«Мы ўсе цяпер лісы»

Сенсацыйная перамога правінцыйнага клуба «Лестэр Сіці» ў англійскай прэм’ер-лізе, на думку СМІ, будзе мець глабальныя палітычныя, культуралагічныя і нават эканамічныя эфекты.

Фота www.alearningaday.com

Фота www.alearningaday.com


Паводле спартовай статыстыкі, такая гісторыя пра футбольную Папялушку трапляецца раз на 30–40 гадоў. Апошні раз такое здзейсніў у далёкім 1978-м заштатны «Нотынгем Форэст». Рымейк прымусіў сябе чакаць аж 38 гадоў, пакуль на мінулым тыдні клуб з Лестэра не выйграў галоўны англійскі футбольны трафей. Нягледзячы на тое, што «Лестэр Сіці» прыкладна з пачатку года ўтрымліваў лідарства ў табліцы, шмат хто дасюль не можа прыйсці ў сябе.
І гэту публіку можна зразумець. Цяжка ўцяміць, што пераможцам самай заможнай лігі ў свеце стаў клуб, дзе гульцы яшчэ пару гадоў таму сумяшчалі працу на заводзе з футболам, а паміж гульнямі і трэніроўкамі сядзелі ў пабах.

Пра ўчарашняе стаўленне да «Лестэр Сіці» лепш за ўсё сведчаць леташнія каціроўкі букмекераў. Перад сезонам букмекерскія канторы прымалі стаўкі на перамогу клуба з каэфіцыентам 1 да 5000.


З такім жа поспехам, як смяецца прэса, можна паставіць на тое, што вядомая мадэль Кім Кардаш’ян стане прэзідэнтам ЗША. Футбольныя эксперты тады сыходзіліся на думцы, што галоўнай задачай каманды ў сезоне 2015–2016 будзе захаванне месца ў прэм’ер-лізе, а некаторыя ўвогуле прарочылі камандзе вылет з вышэйшага дывізіёну.
Асобнае месца ў байцы пра «Лестэр» займае галоўны трэнер Клаўдзіа Ран’ера, на кар’еры якога даўно паставілі крыж. Нават трэнерам ён стаў дзякуючы выпадку: напярэдадні старту сезона некалькі гульцоў і сын экс-трэнера сталі фігурантамі сексуальнага скандалу. Каб адмыцца, кіраўніцтва клубу пачало тэрмінова шукаць замену трэнеру. Выбар спыніўся на нікому не патрэбным Ран’еры.
Так ці інакш, «Лестэр Сіці» перамог, выклікаўшы фурор у СМІ. Практычна ўсё каментатары называюць чэмпіёнства «лісоў» (мянушка клуба) велізарнай рэкламай духу і філасофіі спорту.


«Мы ўсе цяпер лісы», — піша вядомы брытанскі пісьменнік Джуліян Барнс у эсэ, прысвечаным вынікам чэмпіянату.


«Прычына не ў тым, што ў «Лестэр Сіці» на старце, падавалася, няма ніводнага шанцу. (…) На полі клуб не гуляў, а дэманстраваў асобны этас. Бескарыслівасць, працавітасць, рамантызм, прынцып «усе за аднаго і адзін за ўсіх», гатоўнасць змагацца да апошняй хвіліны дададзенага часу: пурытанскія каштоўнасці апранутыя ў сінія клубныя футболкі», — тлумачыць свой тэзіс літаратар.
Спрабуюць шукаць у спартовых падзеях і палітычную метафізіку. Левая прэса адзінагалосна пабачыла ў перамозе клубу з Лэстэра фіяска буйнога капіталу. «Праца перамагла капітал!» — так пракаментавала нямецкае выданне «Junge Welt» вынікі чэмпіянату Англіі. На думку выдання, поспех «Лестэр Сіці» — гэта ўдар калектыву футбалістаў па алігархічным карпарацыям, якія стаяць за грандамі брытанскага футболу: «Чэлсі», «Арсенала» і г.д.
Звяртаецца ўвага і на тое, што поспех «Лестэр Сіці» — гэта, па-сутнасці, пераказ байкі пра Давіда і Галіяфа. Так, Джузэпе Бепе — лідар левай італьянскай партыі «Рух пяці зорак», заявіў: «Галоўны ўрок «Лестэра» — малым сілам можна перамагаць насуперак рэйтынгам і індэксам, маючы невялікія фінансавыя рэсурсы».
Пры ўсёй эйфарыі вакол гістарычнага прарыву «Лестэр Сіці» шмат хто баіцца, што навіны з Англіі будуць спрыяць дэградацыі футболу на перыферыі. Справа ў тым, што спонсарам «лісоў» выступае тайскі бізнесмен Вішай Шрываданапрабха. Дзякуючы поспеху «Лестэр Сіці» Вішай стаў сапраўдным нацыянальным героем. Ёсць пагроза, што іншыя алігархі з краін трэцяга свету, натхнёныя прыкладам тайскага калегі, кінуцца набываць англійскія клубы замест таго, каб інвеставаць у айчынны футбол.
А вось італьянская газета «Il Maniphesto» баіцца, што казка пра «Лестэр Сіці» прывядзе да хаосу на рынку каціровак і рэйтынгаў. «Камандзе Ран’еры ўдалося ўвайсці ў гісторыю, паколькі яна давяла, што ў кожнага ёсць роўныя шанцы ў барацьбе з камандамі арабскіх шэйхаў або расійскіх нафтавых алігархаў. У гэтым плане «лісы» пахавалі прэстыж рэйтынгавых агенцтваў, сталі сімвалам дынамічнасці фінансаў і канкурэнтаздольнасці ва ўмовах глабалізацыі», — піша "Il Maniphesto". Гэта, зазначае выданне, можа справакаваць інтарэс да «мёртвых» аблігацый і выбух біржавых спекуляцый.

Яшчэ адным следствам трыумфу «лісоў» могуць стаць нерэалістычныя ілюзіі ў галовах нейкіх палітыкаў наконт свайго патэнцыялу: маўляў, чаму «Лестэр Сіці» можа, а я не?


 Тым больш, што сітуацыя ў палітыцы вельмі нагадвае сітуацыю ў англійскім футболе. Як адзначае ўплывовае аналітычнае выданне «Huffington Post», «поспех Дональда Трампа вельмі нагадвае пераможны шлях «Лестэра». (…) Як і «Лестэр Сіці», ён (Трамп) кінуў выклік, хаця ўсё было за тое, што ён павінен адысці ўбок. Гэта шакавала і паслабіла яго праціўнікаў».
Ахвярамі ілюзіі пра здольнасць паўтарыць подзвіг «Лестэр Сіці» могуць стаць не толькі дэмакратычныя палітыкі. На думку амерыканскага выдання «Vote», сярод такіх неадэкватаў можа быць і Кім Чэн Ын, дыктатар Паўночнай Карэі, які любіць гуляцца ў атамны шантаж.
Пакуль каментатары сварацца, усе чакаюць працягу казкі пра футбольную Папялушку з Лестэра. Ужо згаданы вышэй «Нотынгем Форэст» пасля перамогі ў чэмпіянаце Англіі два разы запар быў уладальнікам Кубку еўрапейскіх чэмпіёнаў. Ці здольныя «лісы» на нешта падобнае? Ран’еры ўжо заклікаў грамадскасць быць гатовымі да новых хуткіх сюрпрызаў ад яго падначаленых.