NASA кажа, што знайшло «яшчэ адну Зямлю»
NASA анансавала адкрыццё незвычайнай экзапланеты.
«Першая экзапланета на арбіце іншай зоркі, падобнай да нашага Сонца, была знойдзеная ў 1995 годзе. Экзапланеты, асабліва невялікія, падобныя да Зямлі, належалі свету навуковай фантастыкі ўсяго 21 год таму. Сёння, пасля тысяч адкрыццяў, астраномы на парозе адкрыцця нечага, пра што людзі марылі цягам тысяч год — яшчэ адной Зямлі», — казалі ў анонсе канферэнцыі.
«Сёння мы прадстаўляем адкрыццё экзапланеты, якую, як мы разумеем, можна назваць дастаткова блізкім родзічам Зямлі. Самым блізкім за ўвесь час. Зямля 2.0», — сказаў Джон Грансфельд, адміністатар дырэктарата місій NASA ў Вашынгтоне.
Планета мае назву Кеплер 452B. Яна знаходзіцца ў 1400 светлавых гадах ад нас у сузор’і Лебедзь.
Як распавёў Джон Джэнкінс, галоўны аналітык каманды «Кеплера» даследчага цэнтру Эймса, планета на прымальнай дыстанцыі ад сваёй зоркі (атрымлівае на 10% больш энергіі ад сваёй зоркі, чым наша Зямля), яна на 60% большая за Зямлю, у два разы больш масіўная. Яе арбіта падобная да арбіты Зямлі (нават працягласць года блізкая да зямной, 380 дзён), а яе сістэма падобная да нашай Сонечнай сістэмы.
Планета хутчэй за ўсё камяністая, паводле аналізу геолагаў, на яе паверхні могуць быць актыўныя вулканы.
«Зямлі 2.0» 6 мільярдаў год (нашай «Зямлі 1.0» 4,5 млрд). З іх мільярды год яна правяла ў «жылой зоне», што значыць, што на ёй магло ўзнікнуць арганічнае жыццё.
Гэта першая знойдзеная чалавецтвам планета з настолькі высокай імавернасцю зараджэння арганічнага жыцця.