Лінкявічус глядзіць на Беларусь праз глабальныя праблемы

Міністар замежных спраў Літвы Лінас Лінкявічус, які знаходзіцца з рабочым візітам у Беларусі, сваю сённяшнюю сустрэчу з прадстаўнікамі апазіцыі, праваабаронцамі, роднымі палітвязняў пачаў з рэгіянальнага кантэксту — падзеяў не толькі ў Беларусі і Літве, але і ва Украіне і Расіі.



linas_linkjavichus.jpg

Пра гэта Свабодзе апавёў удзельнік размовы, кіраўнік Беларускага Хельсінскага камітэту Алег Гулак:
«Мне падаўся вельмі важным той кантэкст, што Беларусь — гэта не толькі самастойная краіна, але і частка вялікіх глабальных праблемаў.
Таму было шмат гаворкі пра падзеі ва Украіне, пра ролю ў іх Расіі, пра тое, як яны могуць паўплываць на Беларусь, якія высновы трэба зрабіць з усяго гэтага беларусам. Адзначалася, што беларускі ўрад актывізаваў сваю знешнюю палітыку.
Аднак, на жаль, мы не бачым сур’ёзных зменаў унутры Беларусі, казалі ўдзельнікі сустрэчы, у тым ліку і я. Вядома, ёсць і станоўчыя моманты, як вызваленне Алеся Бяляцкага. Але сістэма, па вялікім рахунку, застаецца гэткай самай, якой яна і была. Кожная праява актыўнасці апазіцыйнымі сіламі знаходзіць, скажам так, сваю рэпрэсію.
І яшчэ я звярнуў увагу на словы літоўскага міністра пра тое, што ўсе апошнія глабальныя падзеі, тым не менш, не прывядуць да адыходу Еўрасаюзу ад прынцыповых пазіцыяў. Па-ранейшаму ў Бруселі лічаць важным дамагацца дэмакратычных зменаў, забеспячэння правоў чалавека, вызвалення палітзняволеных. Але для гэтага патрэбны дыялог і паступовае развіццё».
svaboda.org