Забег «бізонаў» у Лагойску (фота)
Аматары экстрыму сабраліся 7–8 мая ў спартыўным комплексу «Лагойск» на 5-ы "Bison Race".
Прыняць удзел у
забегу, каб выпрабаваць свае фізічныя магчымасці ды сілу волі, перажыць
незабыўныя эмоцыі, могуць як прафесіяналы, так і ўсе ахвочыя. Калі здароўе
дазваляе, канешне.
Разнастайныя цікавыя перашкоды кшталту поўзання пад калючым дротам у брудзе і вадзе, удары электрычным токам, скокі праз вогнішча і бар'еры — усё гэта робіць з забегу сапраўдную прыгоду, а яркія карнавальныя строі ўдзельнікаў "Bison Race" ператвараюць дзею ў яскравае відовішча з мноствам цікавых момантаў і кур'ёзаў.
У гэтым годзе ўдзельнікаў забегу чакала некалькі навінак ад арганізатараў: напрыклад, больш экстрэмальны начны забег з налобнымі ліхтарыкамі, магчымасць не толькі трэніравацца на тэрыторыі спарткомплексу, але і адпачыць у намётах на працягу двух дзён.
Дарэчы, прафесіянальныя спартоўцы праз перамогу ў “Bison Race” могуць прыняць удзел у міжнародных спаборніцтвах. Аматары ж атрымаюць пачуццё задавальнення ад пераадолення перашкод і ўласных слабасцяў, правераць на трываласць свае ўзаемаадносіны з сябрамі, калегамі, каханымі і роднымі.
Адным словам, у "Bison Race" урэшце атрымалася зрабіць экстрэмальны спорт сапраўды модным не толькі сярод беларускіх прафесійных спартоўцаў, але і звычайных беларусаў.