«На прыцэле Лукашэнкі». Дзясяткі польскіх журналістаў напісалі кнігу пра калег у Беларусі
Амаль 30 польскіх журналістаў напісалі кнігу пра беларускіх калег. У выданне ўвайшлі гісторыі двух дзясяткаў журналістаў з розных СМІ ў Беларусі. Даход ад продажу кнігі прызначаць на падтрымку рэпрэсаваных.
Ініцыятарам кнігі з'яўляецца польская рэпарцёрка, якая неаднаразова працавала і ў Беларусі, Арлета Бойкэ. Ад ідэі кнігі да яе выдання мінуў рэкордна кароткі час. Пасля таго, як улады Беларусі прымусова пасадзілі самалёт з Раманам Пратасевічам, Бойкэ напісала ў сацсетках заклік да калег напісаць разам кнігу пра беларускіх журналістаў. Адгукнуліся дзясяткі людзей з самых розных СМІ — ад «правых» да «левых», якія звычайна паміж сабою не супрацоўнічаюць.
Кніга «Партызаны. Журналісты на прыцэле Лукашэнкі» — гэта зборнік з 20 рэпартажаў. На больш як 300 старонках расказаныя гісторыі Рамана Пратасевіча і Сцяпана Пуцілы, Кацярыны Андрэевай і Дар’і Чульцовай, Юліі Слуцкай, Анджэя Пачобута, супрацоўнікаў Tut.by, «Нашай Нівы», агенцтва «БелаПАН» і іншых.
«Свабода» пагутарыла з аўтарамі кнігі Арлетай Бойкэ і Міхалам Патоцкім.
Міхал Патоцкі: «Такіх гісторый магло быць значна больш, бо толькі цяпер за кратамі сядзіць больш людзей, чым партрэтаў у кнізе. Мы стараліся зрабіць кнігу вельмі рэпрэзентатыўнай. Каб гэта былі розныя СМІ: традыцыйныя газеты, інтэрнэт, тэлебачанне, тэлеграм-каналы. Для нас важна было даць чытачу гістарычны кантэкст. Мы патлумачылі, што тое, што адбываецца ў Беларусі, не пачалося 9 жніўня 2020 года, што гэта працэс, які працягваўся дзясяткі гадоў. Там ёсць партрэты і Паўла Шарамета, Паўла Мажэйкі, Іосіфа Сярэдзіча. Мы пісалі не проста партрэты людзей. Дзякуючы ім мы паказвалі беларускую рэчаіснасць».
Арлета Бойкэ расказвае, што праца беларускіх журналістаў захапляе яе ўжо больш за 10 гадоў, з тых часоў, калі яна пачала ездзіць рэпарцёркай у Беларусь.
Арлета Бойкэ: «Мяне заўсёды захапляла, як яны дбалі пра сваю бяспеку, як яны працавалі, як абаранялі свае матэрыялы ад сілавікоў. Гэта мне нагадвала журналісцкую партызанку. І я тады заўсёды цаніла тыя ўмовы, у якіх я сама працую. Сёння беларускія журналісты знаходзяцца ў бядзе, а іх праца надзвычай важная. Апрача салідарнасці, гэта таксама і наш уласны інтарэс. Мы цяпер не можам паехаць у Беларусь, а вельмі важна ведаць, што там адбываецца. І мы хочам таксама падзякаваць людзям, якія моцна рызыкуюць».
Пра ўмовы, у якіх працуюць беларускія журналісты, многія аўтары кнігі ведаюць з уласнага досведу. Сустрэцца з беларускай рэчаіснасцю ім не раз даводзілася падчас службовых выпраў. А на адной з прэс-канфэрэнцый Лукашэнка нават крычаў у адказ на пытанне Бойкэ.
Арлета Бойкэ: «Калі я прыязджала ў Гродна, то заўсёды атрымлівала той самы нумар у тым самым гатэлі, бо нібыта ў іншых не было месцаў. Мы дакладна ведалі, што за намі хтосьці ездзіў, зрэшты, яны нават гэтага і не хавалі. Калі мы спрабавалі запісваць рэпартажы недзе ў правінцыі (я кажу "спрабавалі", бо гэта не заўсёды ўдавалася), то на палітычныя тэмы людзі з намі не хацелі гутарыць. Так было яшчэ ў 2011 годзе. Яны баяліся. І як толькі мы там з'яўляліся з камерамі, то з'яўлялася і мясцовая ўлада. Пыталіся, чаму мы спачатку не прыехалі да іх, каб прадставіцца, чаму мы не папрасілі ў іх дапамогі. Аднойчы ў Гродне затрымалі майго аператара і я пяць гадзін не магла яго знайсці. Калісьці мы запісвалі на камеру беларуса, якія размаўляў, хаваючы твар. А пазней ён патэлефанаваў і папрасіў не паказваць яго выказванне нават без твару. Гэта моцна ўплывае на тваё пачуццё бяспекі. Я лічыла, што найгоршае, што можа са мною адбыцца, — гэта дэпартацыя. Але журналісты, якія маюць беларускае грамадзянства, такога шчасця не маюць».
