Момант ісціны для Пуціна

З моманту катастрофы Боінга ў вядучых сусветных СМІ абавязкова прысутнічае артыкул, прысвечаны трагедыі. Ёсць шакуючыя рэпартажы з жудаснымі падрабязнасцямі. Але з’явілася і шмат аналітыкі.



putin33.jpg

Па сутнасці, упершыню Захад спрабуе ацаніць маштаб украінскага крызісу, зразумець прыроду падзей на Данбасе і ролю Расіі ў іх. Тое, што Пуцін паводзіць сябе крывадушна, а таксама праз пастаўкі зброі правакуе супрацьстаянне, выклікала сапраўдны разварот грамадскай думкі адносна стаўлення да бакоў канфлікту.

Напярэдадні трагедыі ўкраінскі канфлікт успрымаўся ў еўрапейскім палітычным дыскурсе хутчэй як лакальная праблема Кіева. Пасля падзення самалёту ў Данбасе шмат пішуць пра тое, што ўкраінцы маюць справу з рэжымам, які не лічыцца ні з этычнымі нормамі, ні з існуючымі пасля вайны межамі.

«На працягу апошніх шасці месяцаў Уладзімір Пуцін перакроіў карту Еўропы, распаліў вайну ў суседняй суверэннай дзяржаве і вёў прапагандысцкую кампанію, у значнай ступені накіраваную супраць Захаду, якой яшчэ не было з моманту заканчэння халоднай вайны. Захад у асноўным пакідаў усё як ёсць. У святле таго, што адбылося, такі падыход больш не з’яўляецца прыдатным спосабам весці справы з амаральнай, архаічнай і жорсткай пуцінскай Расіяй», — адзначае «The Telegraph».

Яшчэ больш катэгарычная рэдакцыя «Financial Times»: «Для Пуціна надышоў момант ісціны. У апошнія гады Ула­дзімір Пуцін, прэзідэнт Расіі, быў неканструктыўным гульцом на сусветнай сцэне, сумна вядомым сваёй падтрымкай жорсткага рэжыму Асада ў Сірыі і анексіяй Крыму. Аднак тое, як ён будзе дзейнічаць пасля таго, як над Украінай быў збіты малаазійскі авіялайнер, верагодна, унясе самы вялікі ўклад у тое, у якім выглядзе замацуецца яго міжнародная рэпутацыя. Можа, гэтая жудасная трагедыя, якая забрала жыцці 298 нявінных людзей, пераканае лідара Крамля згарнуць крывавыя паўстанцкія дзеянні на ўсходзе Украіны, якія ён падсілкоўваў, таемна пастаўляючы ўзбраенне прарасійскі настроеным мяцежнікам, якія змагаюцца з кіеўскім урадам».

Але вялікіх надзей на тое, што Пуцін зменіць свой курс няма. «New York Times» піша: «Відавочна, што яго (Пуціна) асабістая і цынічная мэта — пакараць Украіну і прычыніць ёй шкоду. Пуцін і тыя, хто яго падтрымлівае, падобна, няздольныя зразумець, што яго мадэль кіравання, з уласцівымі ёй кумаўством, карупцыяй і запалохваннем, — не тое, да чаго імкнуцца былыя савецкія рэспублікі. Расійскія лідары не дапускаюць, што гэта не ЦРУ прымусіла многіх украінцаў імкнуцца на Захад».

З гэтым згодны французскі «Express». «Цяжка ўявіць, што расійскі прэзідэнт прызнае хоць бы малую віну за катастрофу «Boeing» «Малайзійскіх авіяліній», — мяркуе выданне, і тлумачыць гэта так: «Каб выратаваць свой аўтарытэт унутры краіны, у Пуціна няма іншага выбару, як прымусіць свой народ верыць у новую віртуальную рэальнасць, у міжнародную змову, скіраваную на тое, каб затармазіць Расію ў яе маршы да велічы».

