Майдана — прынамсі, такім, як яго мы ведалі, — не будзе

Наш журналіст Алег Новікаў, які назіраў Еўрамайдан 24 лістапада ў Кіеве на ўласныя вочы, распавядае пра апошнія падзеі на новым Майдане.



1326169.jpg

Фота:korrespondent.net

Прыкладна аб 16-й гадзіне на мітынгу адзін з лідараў апазіцыі Аляксандр Турчынаў сказаў тое, што ўсе даўно чакалі: абвясціў пра будаўніцтва намётавага лагеру апазіцыі (праўда, гэтым разам ён будзе не на Майдане Незалежнасці, а на Еўрапейскай плошчы). Палітык таксама паабяцаў гарбату і ежу. Публіка вітала заяву воплескамі і рачоўкамі, накшталт: “Гэть зэка!”, “ Банду гэть!”, “Украіну ў Еўропу, Януковіча ў …”

На першы погляд, мы назіраем рымейк Майдану 2004 года. Шмат рэчаў знешне нагадвалі падзеі, якія мелі месца 9 гадоў таму. Напрыклад, на вуліцах украінскай сталіцы маніфеставалі тыя ж катэгорыі насельніцтва, якія калісьці стваралі той самы легендарны Майдан: інтэлігенцыя, студэнты, галічане, правінцыялы ў пракаветных гарнітурах-тройках, якія яны старанна адпрасавалі перад тым, як паехаць у горад.

Натуральна, былі і дзяўчаты. Як і ў 2004-м, яны таксама запляталі ў валасы жоўта-сінія стужкі і ад душы, эмацыйна выказвалі свае антыімперскія погляды. Па Майдану хадзіла маладая мадэмуазель з паперкай фарматам А4; на якой было ад рукі напісана: “Я не хачу падціраць сраку Пуціну”. Іншая купка дзяўчат сваімі целамі блакавала адзін з уваходаў на станцыю метро з плакатамі: “Не сыходзьце з Майдану!”.

Ёсць, праўда, і папаўненне. Гэта радыкальныя нацыяналісты, якія ў 2004-м не былі арганізаваныя ў рамках адной структуры. Сёння, прыкрываючы мандатамі дэпутатаў нацыяналістычнага аб’яднання “Свабода”, яны могуць сабе дазволіць нават атакаваць АМАП.

Такія сутычкі мелі месца каля Кабміну. Нацыяналісты кінулі ў міліцыянтаў дымавую шашку. Тыя пачалі мачыць пратэстоўцаў. У хмарах газу “свабодаўцы” рэціраваліся ў бок асноўнага апазіцыйнага натоўпу на Еўрапейскай плошчы.

Самае галоўнае, што звязвае 2004 і 2013 гады, — сапраўднае народнае абурэнне. На маіх вачах у метро інтэлігентны маладзён падышоў да купкі міліцыянтаў і гучна сказаў: “Ідзіце вы на х… з вашым Януковічам!”. Сказаў вельмі гучна. Пры ўсіх. Пяць АМАПаўцаў глядзелі на хлопца, аднак нічога не зрабілі. Самі ўсё разумелі.

У адрозненне ад 2004-га, пратэст падтрымалі шмат украінцаў на Усходзе і на Поўдні, якія калісьці галасавалі за Януковіча.

Практычна тры месяцы афіцыйныя СМІ прасоўвалі тэзіс пра тое, што Януковіч — лепшы еўраінтэгратар за Цімашэнка і Клічко, і раптам такі зігзаг. Аддзел маладзёвай секцыі Партыі рэгіёнаў у Мікалаеве не разабраўся ў сітуацыі і інэрцыйна падтрымаў Еўрамайдан.

Улада перажывае крызіс жанру. Нават арганізаваная паралельна Еўрамайдану маніфестацыя Партыі рэгіёнаў прыняла рэзалюцыю пра тое, што еўраінтэграцыя толькі адкладаецца.

Але ўсё роўна інтуітыўна адчуваецца, што Еўрамайдан–2013 — слабая копія таго, сапраўднага, Майдану. Цяжка адразу сказаць, чаму.

Магчыма, таму, што пасля лістапада 2004-га мінімум тры разы ў цэнтры Кіева будавалі намётавыя гарадкі, якія гучна абвяшчалі Майданамі. Магчыма, таму, што ўкраінцы дасюль не прабачылі аранжавым палітыкам, якія складаюць касцяк цяперашняй апазіцыі, тое, што яны прафукалі перамогу грамадства 9 гадоў таму. А можа, фаза пасіянарнасці ва ўкраінскім грамадстве прайшла. Над гэтым феноменам трэба яшчэ падумаць. 

Так ці інакш, абсалютная большасць маніфестантаў увечары 24 лістапада ішлі ў бок станцыі метро “Майдан Незалежнасці”, а не ў бок намётавага гарадку.

У панядзелак зранку апазіцыя абяцае пачаць пікеты будынкаў Кабміну і Вярхоўнай Рады. Будзем сачыць за навінамі.