Міхал Патоцкі кажа, што падчас паездак у Беларусь заўсёды разумеў, што хтосьці можа яго бачыць і чуць. Наведваць Беларусь у прафесійных мэтах ён пачаў у 2008 годзе. Але свае рызыкі ён называе мінімальнымі — у параўнанні з тым, што магло стацца нават са звычайнымі суразмоўцамі яго матэрыялаў. Паводле Патоцкага, гэта павялічвае пачуццё адказнасці за героя, за пытанні і нават месца сустрэчы.
Міхал Патоцкі: «Гэтая кніга паказвае важнасць свабоды слова. Калі яна ёсць, то людзі яе не вельмі цэняць, як у выпадку са здароўем. У гістарычных раздзелах гэтая кніга паказвае, як лёгка можна свабоду слова страціць і што з намі тады адбываецца. Гэта ж праяўляецца не толькі ў тым, што вы не можаце купіць любімую газету. Гэта мае палітычныя і грамадскія наступствы».
Але, як лічыць Арлета Бойкэ, кніга «Партызаны. Журналісты на прыцэле Лукашэнкі» паказвае, што пераслед журналістаў і СМІ ніколі не можа быць эфектыўным на 100%.
Арлета Бойкэ: «Калі рэпрэсавалі "Народную Волю", то рэдакцыя рассылала асобнікі чытачам у звычайных канвертах. Тое, што адбывалася летась пасля выбараў, паказала, што беларусы вельмі крэатыўны народ. Цяпер Лукашэнка спрабуе перашкодзіць людзям атрымліваць інфармацыю праз Telegram. Але нават калі яму гэта і ўдасца, то на гэтым месцы з'явіцца нешта новае. Жаданне ў людзей даведацца, што адбываецца, цяпер нашмат мацнейшае».
Чым меншымі будуць магчымасці працы журналістаў на месцы, тым больш загадкавымі і таямнічымі будуць працэсы ў краіне, лічыць Патоцкі. Іх складаней будзе аналізаваць і рабіць высновы. Тым не менш ён перакананы, што працаваць з-за мяжы, што робяць цяпер многія рэдакцыі, таксама можна эфектыўна.
Міхал Патоцкі: «Мы і самі працуем так у міжнародных аддзелах сваіх рэдакцый. Гэта складаней, але ўсё магчыма. Нават у Туркменістане ёсць СМІ, якія працуюць з-за мяжы, у іх на месцы свае інфарматары, і можна даведацца, што адбываецца ў краіне. Але часта гэта няпоўная інфармацыя».
Арлета Бойкэ перакананая, што, нягледзячы на рэпрэсіі, журналісты застануцца і ў Беларусі. Зменяцца іх правілы бяспекі, яны сыдуць у журналісцкае падполле, перастануць падпісвацца сваімі імёнамі, каб іх немагчыма было выявіць. Зрэшты, і ў дэмакратычных краінах, дадае рэпарцёрка, у журналістаў усё менш магчымасці працаваць непасрэдна «ў полі», бо ўсё часцей рэдакцыі ашчаджаюць сродкі. Таму журналісты ўсё часцей карыстаюцца новымі тэхналогіямі.
Арлета Бойкэ: «Але з маёй перспектывы рэпарцёркі, якая любіла ездзіць у розныя краіны, гэта заўсёды інакш, чым праз скайп, нават няхай і праз відэасувязь. Усё ж такі сутнасцю журналісцкай працы ёсць праца менавіта ў тым месцы, якое вы апісваеце. А калі журналіста пазбаўляюць такога права, то інфармацыя будзе нашмат больш убогай».
На думку рэпарцёркі, ад палітыкі рэпрэсій супраць СМІ моцна пацерпіць і сама ўлада, бо Беларусь у выніку стане непрадказальнай і больш страшнай як для саміх беларусаў, так і для людзей у замежжы.
Арлета Бойкэ: «За свае сённяшнія праблемы Лукашэнка шмат у чым "удзячны" каронавірусу. Калі ён пачаўся, то афіцыйныя СМІ ў Беларусі хавалі праўдзівую інфармацыю. Пачаліся чуткі пра колькасць смярцей, людзі пашыралі плёткі. А калі б гэтая інфармацыя была даступная ад пачатку, то ўсё было б спакойна. Тое ж можа адбыцца і цяпер. Калі ўлады абмяжуюць беларусам доступ да праўдзівай інфармацыі, якой яны давяраюць, то будзе больш легенд наконт таго, што адбываецца ў краіне. Нічым добрым гэта не скончыцца».
Уся каманда, якая працавала над кнігай, рабіла гэта бясплатна. Выдаткі на выданне арганізатары падзялілі паміж сабою з выдавецтвам, якое адмовілася ад прыбытку. Але аўтары кнігі заклікаюць падтрымаць збор сродкаў для беларускіх журналістаў і СМІ. Зрабіць гэта можна па адрасе www.pomagam.pl/partyzanci.
Гутарыў Дзмітры Гурневіч.