Курдам дазволілі называцца курдамі

Афіцыйная Анкара ўпершыню ў гісторыі Турэцкай рэспублікі заявіла, што гатовая прызнаць турэцкіх курдаў як асобную нацыянальную меншасць. Ці значыць гэта вырашэнне курдскага пытання? Пра гэта журналіст “НЧ Алег Новікаў размаўляе з нямецкім палітолагам Даніэлем Баерам, які спецыялізуецца на турэцкай праблематыцы.



b710915795b9e9c02cf10d6d2bdb688c.jpg

Афіцыйная Анкара ўпершыню ў гісторыі Турэцкай рэспублікі заявіла, што гатовая прызнаць турэцкіх курдаў як асобную нацыянальную меншасць. Ці значыць гэта вырашэнне курдскага пытання? Пра гэта журналіст “НЧ Алег Новікаў размаўляе з нямецкім палітолагам Даніэлем Баерам, які спецыялізуецца на турэцкай праблематыцы.
— Заходняя прэса, у прыватнасці нямецкая, каментуючы крокі ўраду Эрдагана, піша пра рэвалюцыю ў турэцкай палітыцы адносна курдаў. Што канкрэтна зменіцца ў статусе курдаў пасля таго, як закон будзе прыняты?
— “Больш правоў для ўсіх — так называецца ўрадавая праграма, якая складаецца з 15-ці пунктаў. Дазваляецца выкарыстанне курдскай мовы ў публічнай сферы, у выбарчай агітацыі, у мясцовых адміністрацыях. Курдскія гарады і вёскі могуць насіць курдскія назвы. Зараз шмат з іх пераробленыя на турэцкі лад. Мова курдаў будзе выкладацца ў школах і універсітэтах. Нават можна рабіць фільмы на курдскай мове.
— Ці былі падставы для з’яўлення такога закона?
— Турэцкая Рэспубліка існуе каля 80 гадоў, і курдская праблема заўсёды так ці інакш гучала. Турэцкая рэспубліка з першага дня адмаўляла існаванне асобнага курдскага этнасу. Лічылася, што некаторыя сельскія рэгіёны ва ўсходняй Анталіі адсталі ў сваім развіцці, і таму захавалі некаторыя асаблівасці ў мове, культуры. Таму праводзілася актыўная моўна-культурная асіміляцыя аж да забароны выкарыстання курдскай мовы ў публічных месцах. Такая палітыка не дала вынікаў. Інакш нацыянальна-вызвольная барацьба, якую вядзе Курдская працоўная партыя (РКК), не цягнулася б ужо 25 гадоў. Яна не закончылася і пасля таго, як лідэр паўстанцаў Абдула Аджалан трапіў у палон. Ахвярамі супрацьстаяння паўстанцаў і войскаў сталі 40 тысяч чалавек. Нарадзіўся феномен унутранай эміграцыі: людзі бягуць з раёнаў вайсковых дзеянняў у вялікія гарады, дзе папаўняюць армію люмпенаў, садзейнічаюць росту крыміналу. Нарэшце, тармозіцца грамадзянская інтэграцыя. Паколькі курдскамоўнае тэлебачанне і радыё ў краіне забароненыя, турэцкія курды глядзяць спадарожнікавыя курдскія каналы з Сірыі і Іраку.
— Ці можна лічыць прапанаваную ўрадам праграму прарывам у гэтай галіне?
— Калі чатыры гады таму Партыя развіцця і справядлівасці (АКР) і яе лідэр Рэджэп Тайіп Эрдаган прыйшоў да ўлады, для іх проста не існавала курдскага пытання. Сам Эрдаган казаў, што існуе выключна пытанне павышэння эфектыўнасці барацьбы з тэрарыстамі. Цяпер ён гатовы весці дыялог, няхай з пазіцыі дыктуючага ягоны фармат. Для турэцкага палітыка гэта сапраўды незвычайны крок. Пры гэтым дастаткова валюнтарысцкі. Трэба прызнаць, што турэцкае грамадства вельмі слаба зразумела прапановы Эрдагана. Сітуацыя ў раёнах, дзе дзейнічаюць атрады РКК, не крытычная. Асаблівых прычын ісці на саступкі быццам няма. Звычайныя туркі не падтрымліваюць, як мінімум не разумеюць, сэнс праграмы “Больш правоў для ўсіх. Самі курды, у сваю чаргу, патрабуюць больш правоў. У любым выпадку, Эрдаган правільна абраў час для пераменаў. Зараз яго партыя ў парламенцкай большасці. Думаю, што змены будуць пазітыўнымі. Так ці інакш, закон пашырыць плюралізм у турэцкім грамадстве.
