Калі астранаўты былі злачынцамі
ЗША гучна адсвяткавалі 55-ю гадавіну высадкі чалавека на Месяц. Між тым, быў час, калі місію карабля «Апалон-2» разглядалі як гістарычную памылку, а саміх астранаўтаў лічылі ледзь не ворагамі народа.
Праз год пасля дэсанту на Месяц капітан «Апалона-2» Ніл Армстранг даў інтэрв’ю, у якім сярод іншага выказаў расчараванне тым, што інтарэс да палёту на Месяц у амерыканскім грамадстве прайшоў так хутка. У 1977 годзе большасць амерыканцаў увогуле лічыла палёт на Месяц памылкай.
Як сталася, што людзі, якія зрабілі адзін з самых вялікіх прарываў у гісторыі чалавецтва, аказаліся ў 1970-х гадах амаль забытымі? Культуролагі і палітолагі называюць шмат фактараў. Адзін з галоўных — халодная вайна, а дакладней, выкліканая ёй так званая «касмічная гонка». Пасля запуску ў СССР спадарожніка і палёту Гагарына амерыканцаў ахапіў калектыўны комплекс непаўнавартаснасці. На вачах нівеліраваўся імідж ЗША як сусветнага лідара, што сярод іншага спрыяла ўздыму камунізму. Вашынгтону трэба было давесці, што янкі не саступаюць Саветам у космасе.
Палёт на Месяц давёў, што амерыканцы зноў у авангардзе тэхналагічнага прагрэсу. Аднак на гэтым інтрыга закончылася. Як выказаўся адзін з тагачасных паліткаментатараў, «Нарэшце мы перамаглі ў касмічнай гонцы. Далей няхай бягуць толькі фанатыкі». Фінал гонкі адразу адмоўна адлюстраваўся на бюджэце NASA. Палётаў стала менш, і, адпаведна, інтарэс да космасу ў соцыуме знік.
Другі фактар — эканоміка. З-за нафтавага шоку пачатку 1970-х гадоў, які выклікаў эканамічную дэпрэсію, Захад зацягнуў паясы. Праграма «Апалон-2» у свеце новых рэалій узгадавалася як хрэстаматыйны прыклад бессэнсоўнай траты шалёных грошай (касмічная гонка напачатку 1970-х гадоў каштавала 33 мільярды долараў, а сам палёт Армстранга і яго каманды — 7 мільярдаў). Дарэчы, нават на піку месяцаманіі — так называўся выбух інтарэсу ў ЗША да космасу — эканамічны скепсіс наконт падобных палётаў быў вельмі моцны: улетку 1969 года толькі 53 працэнты амерыканцаў лічылі, што праект «Апалон-2» апраўдаў укладзеныя ў яго сродкі. Амерыканскія левыя ўвогуле заклікалі накіраваць увесь бюджэт NASA на барацьбу з беднасцю ў ЗША. Асабліва гучна пратэставалі хрысціянскія арганізацыі і актывісты афраамерыканскага руху, якія лічылі, што скокі Армстранга па Месяцы на доўгія гады падарвалі сацыяльныя праграмы, якія галоўным чынам ішлі на дапамогу чарнаскурым грамадзянам ЗША.
Хутка наогул з’явілася канспіратыўная тэорыя змовы. У 1975 годзе амерыканскі пісьменнік Біл Кейсінг апублікаваў кнігу «Мы ніколі не былі на Месяцы», дзе сцвярджалася, што палёт «Апалона-2» быў фальсіфікацыяй. Аўтар заяўляў, што ЗША пайшлі на імітацыю дэсанту на Месяц для ўзняцця свайго прэстыжу з-за адставання ад СССР у касмічных дасягненнях, а таксама для рэабілітацыі іміджу Амерыкі ў свеце, які вельмі сапсаваўся падчас вайны ў В’етнаме. Саму сцэну высадкі, быццам, здымалі ў нейкім ангары ў Галівудзе.
