The Washington Post: Для выратавання Украіны можа стаць занадта позна, калі Захад не пачне дзейнічаць зараз

Уладзімір Пуцін і яго атачэнне адказалі на заклапочанасць Захаду з-за збітага на Данбасе Boeing 777 узмацненнем агрэсіі супраць Украіны.



putin_eats_ukraine.jpg

Пра гэта сёння піша The Washington Post у рэдакцыйным артыкуле.

Газета заўважае, згодна з заявамі Вашынгтона, Крэмль і далей працягвае перадаваць прарасійскім тэрарыстам на Данбасе танкі, артылерыйскія комплексы і сродкі СПА. А Кіеў абвінавачвае Маскву ў тым, што расійскія вайскоўцы абстрэльваюць Украіну са сваёй тэрыторыі. «Расійскі прэзідэнт не здзіўлены адказам Захаду на забойства 298 нявінных людзей, а яго асяроддзе працягвае рабіць спробы схаваць сваё злачынства. А чаму ён павінен быць здзіўлены? Прэзідэнт Абама пасля заявы, што «Расія заплаціць за свае ўчынкі» адправіўся збіраць ахвяраванні на Заходнім узбярэжжы. Пасланне спадару Пуціну было пра тое, што прэзідэнт ЗША аддае перавагу палітычнай актыўнасці і збору чэкаў ад донараў замест вырашэння крызісу», — гаворыцца ў артыкуле. 
У Брусэлі лідэры краін-членаў ЕС сабраліся абмеркаваць магчымыя жорсткія санкцыі супраць Расіі, якія павінны ўдарыць па банкаўскай, энергетычнай і ваеннай сферах. Але рашэнне будзе прынята канчаткова толькі на наступным тыдні. І нават тады Маскве дадуць час, каб выканаць ультыматум: спыніць забяспечваць тэрарыстаў ва Украіне. «Папярэдні дэдлайн прайшоў і не ўвянчаўся сур'ёзнымі дзеяннямі з боку ЕС», — нагадвае газета.
Выданне таксама называе «неверагоднай» пазіцыю Еўрасаюза, згодна з якой Кіеў павінен спыніць ваенныя дзеянні супраць  тэрарыстаў і пачаць абмяркоўваць з імі будучыню Украіны. 
«На шчасце, новы прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка не збіраецца паддавацца такой стратэгіі прымірэння. Замест гэтага ён заклікае ЗША і НАТА аказаць ваенную дапамогу і хоць бы ўвесці істотныя санкцыі», — гаворыцца ў артыкуле. 
Газета адзначае, што «слабасць» Абамы падрывае яго аўтарытэт і ўнутры Дэмакратычнай партыі ЗША. Толькі ў аўторак трое высокапастаўленых сенатараў-дэмакратаў звярнуліся да прэзідэнта з заклікам увесці сектаральныя санкцыі супраць Расіі і прызнаць так званыя ДНР і ЛНР тэрарыстычнымі арганізацыямі. 
«Абама ўжо страціў магчымасць хутка спыніць Пуціна. Калі ён не пачне дзейнічаць у бліжэйшы час, можа стаць занадта позна для выратавання Украіны», — піша выданне.

ТСН