Мірэк Тапаланек. Рахат Аліеў. Даніэль Кон-Бендзіт
Мірэк Тапаланек
Мірэк Тапаланек
Былы прэм’ер-міністр Чэхіі ад правай кансерватыўнай партыі заявіў,
што стаў ахвярай «змовы сацыялістаў». Змова палягае ў тым, што іспанская, блізкая да левых колаў, газета «El Paіs» змясціла фота папарацы, якія той тайна зрабіў на
Villa Certosa — прыватнай віле Сільвіа Берлусконі ў Сардзініі. Цяпер усе толькі і гавораць пра інтымныя сувязі Сільвіа і 18-гадовай мадэлі Наомі, якія быццам сустракаліся менавіта на Villa
Certosa. Аднак не толькі Наомі адпачывала там. Сюды прыязджалі адпачываць іншыя госці, якія, калі верыць здымкам, бавілі час у кампаніях з вельмі сімпатычнымі жанчынамі. Сярод тых фота ёсць здымак
аголенага мужчыны. Хаця рэдакцыя «El Paіs» зафарбавала твар таго перца (як і іншых людзей на фотаздымках), чэшская прэса чамусьці ўпарта лічыць, што заклапочаны мужчына на здымку
менавіта Мірэк. Падставай для такіх высноў стала наяўнасць у мужчыны на фотаздымку белай павязкі на руцэ. Такую ж носіць Тапаланек (па яго словах, на знак салідарнасці з барацьбітамі за незалежнасць
Тыбету). Сам Тапаланек заявіў, што на здымку дакладна не ён, і звязаў з’яўленне здымкаў з выбарамі ў Еўрапарламент. Калі яму верыць, сацыялісты з «El Paіs» наўмысна зрабілі
правакацыйны калаж, каб падарваць пазіцыі правых.
Рахат Аліеў
Як ужо пісаў «НЧ», чарговай хваляй барацьбы Рахата Аліева
з Астаной стаў выхад кнігі пад назвай «Хросны цесць». Фаліянт меў каласальны поспех. У краіне нават забаранілі папулярны інтэрнэт-рэсурс Life Journal (Жывы часопіс), праз які
распаўсюджваўся «Хросны цесць». Аднак, здаецца, улады краіны арганізавалі варты адпор на атаку з Вены. Праз некалькі дзён Аліеў абвясціў, што дасць прэс-канферэнцыю на казахскай
службе «Радыё Свабода». Кожны, хто хацеў, мог задаць вялікаму змагару супраць тыраніі Назарбаева пытанне. У выніку спіс пытанняў канчаткова пазбавіў Рахата іміджу дэмакрата. Народ
цікавілі не палітычныя схільнасці Аліева, а зусім іншыя рэчы. У рамках прэс-канферэнцыі фігуравалі такія вясёлыя пытанні, як, напрыклад, ці прысягаў на вернасць брытанскай кароне ягоны сын Айсултан
— курсант англійскай вайсковай акадэміі? Чаму Аліеў-афіцэр у сваёй кнізе здаў усю рэзідэнтуру казахскай разведкі ў Еўропе? Што здарылася з яго былой чарнаскурай каханкай? Аднак самае
экзатычнае пытанне гучала наступным чынам: «Рахат Мухтаравіч, нашто Вы, калі ўзначальвалі казахскі футбол, перавялі нашу федэрацыю з азіяцкай лігі ў склад УЕФА? Цяпер у нас няма ніякіх
вынікаў. Мы прайграем усе матчы. Можа, было б лепш змагацца з узбекамі або японцамі? Зноў мы сталі ахвярамі вашых амбіцый».
Даніэль Кон-Бендзіт
Былы анархіст, лідэр студэнцкай рэвалюцыі 1968 года, празваны за свае рудыя
валасы Чырвоны Дані, перажывае другое палітычнае нараджэнне. Ягоны блок «Europe Ecologie», створаны на базе французскай Партыі зялёных, нечакана атрымаў 16 працэнтаў на выбарах у
Еўрапарламент. Для параўнання, галоўная партыя апазіцыі — сацыялісты — маюць толькі 20 працэнтаў. Цікава, што Кон-Бендзіт — грамадзянін Германіі, а не Францыі. У 1968-м яго
нават дэпартавалі з Францыі як «непажаданага іншаземца». У адказ Даніэль пафарбаваў валасы і нелегальна вярнуўся ў захоплены студэнтамі Парыж. З тых часоў ён эксплуатуе сваю
падвоеную ідэнтычнасць. Абіраецца ў парламент ЕС то ад Германіі, то ад Францыі (законы ЕС гэта дазваляюць). Трэба прызнаць, што як немцы, так і французы Чырвонага Дані сапраўды любяць і ахвотна за
яго галасуюць. Аднак Дані гэтага мала. Ён выступіў з прапановай стварэння на базе груповак сацыялістаў і Зялёных у Еўрапарламенце парламенцкай большасці. Галоўная мэта — не дапусціць, каб
Жазэ Барозу зноў стаў старшынёй Еўрапейскай камісіі. Зялёныя лічаць, што ён адказны за трафік праз аэрапорты ЕС сакрэтных вязняў ЦРУ. Праўда, нават калі эколагі і сацыялісты аб’яднаюцца,
гэтага будзе занадта мала. У новым парламенце будзе засядаць 151 сацыяліст і 51 дэпутат ад Зялёных. Між тым, фракцыя кансерватараў складаецца з 267 дэпутатаў.