«Расіяне жывуць у альтэрнатыўнай рэчаіснасці»

Расія не жыве ў той самай рэчаіснасці, у якой жывуць іншыя грамадствы. Да такой высновы прыходзіць амерыканскі журналіст Марк Адаманіс, які спецыялізуецца ў расійскіх эканамічных і дэмаграфічных пытаннях.



rasianin.jpg

«Я нядаўна пераехаў у Маскву, дзе цяжка не заўважыць, да якой ступені расійскае грамадства апынулася ў альтэрнатыўным сусвеце. Нават высокаадукаваныя, рафінаваныя людзі, якія шмат падарожнічалі па Еўропе і Паўночнай Амерыцы, часта выказваюць меркаванні, якія, у амерыканскім кантэксце, характэрныя тым асобам, хто носіць шапачку з фальгі, каб абараніць сябе ад паражэння сакрэтнай псіхічнай зброяй», — піша Марк Адаманіс у The Washington Post.

Пра расійскую рэакцыю на збіванне малайзійскага авіялайнера MH17 журналіст адзначае наступнае: «Расійскія СМІ поўняцца тэорыямі змовы: MH17 быў збіты НАТО, каб выклікаць канфлікт з Расіяй; у MH17 былі не жывыя пасажыры, але трупы тыднёвай даўнасці; MH17 быў збіты таму, што яго памылкова прынялі за асабісты рэактыўны самалёт Уладзіміра Пуціна (як быццам зенітныя ракеты былі нацэленыя не радарам, а кімсці з сапраўды вялікім біноклем). Адзіная тэорыя, якая ва ўсім гэтым адсутнічае, гэта: прарасійскія сепаратысты выпадкова збілі цывільны авіялайнер, прыняўшы яго за ўкраінскі вайскова-транспартны самалёт».
Расіяне, заўважае аўтар, падтрымліваюць і памнажаюць свае ўласныя тэорыі наконт шмат якіх іншых падзеяў міжнароднай значнасці:
«Расійскія меркаванні пра любое іншае пытанне, якое толькі можа прыйсці вам у галаву, радыкальна адрозніваюцца ад кансэнсусу, які існуе наконт іх у Амерыцы... Яны маюць розныя погляды на тэрарыстычныя атакі 11 верасня 2001 году — шакуе вялікая колькасць расіянаў, якія падтрымліваюць „альтэрнатыўныя“ вытлумачэнні аднаго з найбольш старанна даследаваных і дакументаваных тэрактаў у гісторыі. Нават нешта такое, здавалася б, простае і непалітычнае, як удар метэарыта, спарадзіў шэраг мудрагелістых тэорый і псеўданавуковых „вытлумачэнняў“, як, прыкладам, пачатак іншапланетнага ўварвання або тэставанне новай амерыканскай супер-зброі. Гэтыя вар’яцкія ідэі („прышэльцы атакуюць Сібір!“, „масоны адказваюць за атакі 9/11!“) былі б даволі пацешнымі, калі б у іх не выяўляўся такі трагічны дэфіцыт розуму».
Марк Адаманіс заключае:
«Як і многія амерыканцы, я раней лічыў, што гэтыя адрозненні знікнуць з часам, і што пасля таго, як яны пападарожнічаюць па свеце, папрацуюць і разбагацеюць, расіяне нарэшце пачнуць думаць усё больш і больш падобным з намі чынам. Пасля выбуху ўкраінскага канфлікту і крушэння малайзійскага авіялайнера я значна менш аптымістычны наконт гэтага. Нягледзячы на адпрэчанне камунізму з яго заклікам да сусветнай рэвалюцыі, Расія, падобна, становіцца ўсё больш, а не менш адрознай ад Злучаных Штатаў. Яна не толькі мае сваю ўласную сістэму думання — яна цяпер мае свае ўласныя факты».

svaboda.org