— Як паставіліся самі курды да праграмы?
— Ахмет Цюрк, старшыня курдскай партыі DTP, выступіў падчас дэбатаў. Ён раскрытыкаваў закон, назваў рэформы непаслядоўнымі. На яго думку, урад, каб вырашыць курдскае пытанне, павінен прызнаць курдаў роўнымі туркам. Ён акцэнтаваў увагу на тым, што перад тым, каб прымаць падобны закон, улады павінны папрасіць прабачэнне ў курдаў за палітыку, якую праводзілі супраць гэтага народа сто апошніх гадоў. Знакам прымірэння павінна стаць, па словах Цюрка, вызваленне з турмы лідэра РКК. Дарэчы, шмат хто з апазіцыі падчас выступу курдскага палітыка пакінуў парламенцкую залю.
— Партыя Эрдагана лічыцца партыяй умераных ісламістаў. Якая рэакцыя нацыяналістычнай і рэспубліканскай апазіцыі на змены ў заканадаўстве?
— Апазіцыя да АКР прэзентаваная ў парламенце партыямі MHP (нацыяналісты) і CHP (народныя рэспубліканцы). Лідэр нацыяналістычнай партыі Дэвлет Бахчэлі назваў прыняты закон апасродкаваным тэрорам Курдскай рабочай партыі. Ён назваў закон здзекам з памяці вайскоўцаў і чыноўнікаў, якія сталі ахвярамі РКК і актам здрады з боку ўрада. У такім жа духу выступаў Дэніз Байкал, лідэр фракцыі CHP. Ён пайшоў яшчэ далей, заявіўшы пра існаванне сакрэтнай дамовы паміж Эрдаганам і Аджаланам. Апошні, дарэчы, у рамках змены курдскай палітыкі сапраўды нешта атрымаў. Ягоны турэмны рэжым будзе не такі жорсткі, як раней. Яму, напрыклад, дазволяць сустрэчы з наведвальнікамі.
— Тое, што адбываецца ў Турцыі з курдамі, шмат хто лічыць разрывам са спадчынай Атацюрка на карысць дактрыны пад назвай “новы асманізм. Сутнасць “новага асманізму — адмова ад арыентацыі на Еўропу, стварэнне рэгіянальнага блоку на базе ідэалогіі памеранага ісламу, дзе Турцыя магла адыгрываць галоўную ролю. Дык што, Атацюрк больш не актуальны ў Турцыі?
— Спадчыну Атацюрка нельга пераглядзець так хутка. Акрамя таго, наладжванне дыпламатычных адносін з Арменіяй і вырашэнне курдскага пытання — даўнія патрабаванні Бруселю. Больш таго, Турцыя ў выніку стала больш моцным суб’ектам рэгіянальнай палітыкі, з якой ЕС вымушаны лічыцца і больш асцярожна казаць пра тое, што ў туркаў няма шансаў стаць сябрамі Еўрасаюзу. Аднак, думаю, галоўнай прычынай пачаць дыялог з курдамі была сітуацыя ў Паўночным Іраку. Пасля выхаду амерыканцаў аўтаномны Курдыстан фактычна ператворыцца ў асобную дзяржаву, і Турцыі не хацелася б, каб ён стаў плацдармам для базаў РКК. Па-другое, курды — сельскія жыхары, якія шануюць традыцыйныя каштоўнасці. Іншымі словамі, гэта патэнцыйны выбаршчык партыі Эрдагана. Каб яны галасавалі за Эрдагана, трэба было для пачатку хаця б проста звярнуцца да іх на іх роднай мове, што прэм’ер і зрабіў.