Польшча ўводзіць надзвычайнае становішча на мяжы з Беларуссю
Адпаведнае распараджэнне было падпісана прэзідэнтам Польшчы ў чацвер, паведаміў на брыфінгу прэс-сакратар польскага лідара Блажэй Спыхальскі.
«Толькі што прэзідэнт прыняў рашэнне выдаць распараджэнне аб увядзенні надзвычайнага становішча», — сказаў ён.
Надзвычайнае становішча праз сітуацыю з нелегаламі ўводзіцца
на ўчастку польска-беларускай мяжы на адлегласці 3 км ад яе. Гэтае рашэнне
закране 115 населеных пунктаў у Падляскім ваяводстве і 68 — у Люблінскім.
У прыватнасці, яно азначае забарону правядзення масавых і
забаўляльных мерапрыемстваў, узмоцненыя дзяжурствы паліцыі, кантроль
дакументаў.
Распараджэнне ўступае ў сілу неадкладна пасля публікацыі ў
«Афіцыйным весніку» і будзе дзейнічаць на працягу 30 дзён.
У гэтыя населеныя пункты не могуць уехаць людзі, якія ў іх не пражываюць — гэтая забарона датычыць і журналістаў. Тым, хто парушыць забарону ўезду, пагражае штраф або арышт у залежнасці ад судовага рашэння.
Паводле «Нашай Нівы».