Ільхам Аліеў. Алан Беркман. Абдэль азіз Бутэфліка

Ільхам Аліеў

Ільхам Аліеў
Прэзідэнту Азербайджана, які лічыцца абсалютным гаспадаром у краіне, кінулі выклік сябры групоўкі “Лясныя браты, якія актывізавалі сваю дзейнасць на поўдні. На днях падчас спробы нелегальнага пераходу мяжы яны забілі аднаго і паранілі двух памежнікаў. Праўда, самі тэрарысты таксама былі забітыя. Групоўка “Лясныя браты ўзнікла пасля другой чачэнскай вайны і дзейнічала галоўным чынам у зоне расійска-азербайджанскай мяжы. У 2007 годзе паліцыя арыштавала 17 “братоў у Сумгаіце. Аднак хутка арганізацыя адрадзілася. Як кажуць эксперты, галоўным фактарам хуткага кадравага абнаўлення з’яўляецца тое, што ў групоўку прымаюць выключна вахабітаў, якія, у сваю чаргу, маюць сваю падпольную сетку. Акрамя таго, вахабіты атрымліваюць фінансавую дапамогу з Саудаўскай Аравіі. Частка грошай ідзе ў фонды “Лясных братоў. МУС Азербайджана, каментуючы апошнія падзеі, кажа, што “Лясныя браты выконваюць заданне звонку — “дэстабілізаваць сітуацыю ў краіне і стварыць ісламскую дзяржаву. Аднак, па словах галоўнага паліцэйскага, іх спробы марныя, паколькі “Лясны браты не маюць масавай падтрымкі насельніцтва. Тым не менш, з’яўленне “братоў на поўдні, дзе іх ніколі не бачылі, дае падставу казаць пра пашырэнне зоны актыўнасці і павелічэнне цікавасці грамадства да радыкальных дактрын.
Алан Беркман
Адзін з самых вядомых у ЗША абаронцаў правоў чалавека памер на 63-м годзе жыцця. Алан нарадзіўся ў 1945 годзе ў Нью-Йорку ў сям’і габрэяў-эмігрантаў. Яго сям’я была моцна звязаныя з габрэйскім рухам (бацька займаўся кантрабандай зброі для перасяленцаў у Палесціну). Аднак сам Алан у юнацтве захапіўся вобразам Чэ Гевары, які неяк сказаў, што лепшая прафесія для рэвалюцыянера — медык. Беркман пайшоў на медфак Калумбійскага універсітэта і стаў адным з лідэраў студэнцкага руху супраць вайны ў В’етнаме. У пачатку 1970-х ён становіцца праваабаронцам і абараняе ахвяр самых славутых спраў, так ці інакш звязаных з палітыкай, — феміністак, левых тэрарыстаў, пацыфістаў. Менавіта яго група займалася справай індзейцаў, якія ў 1971 годзе ўзнялі паўстанне ў пасёлку Вундэн Дні, пратэстуючы супраць дыскрымінацыі. Сувязі з радыкаламі каштавалі яму свабоды. У 1981 годзе за кантакты з тэрарыстычнай групоўкай “Сіноптыкі Алану далі 10 гадоў турмы. Яго вызвалілі датэрмінова. Пасля чаго Беркман заняўся правамі ахвяр СНІДу. Ён і яго аднадумцы дабіліся ад адміністрацыі Клінтана рэвалюцыйнай рэформы мытнага заканадаўства, якая дазволіла імпарт у краіну больш танных лекаў для хворых на СНІД. Беркман да канца жыцця змагаўся за нізкія кошты гэтых лекаў, сцвярджаючы, што на самой справе пакет каштуе не больш за 150 долараў.
Абдэль азіз Бутэфліка
Прэзідэнт Алжыра захапіўся палітычнай мадэллю Сірыі, Егіпта або Лівіі, дзе нягледзячы на рэспубліканскі дзяржаўны лад, улада фактычна перадаецца па кроўнай лініі: ад кіраўніка дзяржавы да ягонага сына або іншага блізкага родзіча. У якасці нашчадка алжырскі прэзідэнт, калі верыць грэчаскай прэсе, абраў свайго брата Саіда, якому ўсяго толькі 54 гады. Апошні, сапраўды, актывізаваўся. Саід заявіў пра намер стварыць уласную партыю “Вольная генерацыя, якая пойдзе на выбары 2012 годзе асобна. Каб неяк залагодзіць шок грамадства ад відавочнага лабіравання на пасаду кіраўніка дзяржавы свайго родзіча, прэзідэнт вырашыў заручыцца падтрымкай ісламістаў. Чакаецца, што бліжэйшым часам у краіне будзе абвешчаная амністыя для баевікоў ісламскіх экстрэмісцкіх груповак, якія былі актыўнымі ў краіне ў 1990-я гады. Праўда, апошняя буйная атака ісламскіх тэрарыстаў, падчас якой былі забіты 24 жандары, сведчыць, што самі экстрэмісты далёкія ад ідэі кампрамісу з дзяржавай. Саід, дарэчы, з 1999 года працуе ў адміністрацыі прэзідэнта. Цікава, што раней Абдэлаіз Бутэфліка дабіўся змен у канстытуцыі, якія б дазвалялі яму балатавацца бясконцую колькасць разоў. Аднак салідны ўзрост (72 гады) і хваробы змянілі першапачатковыя планы.