боты Фідэля Кастра. Планавалася, што гэтыя пласціны выклічуць у Фідэля праблемы з яго іміджавай барадой — яна павінна была паступова знікнуць. Адсутнасць барады, паводле разлікаў экспертаў з Лэнглі (месца, дзе знаходзіцца штаб-кватэра ЦРУ), абавязкова паўплывае на аўтарытэт лідара камуністаў сярод кубінцаў.

Але праект знішчэння барады Кастра адпачывае на фоне ідэі рычага-рукі памерам прыкладна ў 500 метраў. ЦРУ абяцала прыпаяць тую руку-рычаг да корпусу карабля і з яго дапамогай узняць з глыбіні акіяна савецкую субмарыну, што калісьці патанула. Каштаваў той праект каля трох мільярдаў долараў.

Магчыма, у тым праекце і няма нічога дзіўнага. Як і кожная бюджэтная арганізацыя, ЦРУ прыдумляла самыя незвычайныя спосабы асвоіць бюджэтныя сродкі. Напрыклад, у пачатку 1980-х гадоў яе супрацоўнікі напісалі каля 20 рапартаў на тэму, што можа адбыцца, калі будзе рэалізаваны сюжэт кнігі «Паляванне за Чырвоным Кастрычнікам». У рамане Тома Клэнсі распавядаецца пра савецкага капітана, які вырашыў збегчы за мяжу разам з падпарадкаванай яму атамнай падводнай лодкай.

_95047502_ciaap.jpg

Праўда, часам ЦРУ шукала і альтэрнатыўнае бюджэтнаму фінансаванне. Каб падтрымаць антыкамуністычны рух у Нікарагуа, спецслужба на пачатку тых жа 1980-х гадоў вырашыла аўтаномна прадаваць какаін у бедных кварталах і пераводзіць грошы на адрас «контрас».

Асобная старонка ў гісторыі спецслужбы — пошук метадаў уплыву на чалавечую свядомасць. Тут можна вылучыць некалькі накірункаў. У 1960-я ў Лэнглі займаліся эксперыментамі з наркотыкамі. Аж да таго, што пачалі вырабляць хлеб з дадаткамі ЛСД. Эксперымент прыпынілі пасля таго, як у спажыўцоў пачаліся галюцынацыі.

Іншы накірунак — магія. З 1978 да 1995 года ЦРУ праводзіла праграму пад назвай «Зорныя вароты». Іх мэтай было стварэнне арміі так званых «псіхічных ваяроў», людзей са звышнатуральнымі здольнасцямі, якія маглі б выкарыстоўваць свае сілы, каб зазіраць унутр варожых базаў, маніпуляваць фізічным светам і прадказваць будучыню.

Як ні дзіўна, «псіхічныя ваяры» выкарыстоўваліся ў рэальных аперацыях. Да 1983 года ЦРУ правяло 700 місій з удзелам экстрасэнсаў, і, калі глядзець на справаздачы, іх інфармацыя была дакладнай у 85% выпадкаў. Някепскі вынік, аднак любы іншы і больш танны метад збору інфармацыі быў падобным. «Псіхаваяроў» адправілі ў адстаўку.

Правал эксперыментаў з чараўнікамі — самы кепскі вынік спецслужбы. У 1960-я ЦРУ спансаваў цікавае даследаванне ў Гарвардзе. У межах праекту студэнты падвяргаліся «жорсткім псіхалагічным эксперыментам». Студэнтам, у якога рэакцыя на эксперыменты была найгоршай, быў Тэд Качынскі. Праз 20 гадоў яго імя будзе выклікаць жах па ўсёй краіне — менавіта Качынскі з 1978 па 1995 год адправіў па пошце 16 бомбаў, мэтамі якіх былі ўніверсітэты і авіялініі. У выніку выбухаў пасылак загінулі 3 чалавекі і 23 былі параненыя.

Трэба прызнаць, што ЦРУ займалася і больш мірнымі праектамі. Напрыклад, у часы “халоднай вайны” арганізацыя планавала распаўсюджваць у СССР гіганцкія прэзерватывы з лейблам Made un USA, каб выклікаць у жанчын Саюзу сімпатыю да амерыканскіх мужчынаў.

Праца з агентурай — асобная фішка амерыканскіх шпіёнаў. У Афганістане агенты падкуплялі лідараў афганскіх кланаў таблеткамі “Віягры”. У В’етнаме, каб заахвоціць мясцовых змагацца з камуністамі, раздавалі каталогі-праспекты камерцыйнай крамы: в’етнамцы практычна не выкарыстоўвалі папяровыя грошы і патрабавалі матэрыяльнай кампенсацыі.

Напачатку працы ЦРУ ў Маскве для кантактаў з мясцовымі інфарматарамі агентам ЦРУ дзеля канспірацыі дазваляліся выкарыстоўваць жонак. У выпадку правалу жанчын інструкцыя патрабавала ад агентаў рашуча адмаўляць факт шлюбу.

Наўрад ці гэты спіс пералічаных кур’ёзаў ад ЦРУ канчатковы — у тым ліку праз новы віток геапалітычнага супрацьстаяння, калі шпіёны запатрабаваныя, як ніколі. Будзем спадзявацца, што на гэты раз кур’ёзамі ў працы спецслужбаў усіх краінаў тая канфрантацыя і скончыцца.