Міфы нямецкіх аўтабанаў
90 гадоў таму, 23 верасня 1933-га, у Германіі быў урачыста запушчаны праект будаўніцтва аўтабанаў, якія з часам сталі часткай нацысцкага міфа. «Новы Час» зняпраўджвае некаторыя з іх.
Аўтабаны прыдумаў не Гітлер
Неаднаразова, на жаль, нават ад немцаў даводзілася чуць, што Германія абавязана сваёй фантастычнай транспартнай інфраструктурай генію Гітлера. Апошні, маўляў, дадумаўся вырашаць праблему беспрацоўя за кошт пабудовы аўтабанаў.
Насамрэч Гітлер не прыдумаў аўтастраду. Калі 23 верасня 1933 года з яго ўдзелам праходзіла «цырымонія закладкі падмурка» будаўніцтва рэйхсааўтабана, падобныя дарогі ўжо даўно існавалі.
Планы стварэння хуткаснай аўтамагістралі ў Нямеччыне ўзніклі ў 1920-х гадах. Былі і першыя рэалізаваныя праекты — дарога з Гамбурга ў Базэль. А Конрад Адэнаўэр, будучы мэрам Кёльна, яшчэ ў 1932 годзе адкрыў чатырохпалосную дарогу паміж Кёльнам і Бонам.
Калі б гэтых планаў і папярэдніх прац не існавала, Гітлер ці наўрад пачаў будаўніцтва першай аўтамагістралі Рэйха праз дзевяць месяцаў пасля прыходу да ўлады.
Акрамя таго, нацысты, якія падпарадкавалі на той момант увесь урадавы апарат, мелі неабмежаваную свабоду дзеянняў у аўтабудаўнічай галіне. У часы Веймара для пракладкі дарог трэба было вырашыць шмат юрыдычных пытанняў, у тым ліку дамовіцца з вайскоўцамі і мясцовымі ўладамі, не кажучы ўжо пра прафсаюзы. Па гэтых прычынах у Веймарскай рэспубліцы не магло быць пабудавана шмат аўтамагістраляў. У Гітлера ўсё гэта вырашалася адной пастановай канцлера.
Аўтабаны не вырашалі праблему беспрацоўя
Сцвярджэнне, што аўтабаны дапамаглі перамагчы беспрацоўе, таксама спрэчнае. Нягледзячы на высокую колькасць беспрацоўных у краіне, аўтабудаўнічыя працы не надта прыцягвалі кліентаў працоўных біржаў. Таму як заўсёды на дапамогу прыйшоў банальны прымус.
Нацысты перш за ўсё загналі на будаўнічыя пляцоўкі беспрацоўных сябраў кампартыі, партыі эсдэкаў і прафсаюзных актывістаў, гэта значыць сваіх палітычных ворагаў. Усім, хто не хацеў будаваць «вуліцу Адольфа Гітлера» (такую мянушку далі аўтабанам нацысцкія прапагандысты), служба занятасці пагражала штрафам. Дарэчы, рашэнне аб такіх штрафах было прынята як раз напярэдадні 24 верасня 1933 года.
Але нават тыя, каго загналі будаваць дарогі, прымудраліся супраціўляцца. Паліцэйскія пратаколы фіксуюць вялікую колькасць забастовак падчас будаўніцтва. Як правіла, прычынамі былі дрэнныя ўмовы працы, нізкі ўзровень заработнай платы, звальненне калег па працы, павелічэнне працягласці працоўнай змены і г. д.
Трэба аддаць належнае мужнасці ўдзельнікаў тых пратэстаў. Ужо ў 1933-м любы сацыяльны канфлікт кваліфікаваўся ў судзе як «антыўрадавы бунт». Тым больш дзіўна, што перыядычна такія забастоўкі былі паспяховымі. Аб гэтым, у прыватнасці, пісала брытанская газета Manchester Guardian.
З канца 1930-х праводзіць стачкі на будоўлях аўтабанаў стала цяжэй. Былі выпадкі, калі забастоўшчыкаў адпраўлялі ў канцэнтрацыйныя ці працоўныя лагеры за ўдзел у пратэстах, праўда, толькі на адносна кароткі перыяд часу ў якасці прафілактычнага фактару.
Колькасць загінулых падчас будаўніцтва аўтабанаў уражвае
Аматары гітлераўскіх аўтабанаў таксама ігнаруюць тэму ўдзелу ў іх будаўніцтве ваеннапалонных і вязняў канцэнтрацыйных лагераў, у тым ліку яўрэяў. Пачынаючы з 1938 года іх усё часцей прымушалі будаваць аўтамагістралі.
Асабліва вялікі маштаб гэтая практыка мела ва акупаванай Украіне, дзе нацысты вырашылі пабудаваць аўтабан са Львова ў Сталіна (так называўся ў той час Данецк). Падчас будаўніцтва «Дарогі SS» (назва магістралі ў нацысцкай перыёдыцы) загінула некалькі дзясяткаў тысяч чалавек. У цэлым колькасць людзей, якія загінулі на нямецкім дарожным будаўніцтве падчас вайны, ацэньваецца ў 180 000 чалавек.
Пералічаныя факты і статыстыка ніколі не былі недаступныя. Проста тэма гітлераўскіх аўтабанаў падавалася не актуальнай. Аднак сёлетні юбілей паўстання гітлераўскіх аўтабанаў праходзіць у іншай грамадскай атмасферы. Рост правага радыкалізму некаторыя эксперты таксама звязваюць часткова з міфам пра аўтабаны. Сапраўды, на шматлікіх пабліках неанацыстаў можна знайсці відэаролікі аб тым, як Гітлер падобна нейкаму дэміургу будуе аўтабаны. Спробы эколагаў кантраляваць рух на аўтабанах таксама выклікаюць настальгію па мінулым.
Адсюль катэгарычная ўстаноўка ў актуальных публікацыях некаторых нямецкіх медыя — немцы нарэшце павінны перастаць ганарыцца дасягненнямі дыктатуры ў выглядзе тых жа аўтабанаў.