Як следства, узнікае пытанне — што рабіць з Пуціным? Большасць СМІ падзяляюць пазіцыю газеты «The Sunday Times»: «Пуцін зменіцца толькі пад уз­дзеяннем знешняга ціску». Гэта і іншыя выданні ахвотна ўзгад­ваюць, якія наступствы меў паветраны тэракт для Кадафі, які, як лічаць, нясе адказнасць за арганізацыю выбуху ў 1988 годзе амерыканскага самалёта над Локербі. Гэта каштавала Трыпалі жорсткіх санкцый, і нават налётаў амерыканска-брытанскай авіяцыі.

Да абмеркавання авіяналётаў справа не дайшла, а вось пра санкцыі і іх магчымы эфект у дачыненні да Расіі пішуць шмат. «Калі заходнія краіны будуць паслядоўнымі, яны прымуць рашэнне аб жорсткіх санкцыях супраць Масквы, якія сапраўды паралізуюць расійскую эканоміку, гэта стане пачаткам франтальнага ўдару і пачаткам новай стратэгічнай эры ў Еўропе», — заключае французскае выданне «Le Nouvel Observateur».

Прапануецца шмат форм ціску на Маскву — ад абвяшчэння ў Лондане персонамі нон-грата ўсіх расійскіх алігархаў (чамусьці яны вельмі любяць жыць у горадзе на Тэмзе) да стварэння новай энергетычнай кампаніі, якая б пастаўляла ў Еўропу расійскі газ.

Цікавая прапанова прагучала ад брытанскага выдання «The Observer». Газета піша, што антырасійскія санкцыі будуць прадуктыўнымі выключна ў тым выпадку, калі Кіеў адначасова пачне дэманстраваць поспехі ў барацьбе карупцыяй. У сувязі з гэтым прапануецца ўвесці санкцыі не толькі супраць расійскіх, аднак і супраць украінскіх чыноўнікаў.

Еўрапалітыкі пакуль дастаткова асцярожныя. Пакет санкцый, які быў прыняты 22 ліпеня на сустрэчы міністраў замежных спраў краін ЕС, большасць СМІ называюць «талерантным». «Financial Times» канстатуе: «Разлад у ЕС паставіў крыж на новых санкцыях супраць Расіі». Незадаволеная і газета «The New York Times», якая піша: «На фоне нерашучых дзеянняў Еўрасаюза ў дачыненні да прыняцця новых санкцый супраць Расіі многія ва Украіне лічаць, што ў Еўропе займаюцца пустой балбатнёй».

Некаторыя выданні лічаць рашэнне міністраў слушным, паколькі яно не зачыняе дзверы для перамоваў. «Замест таго, каб даць нагоду для новага гвалту, трэба шукаць падставу для спынення агню і аднаўлення перамоў. Любая спроба Захаду або Усходу навязаць сваю волю дэстабілізуе Украіну. Пытанне цяпер у тым, як рухацца да мірнага ўрэгулявання, якое захавае Украіну адзінай і незалежнай. Гэта, безумоўна, патрабуе ад Злучаных Штатаў, іх еўрапейскіх саюзнікаў і рускіх арганізаваць перамовы паміж украінскім урадам і прадстаўнікамі ўсходняга рэгіёну для стварэння федэратыўнага або дэцэнтралізаванага дзяржаўнага аб’яднання», — мяркуе «Waсhinton Post».

Гісторыя з малаазійскім самалётам стала падзеяй, якая мяняе ў заходняй свядомасці канцэптуальнае разуменне канфлікту. Як піша «The Wall Street Journal»: «Да крушэння амаль увесь свет намагаўся заплюшчыць вочы на расійскія злачынствы і хлусню на Украіне. Крушэнне MH-17 і яго наступствы даюць палітычным лідарам у Еўропе і ЗША шанец распавесці сваім народам пра тое, якім рэжымам кіруе Пуцін, і растлумачыць, што варта зрабіць, каб стрымаць яго, пакуль ён не пачне пагражаць большай колькасці людзей».