Адзін з самых цікавых аспектаў гэтай тэорыі тычыцца ролі СССР, спецслужбы якога, як вядома, мелі добрую сетку інфарматараў. Калі б місія «Апалона-2» была падманам, то, хутчэй за ўсё, на Лубянцы ведалі пра гэта, і наўрад СССР упусціў бы магчымасць скампраметаваць Вашынгтон. Кейсінг і яго паслядоўнікі казалі, што Брэжнева падкупілі. Пасля таго, як Ніксан падараваў яму ў рамках візіту ў СССР новы «Кадзілак», дарагі Леанід Ільіч, быццам, пагадзіўся маўчаць, як партызан на допыту.
Дарэчы, у СССР пра палёт каманды Армстранга простыя людзі ведалі няшмат. Пра подзвіг амерыканскіх астранаўтаў літаральна двума сказамі паведамілі падчас праграмы «Время». А ў Кітаі, дзе Мао ставіў свае сацыяльныя эксперыменты, увогуле палічылі, што навіна пра высадку чалавека на Месяц не вартая эфіру.
Найбольшы сярод сацыялістычных краін інтарэс да «Апалона-2» мела Югаславія. Ціта нават запрасіў астранаўтаў наведаць Бялград у рамках сусветнага турне.
Але вернемся да амерыканцаў. Трэба адзначыць, што экспедыцыя на Месяц паўплывала на вобраз астранаўтаў у масавай культуры. Такі персанаж, як заваёўнік прыроды, які верыць у тэхнічны прагрэс, аказаўся незапатрабаваны аўдыторыяй. Энтузіязм наконт таго, што прагрэс і рост спажывання здольныя зрабіць чалавека шчаслівым, у 1970-я гады быў па-за модай. Астранаўты ў кнігах і фільмах таго часу выглядаюць як дэпрэсіўныя, псіхічна нездаровыя людзі. Такая нелюбоў тлумачыцца таксама тым, што непапулярная на той час адміністрацыя Ніксана нейкі час піярыла каманду «Апалона-2» як эталон амерыканскага грамадзяніна.
Застаецца толькі аддаць належнае стойкасці Армстранга і яго сяброў, якія захавалі нармальную псіхіку ў падобнай грамадска-культурнай атмасферы, дачакаўшыся новых часоў.
Інтарэс да космасу ў ЗША пачаў вяртацца толькі на мяжы 1980-х гадоў. Гэта было звязана з новымі трэндамі ў масавай культуры. Трыумф кінасагі «Зорныя войны» выклікаў бум інтарэсу да касмічнай тэматыкі. Акрамя таго, у 1980 годзе ў Белы дом прыйшоў Рональд Рэйган са сваёй мегафішкай — Стратэгічнай Абаронай Ініцыятывай, або, прасцей кажучы, праграмай «Зорныя войны». Каб апраўдаць у вачах грамадскасці інвестыцыі ў вайсковыя касмічныя праграмы, дзяржава пачала піяр подзвігаў амерыканскіх астранаўтаў, у тым ліку каманды «Апалона-2». Сваю ролю ў рэабілітацыі ідэі заваёвы космасу згуляў і пачатак эры шатлаў — шматразовых касмічных караблёў, першы з якіх запусцілі ў 1981 годзе.
У выніку настроі ў грамадстве пачалі мяняцца. Ужо ў 1989 годзе 67 працэнтаў амерыканцаў пазітыўна ставіліся да праекту «Апалон-2». Сёння палёт на Месяц, безумоўна, успрымаецца як адна з самых значных старонак амерыканскай гісторыі. Як, дарэчы, і эпоха 1970-х з яе феноменам негатыўнага ўспрыняцця касмічнай гонкі. Так ці інакш, менавіта тады, на хвалі ірацыяналізму, крытыкі тэхналагічнага прагрэсу, неарамантызму, узніклі новыя канцэпцыі тэхнікі (той жа інтэрнэт, персанальны кампутар і г.д.). З часам рэалізаваныя напрацоўкі 1970-х гадоў дазволілі чалавецтву зрабіць крок далёка наперад, у тым ліку і ў даследаванні космасу.