МАГАТЭ: Паўночная Карэя, падобна, зноў запусціла ядзерны рэактар у Ёнбене

Міжнароднае агенцтва атамнай энэргіі (МАГАТЭ) паведамляе, што, мяркуючы з шэрагу прыкмет, КНДР перазапусціла атамны рэактар у Ёнбене, здольны вырабляць зброевы плутоній і які быў спынены ў снежні 2018 года, праз шэсць месяцаў пасля першай сустрэчы Кім Чэн Ына і Дональда Трампа ў Сінгапуры, піша расійская служба ВВС.

2021_07_30t005152z_1622299196_rc2ouo92r0fc_rtrmadp_3_northkorea_kim_chen_yn.jpg


Паўночная Карэя разарвала адносіны з МАГАТЭ ў 2009 годзе і не дапускае да сябе яе інспектараў. Інфармацыя пра стан яе ядзернай праграмы паступае са спадарожнікаў.
Мяркуючы па спадарожнікавых фотаздымках, з ліпеня гэтага года ў прылеглых да ядзернага цэнтра рэзервуарах пачала зноў цыркуляваць вада, якая выкарыстоўваецца для астуджэння рэактара. Гэта дазваляе зрабіць выснову, што ён зноў запушчаны.
Комплекс у Ёнбене, які Пхеньян называе навукова-даследчым, — ключавое звяно паўночнакарэйскай ядзернай праграмы.
Міжнародныя эксперты вядуць рэгулярнае назіранне за ім з космасу, каб вызначыць яго прыкладную прадукцыйнасць і, адпаведна, тое, якой колькасцю плутоніевых бомбаў можа валодаць КНДР.
Даклад МАГАТЭ таксама змяшчае інфармацыю пра радыёхімічную лабараторыю комплексу, якая перапрацоўвае выкарыстанае ядзернае паліва ў зброевы плутоній.
Паводле наяўных звестак, яна запрацавала за пяць месяцаў да ліпеня, калі, меркавана, быў запушчаны сам рэактар.
Запуск рэактара і лабараторыі выклікае вялікую занепакоенасць і з'яўляецца прамым парушэннем рэзалюцый Савета Бяспекі ААН, гавораць у МАГАТЭ.
Міністэрства замежных спраў Паўднёвай Карэі заявіла інфармагенцтву «Ёнхап», што ўрад пастаянна назірае за дзейнасцю Поўначы ў ядзернай і ракетнай абласцях ў цесным супрацоўніцтве са Злучанымі Штатамі.
Апошняе на дадзены момант і шостае па ліку ядзернае выпрабаванне Паўночная Карэя правяла 3 верасня 2017 года.